У кожнай вёсцы  абавязкова знаходзіцца сядзіба, а то і некалькі, якую можна назваць упрыгожаннем населенага пункта, куды хочацца зайсці, каб палюбавацца, разгледзець усё і абавязкова пазнаёміцца з гаспадарамі. У Колках не атрымалася прайсці міма сядзібы Алены і Віталя Дзятлаў. Безліч кветак заварожвала позірк буйствам красак.

Алена Віктараўна адмаўляецца назваць разнастайнасць сартоў многіх кветак калекцыямі. Кажа, што гучыць гэта не душэўна. Проста збірала тое, што недзе ўбачыла і спадабалася. Лілейнікі, хрызантэмы, касачы, хосты, ружы  – іх сабрана з дзясятак сартоў кожнага віду. Кожнаму кусту адведзена месца так, каб з ранняй вясны да позняй восені цвіценне было ўсюды.– Некалі, як пасяліліся ў сваім доме,  пра кветкі не думалася, – узгадвае гаспадыня. – Гаспадарка была вялікая, таму ўсюды садзілі грады. Потым неяк сяброўка прапанавала забраць у яе лілеі. Пасадзіла, зацвілі і я зразумела, што хачу многа кветак. Цяпер вакол хаты – кветнік. Муж таксама падзяляе маё захапленне, таму заўсёды адклікаецца на просьбы зрабіць патрэбную апору пад кветкі ці новы штыкетнік пад кветнік. А каб адпачываючы любавацца гэтым усім, сам зрабіў вялікую арэлю-лаўку. Цяпер і суседкі прыходзяць да нас пагушкацца.

Прыемна раздаваць прыгажосць

Цікава, што плот паміж Дзятламі і суседзямі – Марыяй Цеслынок і Валянцінай Чашанок – зроблены з невысокай сеткі-рабіцы, цяпер аплеценай кустамі жымаласці ды клемацісаў, густа абсыпанымі кветкамі. Напэўна, каб усім было добра відаць прыгажосць у гэтым двары. Ды і сваімі краскамі кветнікаў і добраўпарадкаваннем двароў суседзі яны шчодна дзеляцца з Аленай Віктараўнай.

Прыемна раздаваць прыгажосць

– Людзі кажуць: рука ў мяне “лёгкая”, палку ў зямлю ўстаўлю, і тая зацвіце, – смяецца жанчына. – Жартуюць. На самой справе кветкі адклікаюцца на любоў і клопат. А яшчэ ніколі нікому не шкадую іх аддаваць. Раздаю ўсім, хто спытае. Многія аднавяскоўкі ідуць да мяне вясною ці восенню. Дапамагаю расадаю мясцоваму дзіцячаму саду і сельскаму Савету. Прыемна ж, калі ведаеш, што дапамог яшчэ недзе ўпрыгожыць кавалачак зямлі. Праўда, капеечку абавязкова бяру – каб вялося,  і сама даю, калі са мною дзеляцца.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о