Чарговы свой нарыс пра былых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Петрыкаўшчыны прысвячаю Уладзіміру Русаку – чалавеку вернаму свайму слову, прадпрымальнаму, строгаму і ў той жа час справядліваму.

Уладзімір Ільіч запрасіў да сябе ў Навасёлкі, дзе разам з жонкай Валянцінай Кірылаўнай пражываюць у доме яе бацькоў. Дому, са слоў Уладзіміру Ільіча, 60 гадоў, але ўсё тут дагледжана і захавана так, што яшчэ паслужыць гаспадарам доўгі час, ды і нашчадкам застанецца.

Працаваць “з халадком” нельга…

З першых хвілін гутаркі ўбачыла рысы добрага гаспадара. Не памылілася, бо не толькі дома, але і на працоўным месцы Уладзімір Ільіч заўсёды паказваў сябе з лепшага боку, імкнуўся быць добрым прыкладам для людзей, надаваць ім стымул для работы.

Інакш і нельга было паступіць, бо былы саўгас “Капаткевічы” Уладзімір Русак узначаліў у сту-дзені 1992 года. Гэта быў самы “гарачы” час пасля развалу Саюза. Нестабільнасць, адсутнасць грашовых сродкаў, заняпад у вытворчасці, крадзяжы і незадаволенасць людзей. Усё давялося аднаўляць пакрысе і ўздымаць на высокія рубяжы, за што сёння былому кіраўніку не сорамна перад тымі, з кім працаваў.
– Сапраўды так. Мне, 40-гадоваму мужчыне, даверылі кіраўніцтва саўгасам, калі той пачаў падаць на кукішкі. – Перш за ўсё давялося праводзіць ідэалагічную работу з людьмі, настройваць іх на пазітыў, на жаданне працаваць, а не расцягваць апошняе.

У гаспадарцы на той час былі заняты 270 чалавек. Мелі мы 7 тысяч гектараў пашы, 1200 галоў дойнага статку, 2,5 тысячы свіней, пчальнік з 35 сем’яў. Пакрысе пачалі нарошчваць аб’ёмы прадукцыі і сталі адной з перадавых гаспадарак Петрыкаўшчыны. Лічыце самі: на карову надойвалі па 4,5-5 тысяч тон малака за год. Валавы збор зерня быў 4,5 тысячы тон, сярэднясутачныя прывагі цялят – 800 грамаў. Кармавыя дрожжы рабілі, каб прывагі добрыя былі. Выхад цялят на 100 кароў – 98. І гэта без усялякіх прыпісак, бо інакш бы мы не выжылі. У вытворчых памяшканнях заўсёды чыста было, у тапках можна хадзіць. Калі нешта не атрымлівалася, то праводзілі эканамічны савет і выяўлялі хібы ў вытворчасці. Добрым спецыялістам, галоўным экана-містам была Галіна Кудзіна, якая раскладвала па паліцах кожную лічбу. Хочацца ўзгадаць добрымі словамі кіраўнікоў і калектывы Капаткевіцкай ПМК-67, школы і іншых устаноў і арганізацый, хто заўсёды дапамагаў нам.
Прадукцыю выраблялі, але грошай наяўных не было. Тады ўзнікла ідэя заняцца кааперацыяй. Адкрылі свой магазін, пякарню, мясны міні-цэх. Праз магазін пайшлі ўсе разлікі з людзьмі. Тавары былі танныя, з мінімальнай нацэнкай. З Брэста прывозілі дываны, з Пінска – трыкатаж, з Бабруйска – мэблю і абутак. Узаемаразлікі дазволілі людей і апрануць, і абуць, і ў дом нешта набыць.

Малако мы рэалізоўвалі не на Петрыкаўскі маслазавод, а на Рагачоў, на кансервавы завод. Адтуль нам давалі згушчанае малако, цукар. Нават вазіўшы сыравіну за 160 кіламетраў, нам было гэта выгадна.

