Яна нарадзілася 8 лістапада. Бацькі ж запісалі на сёмае. Нават імя хацелі даць Акцябрына, у гонар рэвалюцыі. Але стала яна Аленай.Рэцэпт даўгалецця ад 95-гадовай Алены Грынько з Грабава – праца і прадукты са свайго падворку Рэцэпт даўгалецця ад 95-гадовай Алены Грынько з Грабава – праца і прадукты са свайго падворку

Свой 95-гадовы юбілей Алена Грынько з Грабава адсвяткавала разам з унукамі і праўнукамі. У яе ўтульную хату яны прыяз-джаюць штогод з Мінска і Цюмені, не шкадуючы для гэтага часу і сродкаў. Бо тут іх любімая бабуля, тут праходзілі канікулы шчаслівага дзяцінства.
Геаграфія прадоўжанага ёю роду – ад Калінінграда да Сібіры. Чацвёра дзяцей сталі годнымі сваіх бацькоў, выхаваўшы такімі ж 6 унукаў і 4 праўнукі. Дачка Валя і сын Саша апошнія некалькі гадоў па чарзе жывуць тут, у Грабаве, даюць магчымасць быць маці там, дзе ёй добра – у сваёй хаце.
Алена была другім з васьмі дзяцей у вялікай сям’і Найдзенаў. Толькі восем класаў паспела яна закончыць, як пачалася вайна і закрыла здольнай вучаніцы дарогу да навукі.
Голад, аблавы, тыдні ў сцюдзёнай балотнай вадзе, знішчэнне вёскі карнікамі – адна гісторыя амаль для ўсяго беларускага народа. Бацька загінуў у 1942 годзе на Курскай дузе. Старэйшы брат пайшоў у партызаны. Маці Алены Канстанцінаўны разам з дачкой і меншымі дзецьмі дапамагалі абаронцам чым маглі: пяклі хлеб, шукалі і жалі пакінутыя і патоптаныя жытнёвыя палі, разбівалі шпалы чыгункі Старушкі-Бабруйск, што пралягала абапал вёскі, па ёй ішлі эшалоны з нашымі палоннымі. Алена Канстанцінаўна палічыла, што сем разоў глядзела прама ў вочы смерці: трапляла ў аблавы, нарывалася на патрулі. Але лёс ёй быў – жыць, як і ўсім яе братам і сёстрам. Выжылі і пасля вайны, калі смерці дзяцей з голаду былі не рэдкімі. Ад хвароб ратавалі журавіны, ад галоднай смерці – жыта, што зараблялі ў Заходняй Беларусі.
У 1949 годзе ў яе з’явілася свая сям’я. Міхаіл Грынько да вайны паспеў закончыць педагагічны інстытут і папрацаваць дырэктарам школы ў Барычаве і Грабаве. Дэмабілізаваны з дзеючай арміі пасля Перамогі, кавалер дзвух Ордэнаў Айчыннай вайны, адмовіў прапанову ўзначаліць аддзел міліцыі ў Петрыкаве. Пасля некалькіх гадоў працы ў капцэвіцкіх лясніцтве і гароднінасушыльным заводзе вярнуўся ў Грабаў, стаў загадчыкам магазі-на. Жонка – прадаўцом.
Працы не цураліся. І ў калгас ішлі дапамагаць на сена ці на буракі. І па дзве каровы і трое свінняў трымалі, пакуль дзяцей трэба было гадаваць. Грыбнікі ўсе былі заўзятыя, таму па 60 кілаграмаў белых грыбоў прадаць у Маскве за зіму паспявалі.
У 1986 годзе Міхаіл Іванавіч трагічна загінуў. Яшчэ тры гады пасля гэтага Алена Канстанцінаўна працягвала працаваць у магазіне, хаця была пенсіянеркай.
Дом Грынькоў заўсёды быў упрыгожаннем вуліцы. Агульны парадак дапасоўвалі кветкі. Сядзіба патанала ў іх. Асабліва ў астрах, якія Алена Канстанцінаўна высявала сотнямі. Іх гатункамі цікавілася і заказвала дочкам, каб прывезлі.
Унукі і сёння наперабой узгадваюць тыя стравы, якія чакалі іх раніцай на стале ў бабулінай сталовай ці ў печы, пакуль Алена Канстанцінаўна была на працы, у полі ці ў лесе.
– Бабуля наша памятае ўвесь свой радавод да чацвёртага калена, – дапамагае гаспадыні расказваць пра сябе яе ўнучка, прычым, поўная цёзка бабулі. – Запісалі ўсё гэта для сябе. Такі скарб згубіць нельга. Нам заўсёды было з бабуляй цікава: і ў дзяцінстве, і цяпер. Яна асаблівая, нібы і не вясковая жанчына. У хаце ўсюды карункавыя вазы. Адзенне сабе шыла па спецыяльна выпісаных часопісах са схемамі. І цяпер раніцай – кубачак кавы, два чаяпіцці на працягу дня. Нават хусцінкі любіць толькі пэўнага ўзору – “турэцкага”. Усё ў яе павінна быць ідэальна. Тры гады таму сама дазванілася да фірмы, якая робіць нацяжныя столі. Мы прыехалі, а ў бабулі абноўка. Кожны год нешта патрабуе мяняць: то грубку перакласці, то шпалеры пераклеіць. Усё паміраць збіраецца, ды няма калі. Цяпер вось адкладае, кажа, што спачатку сходзіць на Прэзідэнцкія выбары, а там будзе відаць.
Пачуццё гумару Алену Канстанцінаўну не пакідае. Спыталі ў яе рэцэпт даўгалецця.
– Усё жыццё хварэю, – з гарэзлівай усмешкай кажа гаспадыня. – Рэцэпт такі. Дрэннага нельга рабіць ні сабе, ні іншым. Працаваць трэба з задавальненнем. А харчавацца – толькі са свайго падворку. За дзень выпіваю два літры вады, раніцай – абавязкова шклянка гарачай. Пачынаць дзень трэба з рысавай пустой кашы. Штодзень з’ядайце жменьку грэцкіх арэхаў. І абавязкова – першыя стравы. Каўбаса? Толькі на Каляды ды Паску, і свая, дамашняя.
У кулінарыі Алене Канстанцінаўне таксама не было роўных, так лічаць яе ўнучкі. Узгадваюць маладыя жанчыны, як трапілі неяк у турыстычны комплекс “Дудуткі” пад Мінскам. Там частавалі найрэдкай стравай – кіслымі блінамі па асаблівым рэцэпце жыхароў вёскі Сялюцічы, што на Палессі. Які ж ён рэдкі, калі ім выпала ўсё дзяцінства есці тыя бліны замест хлеба. Але з гонарам у “Дудутках” расказалі, што гэта рэцэпт іх бабулі. Каша з гарбузом, суп малочны з дамашняй крухмальнай локшынай, пірагі з яблыкамі, найтанчэйшыя ў свеце наліснікі, кіслая капуста пліткамі – усё гэта яны спрабавалі толькі ў бабулі. Гэта непаўторны смак іх дзяцінства, а для яе – рэцэпт даўгалецця.
***
Напярэдадні дня народзінаў Алену Грынько наведалі з віншаваннямі і падарункам старшыня і кіраўнік справамі Грабаўскага сельвыканкама Вольга Голас і Таццяна Маковік. А таксама працаўнікі мясцовага Дома культуры, якія падарылі найстарэйшай жыхарцы вёскі музычнае віншаванне.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў. Зычыць імянінніцы радасці, цеплыні і клопату, светлых думак і добрых навін. Так трымаць! Да сустрэчы на стагоддзі!

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о