Прэзідэнт падпісаў закон па змяненні Працоўнага кодэкса. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўваходзіла ў лік распрацоўшчыкаў гэтага дакумента. Падрабязна пра ўклад прафсаюзаў ў гэты дакумент расказала старшыня Петрыкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Валянцінаўна ШЧЭРБАК:

– Так, прыняцце змяненняў у Працоўны кодэкс для нас сапраўды вельмі важная падзея. Два гады Федэрацыя прафсаюзаў працавала над гэтым дакументам, было ўнесена каля 40 прапаноў па змяненні 30 артыкулаў. І трэба адзначыць, што большасць з іх было ўлічана ў абноўленым кодэксе. Яны значна ўзмоцняць правы і гарантыі працоўных.

– Наколькі своечасовыя змены Працоўнага кодэкса і на чым грунтавалася Федэрацыя прафсаюзаў, прапаноўваючы тыя ці іншыя праўкі?

– Рынак працы, як і ўсе сферы нашага жыцця, вельмі імкліва мяняецца. І важна, каб працоўнае заканадаўства своечасова рэагавала на гэтыя змена, станавілася больш гнуткім. Усе прапановы ФПБ сфарміраваны на аснове праблем, з якімі звярталіся сябры прафсаюза і працоўныя калектывы. Акрамя таго, мы штодня бываем на прадпрыемствах і ў арганізацыях, супрацоўнічаем з калектывамі і бачым, чым жывуць працаўнікі. Яны агучваюць нам свае праблемы, прапановы. Таму ўсе ініцыяваныя змены – гэта тыя запыты, якія прыйшлі да нас напрамую ад членаў прафсаюза. Затым усе гэтыя моманты старанна адпрацоўваліся з нашымі сацыяльнымі партнёрамі. І дзякуючы канструктыўнай пазіцыі ўсіх зацікаўленых – і дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў, і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, большасць з прапаноў улічаныя ў законапраекце.

– Людзі не раз выказваліся за тое, каб працоўныя адносіны з добрасумленнымі работнікамі падаўжаліся на максімальны тэрмін. І Федэрацыя прафсаюзаў доўгі час лабіравала гэтыя пазіцыі.

– Гэта было адно з самых значных пытанняў – замацаванне ў Працоўным кодэксе гарантый занятасці для добрасумленных работнікаў. На працягу апошніх некалькіх гадоў мы адзначалі тэндэнцыю да павелічэння колькасці кароткатэрміновых кантрактаў. Прычым нярэдка такая практыка прыводзіла да ўтоенага скарачэння. У выпадку аптымізацыі кадраў людзям проста не працягвалі кантракты і чалавек заставаўся літаральна ні з чым: без працы, без выплат, без перанавучання. Менавіта таму мы настаялі на ўключэнні ў Працоўны кодэкс нормы, якая гарантуе падаўжэнне кантракту на максімальны тэрмін, калі ў чалавека няма спагнанняў. У новым Працоўным кодэксе замацавана: калі бакі вырашылі працягнуць працоўныя адносіны, то падаўжэнне кантракту ў межах пяцігадовага тэрміну яго дзеяння з добрасумленным работнікам ажыццяўляецца на максімальны тэрмін. Па заканчэнні гэтага кантракту – новы падпісваецца на тэрмін не менш за тры гады ці заключаецца працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін. У нашым раёне з 2556 заключаных кантрактаў больш за 40% – кароткатэрміновыя. На 10 прадпрыемствах большасць работнікаў працуе па гадавых кантрактах. Найбуйнейшыя з іх ПУП «Палессе-Аграінвест”, ГПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Таксама захавана норма пра тое, што прафсаюз мае права ўдзельнічаць у абмеркаванні умоў кантракту работніка. Яна накіравана на тое, каб не дапусціць парушэння правоў работніка з-за не ўключэння ў кантракт гарантый, прадастаўленых работніку заканадаўствам, калектыўным дагаворам.

Якія яшчэ змены нас чакаюць у абноўленым кодэксе?

– Уключана прапанаваная прафсаюзамі норма пра абмежаванні матэрыяльнай адказнасці работнікаў. У цяперашні час поўная матэрыяльная адказнасць дае магчымасць наймальнікам спаганяць штрафы, накладзеныя на арганізацыю, з работнікаў, з якімі заключаны кантракты. Цяпер штрафы, якія накладаюцца на арганізацыю, нельга будзе спагнаць з работнікаў.

Прафсаюзы змаглі адстаяць захаванне месячнага тэрміну апавяшчэння работнікаў пра змяненні істотных умоў працы. Першапачаткова яго прапаноўвалася скараціць да тыдня. На наш погляд, такі тэрмін – відавочна мала для таго, каб чалавек мог знайсці новую працу, калі ён не згодны з зменамі ўмоў працы і вырашыў звольніцца.

Яшчэ адно змяненне Працоўнага кодэкса, ініцыяванае ФПБ, тычыцца абароны правоў працуючых пенсіянераў. На сённяшні дзень, ім, у адрозненне ад іншых катэгорый работнікаў, не выплачваецца выхадная дапамога, калі яны звальняюцца па прычыне парушэння наймальнікам працоўнага заканадаўства. ФПБ адстаяла пазіцыю аб выключэнні гэтай нормы з закона, каб да ўсіх работнікам быў роўны і справядлівы падыход.

Работнiкi, якiя працуюць на адкрытым паветры ці ў закрытых неацяпляльных памяшканнях, будуць мець права на дадатковыя сацыяльныя перапынкі не толькі ў зімовыя месяцы, але і ў іншы час года пры сярэднясутачнай тэмпературы паветра + 10 ° C. А такая тэмпература характэрная, напрыклад, для лістапада або сакавіка.

Яшчэ прынята дапаўненне, у адпаведнасці з якім агульная працягласць прастояў не можа перавышаць сумарна шасці месяцаў на працягу каляндарнага года. Зараз на працягу года можна некалькі разоў аб’яўляць прастой і кожны раз ён павінен быць не больш за 6 месяцаў. Гэтым часам злоўжываюць наймальнікі, а пакутуюць работнікі, у якіх на час прастою памяншаецца аплата працы.

– Дзякуй, Галіна Валянцінаўна, за грунтоўныя адказы!

Падрыхтавала Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о