Напэўна, многія з работнікаў  былога суднарамонтнага-суднабудаўнічага завода добра памятаюць вытворчую загружанасць на прадпрыемстве. Калектыў завода складаўся з 300 чалавек. Толькі зваршчыкаў тут было 3-4 брыгады. Цяпер іх занята толькі тры чалавекі.

Пра гэта расказаў пры сустрэчы электрагазазваршчык 5 разраду Анатоль Занкевіч. Узгадвае Анатоль Аляксеевіч, як у савецкія часы ўся затока “Бычок” была занята суднамі, якія чакалі свайго рамонту. Што датычыць баржаў, то штомесяц механічны цэх вырабляў па адной такой новай баржы. Цяпер жа латаюць тое, што ёсць. Вось і ў дзень нашага наведвання Анатоль Аляксеевіч і яго напарнікі рабілі капітальны рабонт баржы, якая прыбыла з Пінска.

IMG_2104_1

Плошча рачнога сродка складае 354 квадратныя метры. Каб давесці баржу да ладу, давядзецца папрацаваць не адзін месяц. Дно зашываюць металічнымі лістамі таўшчынёй ад 4 да 6 міліметраў. Пасля  прыступяць да рамонту прывальнага бруса. Мяркуецца, што пасля рамонту баржа паслужыць яшчэ дзясятак гадоў.

Навігацыйны перыяд работ завершыцца, і восенню на ўчастак паступяць цеплаходы і рудавозы. Гэта гаворыць пра тое, што аб’ёмам работ  суднарамонтнікі да канца года будуць забяспечаны.

Анатоль Аляксеевіч атрымаў навыкі зваршчыка тут жа, на заводзе. Прыйшоў вучнем і павышаў пакрысе свой прафесійны ўзровень. Быў час, калі завод заняпаў. На дзесяць гадоў давялося поўнасцю змяніць накірунак дзейнасці: працаваў трэнерам па футболе ў мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, рыхтаваў юніёраў. Спартыўная загартоўка дазваляе і да сёння трымацца ў добрай фізічнай форме. Падбадзёрваюць мужчыну  жонка, дзве дачкі і ўнучка. Для сваіх жанчын Анатоль Аляксеевіч стараецца быць добрым прыкладам і надзейным памочнікам.

Са святам вас, паважаныя работнікі воднага транспарту! Здароўя, вытрымкі, дабрабыту ў сем’ях!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о