ЗАЎТРА – ДЗЕНЬ ЧЫГУНАЧНІКА
Чыгунка, бадай, самы важны інфраструктурны аб’ект,
і каб падтрымліваць яго ў парадку, патрэбна цэлая армія работнікаў. Беларуская чыгунка мае такую “армію”. Менавіта ад работы пуцевікоў залежыць  бяспека руху цягнікоў, а гэта галоўная задача для людзей гэтай прафесіі.
ПУЦЕВІКІ – САПРАЎДНЫЯ ЎМЕЛЬЦЫІван Марозька
ПУЦЕВІКІ – САПРАЎДНЫЯ ЎМЕЛЬЦЫ
Сяргей Зенчанка
Дзесяцігоддзе сваёй прафесійнай дзейнасці ў чыгуначнай галіне адзначыў 1 ліпеня Сяргей Зенчанка. Сяргей Пятровіч ведае пра чыгунку ўсё. Тэарэтычныя веды набываў у Брэсцкім чыгуначным каледжы і ўніверсітэце транспарту. Веды адточваў на практыцы, калі працаваў пуцевіком у Козенках, затым у роднай Муляраўцы. Дарэчы, там жа, у Муляраўцы, на чыгунцы працуе і родны брат Сяргея Пятровіча – Аляксандр.
Сяргей Зенчанка цяпер на пасадзе дарожнага майстра акалодку № 17, што ў Капцэвічах. Пуцевікі працуюць на тэрыторыі Петрыкаўшчыны ад Калінкавіцкай дыстанцыі пуці.
– Наш акалодак уваходзіць ва ўчастак № 2, ад Мышанкі да Жыткавіч. Межы абслугоўвання пуці ў нас – ад 470 кіламетра да 491 кіламетра, – распавядае Сяргей Пятровіч. – Гэты 21 кіламетр галоўнага пуці мы і ўтрымліваем у належным стане. Да таго, на станцыі “Капцэвічы” два прыёмаадправачныя пуці, два стацыянарныя, пад’язны (агульнага карыстання) і раз’езд “Старушкі”, дзе адзін прыёмаадправачны пуць, але самы працяглы на ўчастку – 1,5 кіламетра.
Калектыў складаецца з 15 чалавек: 10 пуцевікоў, 3 брыгадзіры, прыбіральшчыца службовых памяшканняў і я. Маем службовы аўтамабіль УАЗ. Але ў большасці мы перамяшчаемся пехам і ў любое надвор’е: будзь то спёка ці дождж, снег – пуцявік штодзень праходзіць па 12 кіламетраў, каб агледзець чыгуначнае палатно на шматлікія дэфекты, праверыць усе стыкі, балты. Да таго, абкошваць пуці – таксама наша задача. Пра добраўпарадкаванне, знешні выгляд чыгункі мы не павінны забывацца. Зімой мы ачышчаем пуці ад снегу.
Адзначу, што капітальны рамонт пуці ў Капцэвічах праводзіўся апошні раз у 1993 годзе, у Старушках – у 2003 годзе. Адказнасць нашых пуцевікоў, зладжаная работа дазваляюць не прыкладаць вялікіх фінансавых сродкаў у рамонты, усё мы робім сваімі сіламі. А якасць нашай работы два разы на месяц правяраюць кантралюючыя службы. Па рэйках ходзіць вагон, які вымярае электроннымі прыборамі ўсе адхіленні ад нормы. Дэфектаскопныя каляскі дазваляюць выявіць у рэйках наяўнасць шчылін.
Гэта дарожнікі могуць дазволіць сабе пакласці асфальт на дарозе ніжэй ці вышэй. У нас такое не дазваляецца: рэйкі павінны быць роўныя і надзейна замацаваныя.
Чыгуначныя пуці – гэта комплекс інжынерных збудаванняў, у якія ўваходзіць асноўная пляцоўка палатна, водаадводныя збудаванні. Паверхневае збудаванне – гэта рэйкі, шпалы, прамежкавыя ўмацаванні і друз. Рэйкі зроблены з надзейнага сплаву металаў, шпалы цяпер жалезабетонныя, але ў некаторых месцах яшчэ засталіся драўляныя.
Скажу, што засталося няшмат часу і па нашых рэйках пойдуць “электрычкі”. Электрыфікацыя плануецца на 2022 год. Такім чынам, дабрацца ў той жа Брэст ці другі буйны горад можна будзе хутчэй.
У гэты перадсвяточны дзень хачу сказаць вялікі дзякуй за працу брыгадзірам Сяргею Кебцу, Уладзіміру Шымко, пуцевікам Аляксандру Браіму, Паўлу Грому, Сяргею Шлягу.
Брыгадзір Іван Марозька адпрацаваў тут 24 гады. Выканаўчы, надзейны, яму можна даверыць любую справу і быць упэўненым, што яна зробіцца.
Іван Аляксеевіч прыемна ўсміхнуўся, калі пачуў пра сябе такія словы. Сапраўды, час праляцеў імгненна. Столькі гадоў мужчына выконвае цяжкую, руцінную справу, якая стала для яго сэнсам жыцця. Як паведаміў сам Іван Аляксеевіч, пасля школы і тэрміновай службы ў пагранічных войсках, увесь працоўны шлях праходзіў тут, на чыгунцы. Капцэвічы – малая радзіма. Нават цяпер з жонкай Валянцінай набылі тут дом, рамантуюць яго і збіраюцца перабірацца ў Капцэвічы. Пакуль пражываюць у Петрыкаве.
Сяргей Зенчанка таксама штодзень дабіраецца на ўласным аўтамабілі з Петрыкава. Малады мужчына мае сям’ю, выхоўваюць з жонкай Аленай дачушак Дар’ю і Ксюшу.
Астатні калектыў мясцовы. На заработак мужчыны не скардзяцца: у сярэднім ён складае 850 рублёў. Ну хіба толькі не хапае нейкай рамантыкі ў працоўных буднях. Усё ж галоўная задача для мужчын – забяспечваць свае сем’і, а пасажырам і чыгуначнаму транспарту ствараць бяспечныя і камфортныя ўмовы для перамяшчэння.
Са святам, паважаныя чыгуначнікі! Моцнага вам здароўя, дабрабыту, бяспечнай работы і выканання пастаўленых задач!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о