Стваральнікі будучыні – менавіта так можна назваць будаўнікоў, бо тое, што ўзводзіцца іх працавітымі рукамі сёння, будзе выкарыстоўвацца яшчэ многія дзесяцігоддзі. І ад людзей шматлікіх будаўнічых спецыяльнасцяў залежыць камфорт і душэўны спакой тых, хто будзе карыстацца гэтымі пабудовамі.
Нельга не заўважыць, як за апошнія пяць гадоў наш Петрыкаў перайначыўся, прырос новымі мікрараёнамі. Узяць хаця б да прыкладу новы мікрараён “Паўночны”. Яшчэ не так даўно на гэтым месцы было голае поле, і вось ужо колькі шматпавярховак з’явілася тут! На балконах сушыцца дзіцячая вопратка, у дварах звіняць галасы дзяцей. Значыць, жыццё працягваецца. Многія сем’і з вёсак Петрыкаўшчыны пераехалі ў райцэнтр і сталі навасёламі, пабудаваўшы доўгачаканае жыллё. Цяпер і з працаўладкаваннем у горадзе лягчэй стала. Вядома ж, што гэта пытанне вырашае магутны прамысловы аб’ект, які ў хуткім часе пачне вырабляць карысную і “валютную” прадукцыю – хлорысты калій.
Напярэдадні прафесійнага свята будаўнікоў мы завіталі ў “Паўночны”, дзе суткамі кіпіць работа, узводзяцца новыя шматпавярхоўкі для тых, хто ў хуткім часе прыступіць да вытворчасці на горна-абагачальным комплексе. Давялося гутарыць з прарабамі брыгад аддзелачнікаў Гомельскага ДБК, якія цяпер завяршаюць работы на двух дамах. Вось што расказаў малады прараб Гомельскага ДБК па электрамантажу Віталь ХАМЯНКОЎ:
– Гэтыя два дамы, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю ўжо ў верасні, разлічаны на 120 кватэр, – пачаў Віталь Валер’евіч. – У кожным пад’ездзе на кожным паверху традыцыйна адна аднапакаёвая, дзве двухпакаёвыя і адна трохпакаёвая кватэры. Па метражу адпаведна 40, 60 і 75 квадратных метраў. Наша арганізацыя на сваім рахунку мае працяглы вопыт будаўніцтва. Скажу, што ў “савецкія” часы панэлі былі халодныя і патрабавалася дадатковае вонкавае ўцяпленне дамоў. Цяпер жа новая серыя панэляў выглядае наступным чынам: унутры жалезабетоннай панэлі змешчана мінеральная пліта ў 16 сантыметраў, якая дазваляе зрабіць жыллё цёплым і энергазберагальным. Уцяпленне ў 24 сантыметры дадаткова робіцца на даху і на першым паверху. Тэхналогія будаўніцтва панэльных дамоў дазваляе выканаць работы ў кароткія тэрміны. На сёння нашых будаўнікоў тут каля 50 чалавек. З дня на дзень прыедзе яшчэ 30.

ПРЫРАСТАЕ ГОРАД ДАМАМІ І КВАРТАЛАМІ

Віталь ХАМЯНКОЎ

Дамы гэтыя будуць здавацца ў эксплуатацыю з поўнай аддзелкай. Так, трэба адзначыць, што заказчыкам іх выступіў ААТ “Беларуськалій”. Менавіта работнікі, якія будуць занятыя на ГАКу, атрымаюць новае жыллё. Яшчэ два дамы, так сказаць, у рабоце.
Мы, аддзелачнікі, прыехалі два тыдні таму. Бачыце, якая прыгожая, арыгінальная афарбоўка дамоў ідзе звонку! ПРЫРАСТАЕ ГОРАД ДАМАМІ І КВАРТАЛАМІШто датычыць непасрэдна маёй брыгады, то скажу, што электрамантажнікі таксама прымяняюць новыя тэхналогіі ў будаўніцтве, напрыклад, акустычныя датчыкі руху і святлодыёдныя лямпы.
За якасць усялякіх работ нашых будаўнікоў я цвёрда магу заручыцца. Будаўнікі нашага ДБК сёлета ўзводзілі жыллё ў Расіі – у Обнінску, Калузе, у самім Гомелі дзесяць шматпавярховак, у Мінску былі заняты на аб’ектах у Ратамцы і Баравой.
– Што ж, Віталь Валер’евіч. Мы ахвотна верым вашаму прафесіяналізму і вопыту. З наступаючым святам! Здароўя, вытрымкі, дастойнага заработку і асабістага шчасця ўсім будаўнікам!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о