Імя Любові Арловай – аўтара больш двух дзясяткаў зборнікаў вершаў і прозы, добра вядома на Гомельшчыне і па-за яе межамі. І вось цудоўная навіна: пабачыла свет аповесць Любоў Мікалаеўны “Апаленыя вайной”, прысвечаная свайму бацьку, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, Герою Савецкага Саюза Мікалаю Сяргеевічу Арлову. Падзея адметная многімі акалічнасцямі. Любоў Мікалаеўна нашая зямлячка і выданне кнігі на Петрыкаўшчыне – вялікая культурная падзея і гонар за нашых таленавітых лю-дзей. Важным з’яўляецца і тое, што аповесць пра мужнасць, гераізм савецкіх людзей у гады ваеннага ліхалецця, у Год гістарычнай памяці, актуальна як ніколі. Сама аўтар кажа, што задума напісаць кніжку пра ваенны шлях людзей на прыкладзе свайго бацькі была ўжо даўно. Матэрыял для работы быў, як кажуць, “з першых вуснаў”. У шасцідзесятыя гады Мікалай Арлоў пачаў весці мемуарныя запісы, а наша зямлячка яшчэ школьніцай набірала тэкст на друкаванай машынцы. Улічваючы, што маці паэткі была санбайцом партызанскага атраду, ішла з мужам па адных лясных сцежках, падзеі ваенных часоў успаміналіся часта ў сям’і, ды і ў архіве сабралася нямала дакументальных матэрыялаў пра дзейнасць Арлова як камандзіра дыверсійнай групы атрада “За Радзіму”.

Прэзентацыя кнігі Любові Арловай прайшла ў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы

– Напачатку неяк не вырашалася на напісанне біяграфічнай аповесці. З вялікай колькасці матэрыялу выбраць, звязаць, падаць сучаснаму чытачу гісторыю ваеннага шляху аднаго чалавека – задача не з лёгкіх, – падзялілася суразмоўца з прысутнымі, – але знайшліся людзі, якія не толькі падтрымалі, а і запэўнілі ў неабходнасці такой працы.

Пісьменніца не хавае, што на творчасць падштурхнулі і апошнія палітычныя падзеі ў свеце. Доўгі час Любоў Мікалаеўна пражывала з сям’ёй ва ўкраінскім горадзе Роўна. На той зямлі пахаваны яе бацька і засталася часцінка яе жыцця. Там, на воінскім мемарыяле Алеі Герояў, узведзены помнік Мікалаю Арлову, названа ў яго гонар  вуліца,  а ўсе ўзнагароды,  улічваючы залатую зорку Героя, асабістыя рэчы перададзены ў дар мясцоваму музею. Які сёння іх лёс – балючая тэма для жанчыны. Гаворыць, горка ад таго, што сёння ў суседняй краіне перапісваюць гісторыю тых страшных падзей, забываюць сапраўдных герояў, апаганьваюць іх магілы.

Мікалаю Арлову ўзведзены помнік і ў Санкт-Пецярбургу на мемарыяльным комплексе “Алея Герояў” і на малой радзіме ў пасёлку Актаныш у Татарстане. І вось яшчэ адна даніна павагі подзвігам героя: кніга, напісаная дачкою на беларускай зямлі, як запавет нам ад пакалення пераможцаў, каб чыталі, ведалі, памяталі. Як адзначыла Любоў Мікалаеўна на прэзентацыі выдання: наш святы абавязак адстаяць праўду пра вайну, захаваць памяць пра яе, пра паўшых і жывых герояў.

 Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о