Мне так здаецца, паважаныя чытачы, што сённяшняя дата адметная. І няхай яна не пазначана ў календары чырвоным колерам, але пачуцці ў многіх дзень 16 ліпеня выклікае даволі яскравыя. Прайшла роўна палова лета, і, дарэчы, года…
Нехта, уздыхнуўшы, адзначыць: як хутка бяжыць час – прайшла палова самага яскравага сезона, а адчуць асалоду лета так і не атрымалася. Адначасова надыходзіць і пэўнае супакойванне – няхай гэтая палова цёплай пары праляцела амаль незаўважна, але наперадзе яшчэ паўтара месяца, усё можна паспець…
Але, разам з тым, сустракаеш людзей, якія ўспрымаюць летні экватар абыякава. Маўляў, адпачыць за мяжой, па вядомых прычыных, у гэтым годзе не выпадае, па роднай краіне з большага паездзіў, ды і не вельмі хочацца самастойна прадумваць маршрут, ну а на Бацькаўшчыне глядзець няма чаго – амаль у кожнай вёсцы быў і ўсё ведаю. У такіх выпадках пачынаеш пытацца, ці сапраўды чалавек так добра ведае родны край? Аказваецца, як раз наадварот – амаль нічога…
А потым гэтыя людзі, сустракаючы гасцей з іншых рэгіёнаў краіны ці бліжняга замежжа, распавядаюць, што паглядзець тут няма на што, ды і распавесці, шчыра кажучы, таксама. Знаёмства з мясцовай спадчынай абмяжоўваецца наведваннем цэркваў, узгадваннем пра нацпарк “Прыпяцкі” і ў лепшым выпадку пераказам звестак пра ДАКі “Лініі Сталіна”. Нехта заўважыць: “Ну а што яшчэ адметнага распавесці пра Петрыкаўшчыну?”, – пэўна не разумеючы, што на просты пералік патрэбен не адзін газетны аркуш.
Так, у кемлівага земляка прозвішча Вільсан павінна выклікаць асацыяцыі не толькі з 28-м прэзідэнтам ЗША. Магчыма, вы не ведалі, але бліжэйшы помнік прыроды знаходзіцца на адлегласці 5-ці кіламетраў ад райцэнтра. А яшчэ ў двух кіламетрах ад яго знаходзіцца вёска, што была заснавана ў пазамінулым стагоддзі палякамі, чэхамі ды сілезцамі. Ад апошніх, дарэчы, населены пункт і атрымаў назву. Сапраўднай таямніцай і рэдкім помнікам гісторыі, на мой погляд, з’яўляюцца калоны на старых петрыкаўскіх могілках. Падобных канструкцый на Беларусі засталося каля двух дзясяткаў, а мэты іх ўзвядзення – даволі цікавае і спрэчнае пытанне.
Бадай, не кожны ведае, колькі цэркваў зараз налічваецца ў раёне. А колькі іх было гадоў сто таму? А дзе знаходзіліся ветраныя і вадзяныя млыны, а корчмы? Ці магчыма было набыць да рэвалюцыі, скажам, ананасы ў нашым мястэчку? З якой прычыны “петрыкоўцаў” добра ведалі ў Кіеве і чаму іх сцерагліся нават чыноўнікі стагоддзе таму?..
Ці на ўсе гэтыя пытанні вы далі адказ? Прадбачу, што некаторыя заўважаць – нам пра гэта не распавядалі. Зыходзячы з такога падыходу, трэба разумець, што нейкая асоба з Мінску ці Гомеля павінна пільна вывучаць гісторыю Петрыкаўшчыны, а потым прыязджаць сюды і распавядаць пра свае адкрыцці. Так? Ці ўсё ж наадварот? Ці не мы павінны быць захавальнікамі звестак сівой даўніны, спалучаючы аповеды сталых людзей і збіраючы сціплыя, але вельмі каштоўныя радкі з мноства крыніц?
Нават рыхтуючы гэты матэрыял, я даведаўся пра нешта новае, а днямі сябра даслаў мне карту, дзе, апрача вядомай сярод мясцовых чыгункі Старушкі – Бабруйск, было пазначана і разгалінаванне, (трэба меркаваць вузкакалейкі) ад Аголіцкай Рудні да Дарашэвіч.
Мы жывем у цікавы час: час, калі вусная гісторыя яшчэ не страчана, але выява мясцовай мінуўшчыны ўтрымлівае шмат белых плямаў. Хто ведае, магчыма метавіта ты, дарагі чытач, знойдзеш на гарышчы, сутыкнешся ў інтэрнэце ці пачуеш ад старога цікавыя звесткі, што стануць дробным ці важкім унёскам у нашу агульную гісторыю краю. Патрэбна для гэтага і багата, і мала адначасова – тваё жаданне, паважаны. А палова лета і ўвесь астатні час у нас яшчэ ёсць.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о