Іосіф Нічыпаравіч Глушко нарадзіўся ў 1905 годзе ў Бабунічах. У дваццацігадовым узросце быў закліканы ў Чырвоную Армію, служыў у кавалерыйскіх войсках Беларускай ваеннай акругі.

Пасля звальнення ў запас працаваў старшынёй Недашкаўскага сельскага Савета Магілёўскай вобласці, старшынёй калгаса, дырэктарам МТС.
У КПСС Іосіф Глушко ўступіў у 1929 годзе. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны па рашэнні Магілёўскага абкама КПБ быў пакінуты ў тыле ворага для арганізацыі партызанскага руху на тэрыторыі вобласці.
Рашэннем Мінскага абкама партыі ў маі 1942 года Іосіф Нічыпаравіч накіроўваецца ў Петрыкаўскі раён для арганізацыі партызанскіх атрадаў.
Каб фашысты не знішчылі сям’ю, якая заставалася на акупіраванай тэрыторыі, Іосіф Глушко бярэ іншае прозвішча – Балотнікаў. Мала хто з мясцовых мог здагадацца, што кіруе партызанскім атрадам іх зямляк.
Партызанскі атрад Балотнікава дзейнічаў на тэрыторыі Петрыкаўскага, былога Капаткевіцкага і Жыткавіцкага раёнаў з ліпеня 1942 года па студзень 1943.
У газеце “За новыя рубяжы” за 1987 год у артыкуле “Камісар партызанскай брыгады”, сказана: “Атрад Балотнікава сумесна з іншымі партызанскімі атрадамі прымаў удзел у падрыве Пціцкага і Аголіцка-Руднянскага мастоў, у абароне Грабава і Бярозаўкі, у баях за Міхедавічы і Бабунічы, пад Старушкамі і Асаўцом, у Чорным балоце каля Арэсы, у многіх іншых аперацыях. І ніводная з іх не прайшла без удзелу яго камандзіра. Партызаны паважалі і шанавалі свайго баявога кіраўніка”.
У 1943 годзе загадам камандавання Палескага злучэння партызанскага руху Іосіф Нічыпаравіч Глушко-Балотнікаў быў прызначаны камісарам 130-й партызанскай брыгады гэтага ж злучэння, дзе і знаходзіўся да дня вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў.
З канца чэрвеня 1944 года да пачатку 1946 Іосіф Глушко працаваў першым сакратаром Петрыкаўскага райкама партыі, затым намеснікам кіраўніка аддзела Пінскага КПБ, адкуль і пайшоў на пенсію. Стаў персанальным пенсіянерам рэспубліканскага значэння, ветэранам партыі.
Радзіма высока адзначыла баявыя і працоўныя заслугі Іосіфа Нічыпаравіча. За актыўны ўдзел у арганізацыі партызанскага руху, кіраўніцтва ім, а таксама за ўдзел у аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі раёнаў Беларусі быў узнагароджаны ардэнамі Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай Вайны I і II ступеняў, шматлікімі медалямі.
23 ліпеня 1986 года Іосіф Нічыпаравіч пайшоў з жыцця. Баявыя сябры, сваякі і землякі выканалі яго перадсмяротнае жаданне – ён пахаваны ў Бабунічах, на бацькоўскай зямлі.

Па матэрыялах
Бабуніцкай сельскай бібліятэкі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о