Нягледзячы на тое, што мы цяпер прызвычаіліся ў большай ступені атрымліваць інфармацыю з інтэрнэт-крыніц, газета застаецца больш рэальным пастаўшчыком інфармацыі, тым больш, калі гэта мясцовае выданне, бо менавіта яно адлюстроўвае рэаліі часу маленькага рэгіёну. Дзе, як ні на старонках “раёнкі” заўсёды можна знайсці для сябе нешта новае і цікавае, прачытаць пра дасягненні і жыццёвыя лёсы людзей, што жывуць побач?

“Раёнка” – спадарожніца і сябар

Журналісты “Петрыкаўскіх навін” заўсёды ўдасканальваюць сваё пісьменніцкае майстэрства, каб зацікавіць чытача. Але шмат работы ў так званай рэкламе нашага выдання робяць паштальёны. Менавіта ад іх работы часам залежыць рост тыражу газеты, за што мы шчыра ім удзячны. На сёння агульны тыраж нашай раёнкі дасягнуў 3743 экземпляраў. І нам ёсць яшчэ над чым працаваць, каб пашырыць кола чытачоў.

Днямі калектыў рэдакцыі вырашыў не проста на словах выказаць удзячнасць работнікам паштовай галіны, але і ўручыць падарункі за плённую работу.
Людміла Зубар не ў першы раз з’яўляецца лідарам па выкананні планаў падпісной кампаніі і гэта вельмі радуе. Вось і ў апошняй пераднавагодняй кампаніі Людміла Пятроўна цудоўна пашчыравала і падпісала ў горадзе 250 чалавек на “Петрыкаўскія навіны”.

Родам жанчына з вёскі Забалацце. У свой час, як звычайная вясковая дзяўчына, вырашыла звязаць свой прафесійны лёс з заатэхніяй і паступіла ў Балагоўскі тэхнікум. Дзе гэта, спытаеце вы? А там, як у песні, – паміж Ленінградам і Масквой. Скончыла, нават працавала па спецыяльнасці некалькі гадоў. А потым па волі лёсу стала паштальёнам. Гэтай справай Людміла Пятроўна займаецца вось ужо дваццаць тры гады і гэта выдатна ў яе атрымліваецца.

Напярэдадні Ражства мы запрасілі Людмілу Зубар у рэдакцыю і ўручылі памятны падарунак. А да паштальёна з Галубіцы Таццяны Марцынкевіч мы завіталі. Няхай кубачак гарачай кавы або чаю грэе рукі гэтым цудоўным, працавітым жанчынам зімовымі вечарамі пасля цяжкага працоўнага дня.

Трэба адзначыць, што журналісты таксама не сядзяць склаўшы рукі, а актыўна ўключаюцца ў час кожнай чарговай падпісной кампаніі. Вось і ў апошні дзень падпіскі, напярэдадні Новага года, мы вырашылі правесці “Дзень падпісчыка” і завіталі ў калектыў ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”, каб папоўніць кола нашых чытачоў з ліку прадстаўнікоў лясной галіны.

Не сакрэт, што гэта прадпрыемства ў эканоміцы Петрыкаўшчыны займае, бадай, галоўную ролю ў выкананні паказчыкаў па шматлікіх пазіцыях. І мы на працягу 2019 года цесна супрацоўнічалі з лесаводамі, каб адлюстраваць на старонках “Петрыкаўскіх навін” накірункі іх дзейнасці: лесааднаўленне, нарыхтоўка і перапрацоўка драўніны, барацьба з жуком-тапографам, вырошчванне пасадачнага матэрыялу, ахова лесу ад пажараў, турызм і паляўнічая гаспадарка – усе гэтыя тэмы былі змешчаны на староках газеты. Не забываемся мы “расказаць” і пра лёсы людзей-лесаводаў.

Калектыў ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” заўсёды зладжаны, у цудоўным настроі. І мы шчыра жадаем лесаводам у новым годзе моцнага здароўя, вытворчых і асабістых поспехаў, цеплыні і ўтульнасці ў сем’ях.
Будзем разам у 2020-м!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о