З Эмай Макарэвіч цяжка было дамовіцца пра сустрэчу. Яе дзень распісаны амаль па хвілінах. “Калі ў пэўны час можаце быць у пэўным месцы – калі ласка, пагутарым” – сказала жанчына. І мы дамовіліся. У прызначаны час былі каля прыпынку аўталаўкі ў Міхедавічах. Шпарка круцячы педалі веласіпеда, як толькі развіднела, яна пад’ехала да машыны райспажыўтаварыства, спачатку накупіла немалую сумку прадуктаў, у асноўным хлеб, батоны, малако. Прымайстравала ўсё набытае на багажнік і мы рушылі па вуліцы да адной з яе падапечных. Час прыспешваў: Эму Аляксандраўну з нецярпеннем чакаюць “яе старыя” амаль па хвілінах.

Прыносіць у дом цеплыню

Сёмы год, як жанчына змяніла пасаду брыгадзіра фермы на нялёгкія абавязкі сацыяльнага работніка. Некалі маладымі прыехалі з мужам Аляксандрам Іванавічам на яе радзіму ў Навасёлкі, яго прывезла з Віцебску, дзе вучылася. Знайсці працу атрымалася ў міхедавіцкім калгасе. Потым муж перайшоў у лясніцтва, а Эма Аляксандраўна працавала то касірам, то інжынерам, то брыгадзірам, пакуль быў тут калгас.
– Калі ты не гультай, працу сабе ў вёсцы знойдзеш, – ўпэўнена жанчына. – Калі не на зарплату, то ўласныя заработкі будуць. У нас з мужам і цяпер ёсць карова, дзве свінаматкі, больш паўтары сотні птушкі. Ёсць справа – ёсць заробак. Але і праца павінна быць. Калі старшыня сельсавета прапанаваў узяць на абслугоўванне нашых пенсіянераў у вёсцы, нават не сумнявалася. Зарплата невялікая, але і за яе трымацца трэба. Ведала, што спраўлюся. Я да працы хуткая. Зараз у мяне 8 чалавек падапечных. Некага двойчы або тройчы на тыдзень наведваю. А Марыю Лубко – штодзень.
Тым часам мы падыйшлі да сядзібы гэтай самай старэйшай жыхаркі вёскі. Асіплы сабака сустрэў Эму Аляксандраўну як гаспадыню, гулліва махаючы хвастом і чакаючы пачастунак.
Пакуль ішлі да ганка, жанчына расказала, што і муж, калі выдаюцца ў яго выхадныя, дапамагае жонцы: дроў нанасіць, вады з калодзежа нацягае. І ў двары Марыі Андрэеўны відаць справы яго рук: уцяпліў на зіму вокны цэлафанам, зрабіў лаўку, прымайстраваў парэнчы, па якіх амаль невідушчая жанчына можа рухацца ў двары. І пакуль мы пазнаёміліся з гаспадыняй, у грубцы ўжо затрашчалі дровы.
– У вёсцы нашай многа пенсіянераў, – выкладваючы катлеты на патэльню пачала расказваць “прыходзячая гаспадыня”. – Лічыце самі. Працуюць шэсць сацыяльных работнікаў і ўсе на поўную стаўку. Даўно мы калегі з Валянцінай Бардыгай, Вікторыяй Глушко, Людмілай Яворскай, Святланай Булавой. Нядаўна прыйшла маладая немясцовая Наталля, таму і прозвішча яе пакуль не ведаю. Акрамя непасрэдных сваіх абавязкаў усе мы знаходзім час, каб выйсці ў аглядавыя камісіі, па пятніцах – на санітарныя дні, часта дапамагаем мясцоваму клубу на мерапрыемствах. Я для кірмашоў заўсёды гатую частаванні. І пры ўсім гэтым не маем права сваіх падапечных абдзяліць увагай, – у руках Эмы Аляксандраўны хуценька захадзіў па пакоях венік. – Бо кожнаму трэба і па гаспадарцы дапамагчы, і прадукты ці лекі прынесці, і пастрыгчы ці расчасаць, і вока закапаць, і прасачыць, каб не забыліся лекі выпіць. А галоўнае – пагутарыць. Гэтага многім асабліва не хапае. Мы павінны замяніць ім родных і дзяцей, якім пакуль няма магчымасці быць побач з бацькамі.
Пра кожнага са сваіх падапечных сацыяльны работнік знайшла што сказаць. Як усё жыццё адпрацавала на ферме Марыя Сцяпанаўна Ліцвін. Як трымаецца малайчынай у свае 85 гадоў Кацярына Лук’янаўна Сокал. Лёс падараваў сямейнай пары Свірыдэнкаў шчасце і ў такія гады быць разам. Як шкадуе яе, нібы дачку, Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч. І як імкнецца сама зрабіць як мага больш, стоячы на мыліцах, Ніна Якаўлеўна Шамрыла. Марыя ж Лубко – самая “складаная”: амаль не чуе і не бачыць. Звыклая сама ўсё рабіць, сёння не мае такой магчымасці і рэўнасна адносіцца да кожнага дзеяння свайго сацыяльнага работніка.
– Нічога, агульную мову знаходжу са ўсімі, – Эма Аляксандраўна цішэй гаворыць, каб не чула гаспадыня. – З некаторымі нават дзеці ўжыцца не могуць. Старыя капрызнічаюць, забываюцца, крыўдзяцца. Ды што ж, яны мне як родныя сталі. Шкадую, як сваю маці. Хварэюць – хвалююся, тэлефаную, пытаюся пра самаадчуванне па некалькі разоў на дзень. Там у Навасёлках і маці мая пайшла на абслугоўванне. Хоць і сама амаль са ўсім спраўляецца, мы з ёй вырашылі, што так лепш. У паважаным узросце ўжо няма стабільнасці. Зараз табе добра, а праз гадзіну – самаадчуванне падводзіць. Ды і мне няма часу часта яе наведваць. А так ведаю, што чалавек да яе ў хату прыйдзе, пагутарыць, даведаецца як справы. Калі што, то і сазвоньваемся з яе сацыяльным работнікам. Так і мне тэлефануюць дзеці маіх падапечных. Лічу, што тыя рубель з чвэрцю з пенсіі за адзін візіт – мізер у параўнанні з тым, што дае дапамога сацработніка. Шкада, што яшчэ нямала тых, хто вагаецца, не карыстаецца такой паслугай. А яшчэ шкада Марыю Андрэеўну. Ёй бы ў дом-інтэрнат згадзіцца паехаць, бо патрэбна кругласутачная дапамога ў тым ліку спецыялістаў, а яна – ні ў якую.
Геаграфічна Міхедавічы раскінуліся на многія кіламетры. Штодзень з канца ў канец на сваім нязменным веласіпедзе едзе Эма Макарэвіч да сваіх “старых”. Крыўдуе, што дарогі зімой, калі ўжо веласіпед – не памочнік, бываюць непраходнымі, асабліва вуліца Маладзёжная. Але мяркуе, што калі будзе такая неабходнасць, то можа яшчэ некалькі землякоў узяць на абслугоўванне. Сіл хопіць. Для падапечных яна нават асабістага часу не шкадуе. Любіць вязаць і нават гэта робіць для іх, каму шкарпэткі ці тапкі, рукавіцы звяжа і дорыць на святы.
Шчырай душы чалавек!

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о