14 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць дзень памяці сямі святых пакутнікаў Маккавеяў, іх маці Саламоніі і настаўніка Елеазара.
Жылі пакутнікі ў ІІ стагоддзі да нашай эры. У тыя часы цар Сірыі Анціох ІV Епіфан парабаціў яўрэйскі народ і прымушаў яго прыняць язычніцтва, адвергнуць звычаі і правілы сваіх бацькоў.
Адным з першых патрабаванняў, якое ён паставіў перад яўрэйскім народам – ужыванне ў ежу свініны, забароненай іх законамі. Дзевяностагадовы законанастаўнік Елеазар падвергся такому прымусу першы. Святы старац адмовіўся і загінуў у пакутах.
Яго вучні Авім, Антанін, Гурый, Елеазар, Еўсевон, Алім і Маркел таксама падвергліся па чарзе катаванням, блаславёныя на тое іх маці Саламоніяй. Ні адзін з іх не адступіўся ад веры нават пасля відовішча пакут братоў. Усе загінулі з мальбою, каб іх ахвяра змякчыла гнеў Божы супраць народа ізраільскага. Саламонія прынесла сябе ў ахвяру пасля смерці апошняга з сямі сыноў.
Подзвіг святых братоў натхніў Іуду Маккавея на паўстанне супраць цара Анціоха, у якім перамога была на баку ізраільскага народу.
Гэта старонкі гісторыі нашага праваслаўя.
Ікона Сямі пакутнікаў Маккавеяў многія дзесяцігоддзі з’яўляецца галоўнай святыняй храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Кашэвічах. Паміж вернікамі ходзяць легенды пра яе цудадзейныя магчымасці. І разышліся яны далёка за межы нашага Палесся. Таму едуць сюды пакланіцца і памаліцца з многіх куткой нашай краіны. Вера ў дапамогу святых Маккавеяў творыць цуды і на самой справе. Адным са шматлікіх фактаў заступніцтва святых братоў мясцовыя людзі расказваюць гісторыю жанчыны з Брэстчыны, якая доўгія гады пакутавала ад бясплоднасці. Вера прывяла яе ў нашу Свята-Успенскую царкву. Пасля малітваў гэтай іконе праз некаторы час яна прыехала ўжо з падзякай святым пакутнікам за цуда нараджэння сына. Потым яшчэ некалькі разоў прыязджала сюды са сваім хлопчыкам.

Працяг у легенды павінен быцьЦуды здараюцца з намі, калі мы іх чакаем, калі мы ў іх верым.
Сёння Свята-Успенская царква чакае не цуда, а рэальнай дапамогі. У нашай газеце ад 5 чэрвеня мы пісалі пра сітуацыю, што разгарнулася вакол храма. Яму патрабуецца тэрміновы рамонт, каб мы не загубілі гэты найкаштоўны скарб нашай малой радзімы, помнік ХVІІ стагоддзя з яго легендамі, былымі і сённяшнімі, скарбамі і рэліквіямі. Сёння кожны з нас павінен стаць заступнікам храма ад бязлітаснага часу.
Знайдзіце час і магчымасць, каб у гэты дзень, ці многія іншыя, бо як кажуць: у Бога дзён многа, пакланіцца храму і яго іконе, зрабіць свае ахвяраванні. І верце, што ваш цуд да вас прыйдзе.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о