22 верасня – Сусветны дзень без аўтамабіля. У гэты дзень прапануецца пакінуць сваю машыну дома, дзеля паляпшэння экалогіі. Несумненна, ідэя добрая. Але што думаюць пра гэта жыхары Петрыкава, першым чынам, уладальнікі аўтамабіляў?!
Спачатку я пацікавіўся, ці ведаюць людзі, які дзень адзначаецца 22 верасня? Таксама гучалі меркаванні, якія праблемы вырашае ў паўсядзённым жыцці аўтамабіль? Ну, і нарэшце, ці можна адмовіцца хоць бы на дзень ад транспартнага сродка?

Святлана:

svyatlana
– Канечне, ведаю. Работы ў мяне шмат, таму сваё аўто эксплуатую для таго, каб усюды паспець. Вельмі добра ўяўляю сябе і без машыны. Раней неяк абыходзілася без яе і зараз справілася б.
22 верасня машына застанецца дома, а я пайду пехам.

Яўген:
– Так, ведаю.  Я настаўнік, і ў мяне факультатывы, а таксама спартыўныя гурткі. Адразу паспець усё немагчыма. Таму аўто вельмі эканоміць час. У мяне ёсць сябры з іншых гарадоў. І каб сустрэцца, патрэбна мець машыну. Ды і па гаспадарцы выратоўвае. Дзесьці трэба бульбу завезці, моркву.
Безумоўна, я магу жыць без аўтамабіля. Горад у нас невялікі. Так што ўстаць раніцай на хвілін 20 раней мне не складана.
А вось 22 верасня без машыны не змагу. Калі б гэта быў выхадны, то іншая справа. Мабыць, каб усе пакінулі аўто ў гаражах, я таксама ўдзельнічаў бы ў гэтым. Але, упэўнены, што такіх будзе няшмат.

Іосіф:

iosif
– Пра гэты дзень забыўся, але ведаю, што такі ёсць.
Для мяне аўто не з’яўляецца нейкай раскошай. Гэта звычайны сродак перамяшчэння: еду на працу, падвожу дзяцей у школу. Для рыбалкі або ў лес гэта рэч неабходная. Выдатна бачу сябе і без аўтамабіля. Я наогул хацеў бы жыць у вёсцы з сям’ёй, сам-насам з прыродай.
Раней людзі часта хадзілі басанож і былі нашмат здаравей. Я памятаю, як мая бабуля магла за дзень прайсці 100 кіламетраў! Узгадваю, як з братам на веласіпедзе за грыбамі ездзілі.
Тым не менш сумняваюся, што ў гэты дзень буду без машыны, хаця здолеў бы. Але ж трэба дзяцей падвезці ў школу, затым у школу мастацтваў…
Шаноўныя сябры, вы бачыце вынік размовы. Людзі прыстасаваліся да аўтамабіляў і некаторым чынам нават залежаць ад іх. Безумоўна, машына – вельмі карысны сродак, да якога ўсе мы прывыклі. Але тым не менш пра будучыню планеты, яе экалогію дбаць нам трэба ўсім разам, дарослым і дзецям. Вунь жа, дзятва ахвотна круціць педалі, то і дарослым трэба падцягвацца… Хоць бы калі-небудзь, хоць бы заўтра, у Дзень без аўтамабіля.
Будуем чыстую краіну!

Аляксандр ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о