У чарговы раз у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло каляднае свята, арганізаванае раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

IMG_2195

Па традыцыі да мерапрыемства далучыліся дзяўчаты-валанцёры са спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча лёгкай прамысловасці. Іх творчы калектыў падрыхтаваў праграму, якая была напоўнена песнямі і пастаноўкамі на тэму Ражства, зімовым настроем і танцавальнай праграмай. Дзяўчаты добра ведаюць сваіх падшэфных і тое, наколькі для іх важныя актыўныя зносіны і добрыя ўражанні. Таму танцавальная праграма, удзельнікамі якой былі ўсе наведвальнікі аддзялення, была ці не самым жаданым і вясёлым момантам.

Старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Людміла Петухова разам са словамі віншаванняў адзначыла, наколькі важныя такія сустрэчы, узгадала шматлікія акцыі, дзе Чырвоны Крыж аказвае дапамогу людзям з асаблівасцямі развіцця, перадала ўдзельнікам свята падарункі.

IMG_2230

Госцем на мерапрыемстве быў таксама настаяцель Свята-Увазнясенскай царквы іерэй Дзмітрый Пасечнік. Адзначыўшы важнасць свята Ражства для  кожнага з нас, ён з віншаваннямі і пажаданнямі дабра і спагады перадаў наведвальнікам аддзялення салодкія падарункі, сабраныя на ахвяраванні прыхаджанаў храма.

Таму натуральным было, што свята закончылася салодкім сталом. Частаванні для маладых інвалідаў праз Чырвоны Крыж таксама перадалі камбінат хлебапрадуктаў райспажыўтаварыства, філіял Калінкавіцкага малочнага камбіната і прадпрымальнік Пётр Вяргей.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о