У снежні мінулага года заключана Генеральнае пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, аб’яднаннем наймальнікаў і прафсаюзамі на 2019-2021 гады. 5 жніўня сёлета заключана аналагічнае пагадненне на абласным узроўні.

Раённае Пагадненне падпісана
2 верасня сацыяльныя партнёры Петрыкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў – раённы выканаўчы камітэт у асобе старшыні Аляксандра Наўныкі і раённы савет дырэктараў суб’ектаў гаспадарання, прадстаўлены яго старшынёй Юрыем Апановічам, – таксама заключылі Пагадненне на 2019-2022 гады.
– Агульная задача прафсаюза – захаваць гарантыі раней дзеючага пагаднення, палепшыць правы працоўных у параўнанні з дзеючым заканадаўствам, – акрэсліла галоўны прынцып новага дакумента старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шчэрбак. – Абапіраючыся на новае Пагадненне, прафсаюзныя камітэты разам з наймальнікамі імкнуцца максімальна напоўніць калектыўныя дагаворы арганізацый рэальным зместам і нормамі, якія паляпшаюць становішча работніка ў параўнанні з дзеючым заканадаўствам.
Галіна Шчэрбак пазначыла, што раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, раённымі галіновымі камітэтамі працягвалася праца па экспертызе праектаў калектыўных дагавораў, уключэнні ў іх найбольш значных на сёння абавязацельстваў. У абсалютнай большасці калектыўных дагавораў змешчаны абавязацельствы па прымяненні норм Генеральнага, галіновых тарыфных і мясцовых пагадненняў, у тым ліку абавязацельстваў па сацыяльнай падтрымцы пацярпелых ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці, узмацненні адказнасці за выкананне правіл аховы працы, індэксацыі заработнай платы, забеспячэнні работнікаў гарачым харчаваннем і іншае.
– Сацыяльнае партнёрства з’яўляецца неад’емнай часткай сферы працы, – пазначыў у час падпісання Пагаднення старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка. – Пры гэтым гаворка ідзе не пра зліццё інтарэсаў, а пра дасягненне аптымальнага балансу паміж органамі дзяржаўнага кіравання, наймальнікамі і прафсаюзамі як паўнамоцнымі прадстаўнікамі работнікаў праз дасягненне кансенсусу, выпрацоўку і ажыццяўленне адзінай, узгодненай пазіцыі. Апошнія гады наглядна нам прадэманстравалі, што канструктыўнае сацыяльнае партнёрства выступае найважнай умовай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і нашага рэгіёну ў прыватнасці, эфектыўным інструментам забеспячэння працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў людзей. Дыялог улады, прафсаюзаў і наймальнікаў дазваляе не толькі спадзявацца на механізмы рынку, але і праводзіць курс сацыяльна арыентаванай дзяржавы. У гэтым заключаецца яшчэ адна важная функцыя партнёрства – захаванне стабільнасці як гарантыі прагрэсу.
Сацыяльнае партнёрства ў нашым раёне мае багатую і плённую гісторыю. Асноўным інструментам у яго ажыццяўленні і развіцці з’яўляюцца пагадненні, якiя заключаюцца на розных узроўнях, а таксама калектыўныя дагаворы паміж наймальнікамі і прафсаюзамі.
– Калектыўны дагавор – асноўны нарматыўны дакумент, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны на прадпрыемствах, у арганізацыях, – пазначыў Юрый Апановіч. – Менавіта гэты дакумент дазваляе канкрэтызаваць нормы і абавязацельствы, устаноўленыя ў нарматыўных прававых актах, Генеральным, тарыфным і мясцовых пагадненнях.
Калектыўныя дагаворы арганізацый раёна яшчэ на стадыі праекта праходзяць экспертызу ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама для прадухілення ўключэння нормаў, якiя супярэчаць працоўнаму заканадаўству і якія пагаршаюць становішча работнікаў у параўнанні з заканадаўствам і раённым трохбаковым пагадненнем.
Галіна Шчэрбак адзначыла, што змест калектыўных дагавораў арганізацый забяспечвае высокую ступень сацыяльнай абароны работнікаў: устанаўленне надбавак за складаную і напружаную працу, за працоўны стаж, выплат па выніках працы за год, узмацненне матывацыі да працы высокакваліфікаваных кадраў, выплаты матэрыяльнай дапамогі пры выхадзе ў працоўны адпачынак. Усе калектыўныя дагаворы змяшчаюць раздзелы “Сацыяльныя льготы і гарантыі для моладзі”, “Сацыяльная абарона пажылых людзей”, “Арганізацыя адпачынку і санаторна-курортнае лячэнне”. Калектыўныя дагаворы сталі гарантам правоў работнікаў на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
Кіраўнік дзяржавы на VII з’ез-дзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі падкрэсліў, што прафсаюзы павінны сачыць за выкананнем дагаворных адносін, аб’ектыўна адстойваць пазіцыю работнікаў, выконваючы баланс інтарэсаў усіх бакоў: і наймальніка, і работніка. На з’ездзе Прэзідэнт сказаў: “Вы з’яўляецеся асноўным правадніком дзяржаўных ідэй. І вам павінна быць да ўсяго справа!”
Цяпер перад прафсаюзамі пастаўлены задачы па захаванні дасягнутых вынікаў і лепшых традыцый, працаваць па арганізацыйным і фінансавым умацаванні, павышэнні ролі і аўтарытэту прафсаюзаў у працоўных калектывах на аснове ўзаемадзеяння і далейшага развіцця партнёрскіх адносін з выканаўчай уладай і наймальнікамі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о