Сапраўды, рэйкавы транспарт – моц! Шмат выпрабаванняў давялося перанесці чыгунцы ў Вялікую Айчынную вайну. Цяжка падлічыць аб’ём грузавых і пасажырскіх перавозак у пасляваенныя гады, калі зноў аднаўляліся гарады. Колькі мінула часу, а чыгунка і да сёння з’яўляецца адным з надзейных і запатрабаваных відаў транспарту.

Машыністы, маставікі, сувязісты, дыспетчары і шмат іншых прафесій дала чыгунка людзям.

Начальнік чыгуначнай станцыі Муляраўка Іван Ястрэмскі, білетны касір Валянціна Захарчэня і старшы білетны касір Аляксандра Сыцько
Начальнік чыгуначнай станцыі Муляраўка Іван Ястрэмскі, білетны касір Валянціна Захарчэня і старшы білетны касір Аляксандра Сыцько

Начальнік Муляраўскай чыгуначнай станцыі Іван Ястрэмскі адлічвае працоўны стаж тут больш трох дзясяткаў гадоў. Пад грук колаў адлічвала гады працы чыгунка Івану Іванавічу, і вось апошні прыпынак.

– Ужо год на заслужаным адпачынку, – распавядае суразмоўца. – Прызнаюся, што восенню мяне з жонкай чакае далёкая дарога: пакідаем радзіму і ляцім на пастаяннае месца жыхарства ў Амерыку. Там ужо пражывае наш старэйшы сын Уладзімір, які, дарэчы, таксама пачынаў свой працоўны шлях тут. Працуюць  пад маім кіраўніцтвам дзяжурным па станцыі другі сын Аляксандр і старшым камерцыйным агентам – дачка Вольга. Праўда, цяпер дачка ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Дарэчы, у мяне ўжо шасцёра ўнукаў.

Скажу, што чыгунка “выхавала” шмат працоўных дынастый. Вось, напрыклад, наш старшы білетны касір Аляксандра Сыцько можа пахваліцца, што на станцыі працуюць яе муж, сын, дачка, зяць, сваты. Толькі нявестка стала медыкам і не далучылася да дынастыі чыгуначнікаў. Сама Аляксандра Аляксандраўна з Адасей, вырасла працавітай і адказнай. Такая яна і ў рабоце. Пастаянныя зносіны з людзьмі патрабуюць ветлівага абыходжання. Нашы жанчыны з гэтым спраўляюцца.

Напарніца яе, білетны касір Валянціна Захарчэня прыехала сюды за мужам ажно з Брэста, так і засталася.

Толькі за ліпень наш пасажыраабарот вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў 5222 чалавекі. У выхадныя дні, калі пасажыраў шмат,  адкрываем дзве касы, каб не ствараць чэргі. Зараз білеты можна набыць і праз Інтэрнэт, што таксама палягчае работу касірам.

Хочацца ўзгадаць цёплым словам нашых ветэранаў чыгуначнай галіны – Ганну Мятлушку, Галіну Брунову, Лёдзю Семяніцкую.

Сёння наш калектыў значна “памаладзеў”. На станцыі заняты 25 чалавек. Сярэдні заработак невялікі – 400 рублёў, але людзі працуюць надзейныя.

Нашай станцыі, лічу, пашэнціла, што побач узводзіцца калійны камбінат. Уявіце сабе, што калі пачнецца вытворчасць, то за суткі мы будзем адпраўляць 120 (!) вагонаў грузаў. Вось цяпер падрадныя арганізацыі выконваюць рамонтныя работы па ўзмацненні чыгуначнага палатна: ідзе замена шпал з драўляных на жалезабетонныя.

А пакуль нашымі пастаяннымі кліентамі па грузаперавозках з’яўляюцца ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”, які адпраўляе да 300 вагонаў за месяц, Пінскі лясгас – да 80, “Белпрамэкасервіс” – да 84 вагонаў. Крыху менш здзяйсняюць грузаперавозак прадпрыемствы  “Беларусьгандлю” – 12-14 і цэх “Гомельдругмета” – 16-18 вагонаў. Выпадае, што не хапае рухомага саставу, але вырашаем гэтыя пытанні без прамаруджвання.

Шчыра віншую калег і ўсіх, хто заняты ў чыгуначнай галіне, з прафесійным святам! Здароўя, дабрабыту, спакою ў сем’ях і на працоўных месцах!

Рэдакцыя далучаецца да віншаванняў.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о