Рэальныя пакуты ад бяды без аблічча

0
410

Днямі мы сустрэліся з намеснікам пракурора Петрыкаўскага раёна Вадзімам Шыбутам, каб пагаварыць пра сітуацыю з нарказлачынствамі ў раёне і пачуць парады, як ухіліцца ад гэтага біча сучаснага грамадства.

Сітуацыя пад кантролем, але трэба быць уважлівым!

Як адзначыў Вадзім Валер’евіч, сітуацыя з нарказлачынствамі на Петрыкаўшчыне пад кантролем. За апошнія два гады было зарэгістравана два злачынствы, звязаныя са зваротам наркотыкаў. Разам з тым, гэтыя сціплыя лічбы могуць увесці чытача ў зман: у суседніх гарадах з большай колькасцю насельніцтва статыстыка не такая станоўчая. На гэты факт варта асабліва звярнуць увагу людзям, чые дзеці, пазбавіўшыся бацькоўскага нагляду, адправіліся на вучобу пасля заканчэння школы ці перабраліся ў вялікі горад для працаўладкавання. Гэта не пустыя засцярогі – за апошні дзясятак гадоў партрэт сярэднестатыстычнага нарказлачынцы значна амаладзіўся.

Вобраз чалавека, звязанага з наркотыкамі

Людзі больш сталага веку даволі выразна ўяўляюць чалавека, што ўжывае ці гандлюе наркотыкамі. Гэта грамадзянін сярэдняга ўзросту, як правіла адбыўшы тэрмін пазбаўлення волі, які не працуе і не мае сям’і. Гэты збіральны партрэт злачынцы сапраўды рэчаісны, але ў наш час поруч паўстае і яшчэ адзін вобраз – вобраз маладога чалавека, якога складана вылучыць па прыкметах.

Развіццё інфармацыйных тэхналогій дазволіла прыцягваць у наркаіндустрыю моладзь, пры чым, фактычна ананімна. Акрамя нарказалежных, буйныя гандляры наркотыкамі знаходзяць старонкі ў сацыяльных сетках і нумары тэлефонаў людзей ва ўзросце ад 17 да 27 гадоў у інтэрнэце. Злачынцы маральна “апрацоўваюць” моладзь, спакушаючы іх грашыма і запэўніваючы, што праваахоўнікі ніколі не зловяць будучага кур’ера, а ў адваротным выпадку пастаўшчыкі зробяць усё неабходнае, каб “выцягнуць свайго падапечнага” з-пад следства: наймуць лепшых адвакатаў, дадуць хабар каму трэба. Калі маладыя людзі даюць згоду “папрацаваць”, ім паведамляюць месца, дзе трэба забраць наркатычныя рэчывы і пункты, дзе “дозы” трэба прыхаваць. Пасля таго, як наркакур’ер робіць сваю справу і адчытваецца “гаспадару”, фотаздымкі і дакладныя апісанні “хованак” перадаюцца па сродках інтэрнэта спажыўцам, якія забіраюць наркотык, а “кур’ер” атрымлівае за “дастаўку” ўзнагароджанне на банкаўскую картку.

Такім чынам, наркадылер, маючы “працоўныя рукі”, захоўвае сваю ананімнасць і можа кіраваць механізмам распаўсюджвання дурманячых і згубных рэчываў нават з іншай краіны. Выканаўцы для яго – расходны матэрыял і, зразумела, калі наркакур’ер аказваецца ў полі зроку праваахоўнікаў, “гаспадар” адразу забывае пра яго.

Чаму моладзь трапляе ў сеткі наркаіндустрыі?

Некаторыя студэнты і маладыя спецыялісты ды і наўпрост людзі, што не маюць намеру працаваць, жадаюць хутка і лёгка паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Але гэта толькі адзін з аспектаў праблемы. Сярод маладых лю-дзей, што трапалі пад суд па “наркатычных” артыкулах былі і дзеці з даволі забяспечаных сем’яў. Яны тлумачылі свае ўчынкі не столькі патрэбай у грашовых сродках, колькі жаданнем адчуць азарт і супрацьпаставіць сябе грамадству.

Але і жаданне лёгкага заробку, і пачуццё адрэналіну не з’яўляюцца першакрыніцай, што падштурхнула да злачынства. Першапачатковыя прычыны хаваюцца значна глыбей. Далёка не ўсе бацькі займаюцца годным выхаваннем сваіх дзяцей, якое павінна выходзіць далёка за кантроль адзнак, атрыманых у школе.

Свой адбітак пакідае і кола стасункаў. Уздзейнічаць на светапогляд школьніка могуць недобранадзейныя, але аўтарытэтныя, больш дарослыя сябры, асабліва калі апошнія носяць залаты ланцуг на шыі, маюць апошнюю мадэль тэлефона, асабісты аўтамабіль і не лічаць грошай.

Не апошнюю ролю адыгрывае інфармацыйная прастора, у якой расце дзіця. Так, у 1990-я – 2000-я гады ў кінафільмах назіралася хіба не татальная рамантызацыя вобраза злачынцы. Такія стужкі, дзе рознага кшталту бандыты паўстаюць героямі, выходзяць на экраны і зараз. У некаторых заходніх краінах увогуле легалізаваны так званыя “лёгкія наркотыкі”, таму нярэдка можна пабачыць у мастацкіх фільмах нават папулярызацыю некаторых наркатычных сродкаў.

Паасобку, усё вышэйапісанае можа здавацца нязначным. Але разам гэтыя акалічнасці могуць падштурхнуць дзіця пераступіць рысу закона.

Што рабіць?

Нішто не абароніць чалавека ад шкоднага ўплыву лепей, чым звычайныя добразычлівыя сямейныя адносіны і належнае выхаванне. Бацькам трэба натуральным чынам прывіваць у дзіцяці любоў да агульначалавечых каштоўнасцяў: да жыцця, заканадаўства, асабістых свабод і свабод іншых людзей. “Ніякія грошы не каштуюць нават аднаго дня пазбаўлення волі, не адно багацце не вартае зламанага жыцця. Любы чалавек можа законным спосабам зарабіць грошы, забяспечыць дабрабыт, развівацца прафесійна, а злачынца рана ці позна трапіць пад следства – гэта трэба тлумачыць не толькі падрастаючаму пакаленню, але і маладым людзям, калі існуе такая неабходнасць. Менавіта дыялог паміж бацькамі і дзецьмі, пэўны кантроль і асвятленне пытання ў інфармацыйнай прасторы будзе даваць свой плён”, – адзначыў Вадзім Шыбут.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о