У свае 68 гадоў Мікалай Маткоўскі выглядае салідна і жвава, хаця мужчына прызнаўся, што доўгі час змагаўся з анкалогіяй, перанёс тры аперацыі, быў на групе інваліднасці. Напэўна, цвёрдасць характару, прага да жыцця, жаданне дапамагчы сваім дзецям, унукам, роднай вёсцы не даюць яму апускаць рукі.

Працаздольнасць – лепшы талентНарадзіўся і вырас Мікалай Дзмітрыевіч у Навасёлках. Маці і бацька адпрацавалі ў былой мясцовай ПМК: Ганна Сямёнаўна – рабочай, Дзмітрый Антонавіч – столярам. Даўно няма ў жывых бацькоў, але добрыя ўспаміны пра іх носіць у сабе Мікалай Дзмітрыевіч.

– Я таксама пачынаў свой працоўны шлях з будаўнічай галіны: вось гэты дом па вуліцы Леніна, у якім пражыў з жонкай Нінай Іванаўнай ужо сорак гадоў, я будаваў у 1970-м годзе, – адзначыў мой суразмоўца. – Уладкаваўся тады падсобным рабочым, каб да арміі не блытацца, а зарабіць капейку. Ды і на ўзвядзенні школы быў заняты.
Службу ў арміі праходзіў у Заслонава, на Віцебшчыне, у танкавай дывізіі. Калі дэмабілізаваўся, зноў вярнуўся ў ПМК-4, дзе працаваў і вадзіцелем, і рабочым.
У 1976 годзе скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум і з 1 чэрвеня прыступіў да абавязкаў інжынера-механіка ў саўгасе “Навасёлкі”. Праз пяць гадоў паставілі загадваць механічнымі майстэрнямі. Увогуле ў саўгасе адпрацаваў 22 гады.
У 1998 годзе перайшоў на сепаратарны пункт, затым аператарам кацельні быў у бальніцы, школе мастацтваў. Восем гадоў ужо на заслужаным адпачынку, але і гэтай зімой пайду працаваць, бо сядзець дома не магу.

Жонка Ніна таксама мясцовая. Адпрацавала ў садку загадчыцай гаспадаркі, нянькай, дворнікам. Цяпер на пенсіі, але занята прыбіральшчыцай у будынку сельсавета.
У нас дзве дачкі: Наташа пражывае тут, а Таццяна – у Жодзіна. Старэйшай унучцы Ірыне ўжо 19 гадоў. Яна –лабарант на сталічным заводзе гадзіннікаў. Унук Мікалай, мой цёзка, наступным летам скончыць школу.
Апошнія тры гады запар летняя пара для Мікалая Дзмітрыевіча была надзвычай актыўная. Менавіта столькі часу ён з’яўляецца старастам вёскі і добрым памочнікам для старшыні сельсавета Юліі Ракіцкай.
– Кожная пятніца праходзіць прадукцыйна, – працягнуў свой аповед Мікалай Дзмітрыевіч. – За гэты час мы загарадзілі могілкі ў Галоўчыцах, там жа абнаўлялі агарожу і па вуліцах вёскі. У Філіпавічах высякалі галлё, абкошвалі тэрыторыі. Працы хапала і ў Ванюжычах ды і саміх Навасёлках.
Вось бачыце, адразу паўз дарогу, каля нашага дома невялікія могілкі? Гэта яшчэ ў ваенныя і пасляваенныя гады тут хавалі людзей. Засталіся сем магіл. Некаторыя абазначаны. Напрыклад, тут магіла нашага земляка Яўмена Брэвуса. Я шмат смецця будаўнічага адсюль вынес, падкошваў заўсёды тэрыторыю. Некаму ж трэба сачыць за парадкам у вёсцы! Мала ахвочых цяпер людзей. А ў сельсавеце рабочы працуе на 0,75 стаўкі і яму вунь колькі трэба абкасіць! Тэрыторыя ж Савета нашага вялікая.
Вось і з дрэвамі аварыйнымі нешта трэба рабіць: у нашым двары ўсе памечаны фарбай, а спілаваць няма сродкаў. Так і за школай мастацтваў колькі часу ўжо сухая таполя тырчыць: электрыкі наведваліся колькі разоў і так рады даць не могуць.

