Пры жаданні можна ўсё

Менавіта так лічыць аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы “Івашкавічы” КСУП “Капаткевічы” Наталля Акунец. Да таго ж яна ведае, што, калі не палохацца работы, тут можна добра зарабіць. Зразумела, цяжка, але ж можна.

– Я не цураюся работы, хаця яна на ферме не з лёгкіх. Можна сказаць, што за ўсе амаль 15 гадоў, што я тут, прызвычаілася да цяжкасцяў. Зараз я акрамя даення раздойваю дзве групы кароў, даглядаю цялятак, уключаю дойку ды і яшчэ многім іншым займаюся. Нягледзячы на гэта, а яшчэ на даволі працяглы працоўны дзень, які доўжыцца з 5 раніцы і, бывае, да 12 ночы, мне работа падабаецца. Нават у выхадныя дні цягне на ферму, да сваіх каровак. Ды і ўсё ж дзеля дзяцей, хочацца ім дапамагчы, на ногі паставіць. А яшчэ кіраўнік гаспадаркі заўсёды ідзе насустрач. Таму і падводзіць яго не хочацца, – адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

Ганарыцца Наталля Акунец сваімі дочкамі. Першая атрымлівае мастацкую адукацыю. Зусім нядаўна яна заняла трэцяе месца ў конкурсе малюнкаў, што праходзіў у Расіі. Другая мае пяты разрад повара, а таксама прафесію тэхнолага, жыве ў Жлобіне. Таму і не дзіўна, што маці жадае сваім дзецям лепшай долі, заняць сваё месца ў грамадстве і дасягнуць вяршыняў.

Дзмітрый БЯЛЬКО, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о