У мінулым годзе ў Колкаўскім сельскім Савеце нарадзілася адно дзіця, сёлета ўжо таксама зарэгістраваны адзін маленькі жыхар аграгарадка. Рэзкае зніжэнне колькасці насельніцтва — сур’ёзная праблема гэтага і іншых сельскіх Саветаў раёна. Але асабіста Колкі, здаецца, незалежна ад зніжэння колькасці насельніцтва, адрозніваюцца ад іншых аграгарадкоў Петрыкаўшчыны сваёй утульнасцю і непаўторнай сялянскай акуратнасцю.
Старшыня сельвыканкама Ганна Сянько, якая трыццаць гадоў працуе ў сельскім Савеце — на пасадзе кіраўніка справамі, а цяпер старшыні, дасціпным жаночым позіркам знаходзіць тыя аб’екты, куды трэба прыкласці сілы. І з задавальненнем расказвае пра тое, што артымалася зрабіць апошнім часам.

Рашэнні і справы - агульныя— Неяк так склалася, што аўтобус з Калінкавічаў прыпыняецца не там, дзе рэйс з Петрыкава, — расказвае Ганна Уладзіміраўна. — Нязручна было, што прыпыначны пункт тут не абсталяваны. Мясцовы прадпрымальнік Максім Машук зрабіў і ўсталяваў там лаўкі, а мы на адным з санітарных дзён зрабілі побач кветнікі. У мінулым годзе на сельскім сходзе ў Сякерычах было прынята рашэнне пра ўсталяванне на месцы былой царквы, якая згарэла яшчэ ў гады вайны, аброчнага крыжа. Вырабіў яго мясцовы жыхар Уладзімір Цалка, агароджу — зноў жа Максім Машук. Дарэчы ў яго дрэваапрацоўчым цэху мясцовыя жыхары заказваюць танныя пралёты агароджы, нават з усталяваннем. Толькі сёлета гаспадары самі замянілі больш 300 метраў такога плоту.
Старшыня Савета расказала таксама і перадгісторыю з’яўлення ў Колках па вуліцы Рачной дзіцячай пляцоўкі з футбольным полем і арэлямі. Свабодны пасля зносу ўчастак дапамагло спланіраваць трактарам мясцовае сельгаспрадпрыемства. Працавалі на добраўпарадкаванні ўсёй вескай: дарослыя і дзеці. Арэлі сам зрабіў Сяргей Шваб, які жыве побач. Цяпер, летам, гоман на пляцоўцы не сціхае з цямна да цямна. Трымаць участак у парадку дапамагае, як дарэчы і ў іншых справах, стараста аграгарадка Віктар Равуцкі.

Рашэнні і справы - агульныяЛетась пасля зносу дамоў у КСУП імя Ульянава было перададзены 1,75 гектараў земляў у Сякерычах і 12 гектараў — у Брадах. У саміх Колках надзелы не мяжуюцца з палеткамі, таму Ганне Уладзіміраўне самой даводзіцца знаходзіць для іх прымяненне.
— Статак кароў прыватных гаспадарак з кожным годам становіцца меншым, — канстатуе старшыня. — У хуткім часе кожны гаспадар сам будзе выпасваць сваю худобу. Пад сенажаць і месца выпасу ў гэтым годзе мы адвялі тры надзелы, на якіх таксама былі самастойна калкаўчанамі ўсталяваны агароджы. Таксама два гаспадары — Аляксандр Глушко і Аляксандр Чашанок — бралі зямлю пад абслугоўванне сваіх немалых прысядзібных гаспадарак.
Ганна Уладзіміраўна адзначае, што ў вёсках Савета старастамі і дэпутатамі наладжана сістэма збору сродкаў самаабкладання. На сельскіх сходах прынята рашэнне, што ўсе сродкі, сабраныя ў вёсцы, будуць ісці менавіта на гэты населены пункт. Таму людзі ахвотней прымаюць удзел у фінансаванні. Выключэннем з прынятага правіла стала мінулагодняе выдаленне дрэў на могілках у Зублішчах. Там пражывае толькі сямнаццаць чалавек, усе пенсіянеры. А трэба было знесці 35 аварыйных дрэў. Частку іх дапамагло бязвыплатна прыбраць мясцовае лясніцтва. Для астатніх давялося выклікаць прамысловых альпіністаў. На тое выдаткавалі 500 рублёў сродкаў самаабкладання, сабраных за мінулы год.
Яшчэ 60 небяспечных дрэў чакаюць выдалення на могілках у Дуброве. У гэтай вёсцы ўжо няма жыхароў, але месца пахавання ўраджэнцы вёскі наведваюць рэгулярна. Былая жыхарка вёскі Валянціна Андраюк самастойна арганізавала збор сродкаў для гэтага.

Рашэнні і справы - агульныя— Некалі мы зрабілі ўпор у добраўпарадкаванні Колак на ўсталяванне малых архітэктурных форм і кветнікаў, — адзначае старшыня. — Цяпер многа сіл і сродкаў даводзіцца выдаткоўваць на патрыманне іх у належным стане. Атрымліваецца гэта дзякуючы арганізаванасці працаўнікоў мясцовых арганізацый на санітарныя дні. Сістэма зладжаная і працуе прадуктыўна. Звычайна, у нас збіраецца дзве брыгады, якія адначасова працуюць у розных месцах, нават у розных населеных пунктах. Магчыма гэта стала дзякуючы падтрымцы і дапамозе нашых дэпутатаў, якія з’яўляюцца адначасова і кіраўнікамі — школы, дзіцячага сада, амбулаторыі. Цяжка быць дэпутатам у невялікім сельскім Савеце. Гэтыя людзі задзейнічаны літаральна ўсюды: члены выканкама, аглядавых камісій, АПАП. Ад іх добрасумленных адносін да абавязкаў залежыць агульны вынік нашай працы. Важна, калі побач надзейныя людзі. А яшчэ такі ж калектыў сельвыканкама — кіраўнік справамі Наталля Пінчук, бухгалтар Марына Каваленка і тэхнічны работнік Людміла Юдзіныя — гэта тая, на каго можна спадзявацца і аперціся ў першую чаргу. За гэта ім я шчыра ўдзячна.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о