Цяжка цяпер заклікаць людзей зрабіць нешта карыснае для сваёй малой радзімы, для вёсак, у якіх выраслі і пражываюць. Цяпер і каністру бензіну набыць, каб падкасіць летам вуліцы – цэлая падзея. На Заброддзе ў нас дарога патрабуе рамонту, усе пра гэта ведаюць, але сродкаў пакуль няма, гэта зразумела.
Узгадваю гады, калі працаваў у саўгасе. У нас тады галоўным інжынерам, галоўным энергетыкам, інжынерам па ТБ працаваў Васіль Рымша – наш паважаны ў вёсцы чалавек, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пазней інжынерную службу ўзначальваў Мікалай Куцко, які пасля сельгаспрацы ў саўгасе быў яшчэ консулам у Смаленску. Таксама нашы Уладзімір Дубіна, Іван Бакун і знакаміты кіраўнік саўгаса, цудоўны чалавек Аркадзій Парахневіч. Гэта было залатое ядро гаспадаркі.
Мы працавалі зранку да ночы, асабліва ў час сяўбы і жніва. Але ўмелі і адпачываць, святкаваць дні нараджэння. Выязджалі на прыроду і зацягвалі песні. На наступны дзень у 7 раніцы трэба было быць на працы, а вяскоўцы нам гаварылі: “Ну малайцы, хлопцы, хораша спявалі!”.

Аркадзь Сцяпанавіч давяраў нам, не прыціскаў, усе працавалі зладжана. Толькі прасіў акрамя працы прымаць удзел у грамадскім жыцці гаспадаркі. Я, дзякуючы Васілю Гавінскаму (светлая яму памяць), навучыўся іграць на тубе (такі духавы інструмент) і прымаў удзел у прафсаюзным абласным аглядзе-конкурсе. Гэта было зімой, мароз -26 градусаў, а мы паехалі на конкурс, нават трэцяе пачэснае месца прывезлі.
І вось цяпер гляджу на тое, што адбываецца ў нашай Беларусі, і думаю: гэта ж на мітынгі выхо-дзяць тыя, хто працаваць не жадае. Вясковы працаўнік не паехаў бы бударажыць спакой краіны. Я не ўтойваю, што разам з жонкай мы галасавалі за дзеючага Прэзідэнта краіны і мы падтрымліваем яго ідэі наконт незалежнасці і суверэннасці Беларусі. Усё ж правільна сказана, што Расія застаецца нашым старэйшым братам. Гэта так, бо без Расіі нам не абыйсціся. Трэба падтрымліваць сяброўскія адносіны паміж краінамі.
Неяк трэба разумець моладзі, што таленты свае лепш праяўляць у працы, а не хадзіць па плошчах гарадоў з плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі.
Бо для чаго жылі і працавалі нашы продкі? Тыя ганаровыя жыхары вёсак і гарадоў, якія сваімі рукамі будавалі тое, чым мы цяпер карыстаемся?

Вось і ў Навасёлках шмат такіх людзей. Да старажылаў можна аднесці Марыю Шаўцову, Любоў Загорац, Ганну Сянько і іншых.
Калі людзі будуць баставаць, а не працаваць, то на які поспех можна разлічваць увогуле?

А тое, што гавораць, маўляў Україна жыве лепш, дык я ў гэта не веру. Мой бацька быў родам з Заходняй Украіны, Івана-Франкоўскай вобласці. І добра, што маці мая не згадзілася паехаць туды жыць.
Вось такія справы. А што да мяне, то, як бачыце, дроў нарыхтаваў, у стажок склаў. Зімой бу-дзем у цеплыні, бо сцены ў нашым доме з цэглы, паўметровай шырыні. Жыві і радуйся. Унук – часты госць у нас. Для яго трэба жыць. І будзем шукаць сілы!
– Дзякуй, паважаны Мікалай Дзмітрыевіч, за Ваш аповед! Моцнага здароўя, цеплыні ў сэрцы, удзячнасці ад вяскоўцаў за Вашу ініцыятыўнасць і працаздольнасць!

Інга ГІЛЕНКА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о