На працягу трох гадоў навучэнцы Галубіцкай сярэдняй школы займаюць прызавыя месцы ў раённай спартакія-дзе. Раней у турнірнай табліцы вучні аказваліся на апошнім 24-ым месцы. Але ўсё змянілася дзякуючы новаму настаўніку. У 2012 годзе на пасаду выкладчыка фізічнай культуры прыйшоў Дзяніс Аляксандраў. Ён і вывеў каманду на новы ўзровень.

– Мне было прыемна і хвалююча вярнуцца ў родную школу пасля ўніверсітэта, – пачаў размову настаўнік. – А скончыў факультэт фізічнай культуры ў Мазыры. Памятаю, яшчэ ў школе займаўся разам з Дзмітрыем Літоўкіным вулічнымі танцамі.
Брэйк-данс (танец, які сфармаваўся ў Нью-Ёрку ў 60-х гадах XX стагоддзя – заўв. аўтара) заклаў асновы фізічнай трываласці. Дзякуючы гэтаму напрамку я развіў у сабе любоў да працы і спорту. Аднакласнік Дзіма купляў касеты з майстар-класамі і мы па іх вучыліся ў школе, а пасля з брэйк-дансам танцавалі на дыскатэках па ўсім раёне.

Вельмі хацелася чагосьці новага, асабліва, калі жывеш у маленькай вёсцы.
Вучоба ва ўніверсітэце дала мне многае. Акрамя асноўных заняткаў стараўся ахапіць асновы па гіравым спорце, спартыўным арыентаванні, гімнастыцы. З аднакурснікам мы нават вялі ўрокі брэйк-данса.

Расціць здаровую нацыю

– Якія цяжкасці вас чакалі на пачатку педагагічнай працы?
– Калі прыйшоў працаваць у Галубіцкую школу, дзеці, мякка кажучы, былі слабыя. Тры гады запар навучэнцы займалі апошняе месца ў раённай спартакіядзе. І з гэтым трэба было нешта рабіць.

Дзяцей старэйшых класаў ужо позна было рыхтаваць да спаборніцтваў, узяўся за малодшых. Пачаў з фізічнай падрыхтоўкі.

Пасля цяжкай працы над сабой і сваім целам, мае вучні ўзялі пятае месца ў конкурсе “Снежны снайпер”. Для нас гэта была доўгачаканая перамога.
З 2012 года школы ў раёне падзялілі па групах. Мы ўвайшлі ў групу, дзе колькасць вучняў у школе складае не больш за 100. Пагадзіцеся, змагацца са школамі за першае месца, дзе 500 навучэнцаў і дзе 75, неяк не лагічна і не справядліва. Такая мадэрнізацыя значна нас падштурхнула да новых перамог.

У выніку некалькі гадоў запар мы станавіліся прызёрамі спартакіяды. Адзін раз толькі ўступілі месца Курыціцкай школе ў 2018 годзе, таму што мой моцны спартсмен захварэў.
Адзначу, што колькасць выпускнікоў Галубіцкай школы, якія выбіраюць спартыўныя факультэты, вырасла. Ганаруся такімі вучнямі як Ян Гудкоў, Мікалай Жукавец, Ілля Літвін. Калі яны пакажуць свае дыпломы са спаборніцтваў, то ў класе не хопіць месца на сценах, каб іх размясціць.

Таксама мае вучні Дмітрый Марцынкевіч і Уладзіслава Занкевіч на працягу двух гадоў – прызёры раённай алімпіяды па фізічнай культуры, маюць дыпломы 2 ступені.

– Ведаю, што школе была аказана спонсарская дапамога ў набыцці спорт-інвентара?
– Так. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі “Чистый свет”, навучэнцаў цалкам забяспечылі лыжамі. На жаль, сёлета зіма снегам не парадавала нас, таму трэніроўкі адкладваюцца на наступную. Адсутнасць спартыўнай залы па-ранейшаму застаецца для нас балючым мазолем.

– Якія парады дадзіце вучням?
– Самае галоўнае – жаданне працаваць над сабой, змагацца з лянотай, разумець, што спорт – гэта ледзь не адзіны спосаб захаваць сваё здароўе.
Я атрымліваю масу задавальнення як ад самога працэсу, так і ад зносін з дзецьмі. Хачу навучыць іх усяму таму, што ўмею сам.

На ўроках не рыхтую алімпійскіх чэмпіёнаў, мая задача – навучыць дзіця разумна выкарыстоўваць свой вольны час пры дапамозе фізічнай актыўнасці. Заўсёды да кожнага знаходжу індывідуальны падыход.

Я бачу плён сваёй працы: на спаборніцтвах рознага ўзроўню, алімпіядах, у дзіцячых вачах, якія адчулі смак перамогі, у іх фізічнай форме, іх актыўнасці, энергічнасці і праца-здольнасці.
Наогул, магу сказаць: спорт – неад’емная частка майго жыцця.

– Якія планы на будучыню?
– Буду працягваць працаваць у роднай вёсцы і развіваць спорт. Здаровыя дзеці – здаровая нацыя!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о