Шмат увагі надавалі людзям. Так і павінна быць: перш чым ад чалавека нешта патрабаваць, трэба забяспечыць яго на працоўным месцы ўсім неабходным. Так, у нас працаваў свой пашывачны цэх: спецвопратку шылі самі. Быў і майстар па рамонце абутку. Лазня грамадская працавала. Дарэчы, каб сэканоміць грошы, мы перавялі кацельні і зернесушылкі на мясцовыя віды паліва – дровы. Была і свая піларама, сталярны цэх, цэх па вырабе шлака-бетонных блокаў, з якіх мы пабудавалі на мехдвары складскія памяшканні, ды і жыллё будавалі з іх. Выраблялі і штыкетнік.

Калі я прыйшоў, тэхнікі амаль не было. Так у аграсервісе ўзялі трактары, пяць камбайнаў набылі ў крэдыт. Людзі акуратна выкарыстоўвалі тэхніку. Добрыя спецыялісты ў нас былі і ў мехмайстэрнях: зваршчыкі, токары, кавалі. Мы стварылі цэх па рамонце кузаваў, паліўнай апаратуры, перамотвалі электрарухавікі, нават шлангі каталі самі. Сёння ўсе гэтыя работы выконваюць у Калінкавічах.
Убачыў, што людзей не трэба прымушаць працаваць, яны самі былі зацікаўлены ў выніку. Капаткевічане працавітыя, добры ў нас быў калектыў. Ды і на адпачынак хапала часу. Усе мерапрыемствы мы праводзілі разам: сяўбу зерневых, зажынкі, дажынкі, прафесінае свята, справаздачныя сходы. Гулялі на прыродзе, у сталовай нашай накрывалі таксама сталы. І людзям нават сёння ёсць што ўзгадаць.
Што датычыць раслінаводства, то акрамя зерневых вырошчвалі сланечнік, люцэрну, сою, цукровыя буракі, гародніну шматлікую. Да 300 гектараў аднаго сланечніка было. Прыдумалі, як яго ўбіраць: на камбайне вынеслі матавіла, напалову жатка зрэзвала расліны, на АВМ сушылі насенне, завозілі яго ў Пціч на станцыю, адтуль цягнікамі на Віцебск. У нас у адзін год рэнтабельнасць сланечніку была 400% (!). Людзям алею давалі па 50 літраў на чалавека. Можна было яго прадаваць, ды і самім карыстацца.
Свой гандаль арганізоўвалі: тую ж выпечку, каўбасу сялянскую, якую рабілі нашы дзяўчаты, іншыя тавары затарвалі ў машыну, апраналі халаты і выязджалі ў цэнтр Капаткевічаў. Там жа ўсе бюджэтныя арганізацыі, якім хоць нешта плацілі, вось і мы атрымлівалі капейку. Ды і парсюкоў прадавалі. Ой, усё спрабавалі, што толькі можна! І выжылі!
За час маёй работы і мехдвор заасфальтавалі, і запраўку перанеслі туды з тэрыторыі дзіцячага сада, і парадак навялі са складзіраваннем металалому.
Ведаеце, працаваць “з халадком” нельга, бо і выніку не будзе.
Я нарадзіўся ў вёсцы Вадовічы Калінкавіцкага раёна ў сялянскай шматдзетнай сям’і: маці была паляводам у калгасе, бацька – пчаляром. Пасля васьмі класаў набыў спецыяльнасць вадзіцеля ў ДТСААФ, затым армія, пасля – вучоба ў Буда-Кашалёўскім тэхнікуме. Пазней ужо вышэйшую адукацыю атрымаў у Горацкай сельгасакадэміі. Дарэчы, пасля тэхнікума пачалася працоўная дзейнасць у саўгасе “Чалюшчавічы”, дзе быў механікам, загадчыкам мехмайстэрняў, затым 15 гадоў намеснікам дырэктара. Добры быў дырэктар Канстанцін Дзям’янавіч Матусевіч, ён многаму мяне навучыў.

Што датычыць кіраўніцтва капаткевіцкай гаспадаркай, то там адпрацаваў да жніўня 1998 года. Захварэў на псарыяз і больш не было сіл змагацца. Знайшоў работу лягчэйшую: год пабыў у інспекцыі па каранціне раслін у Петрыкаве, затым у Ельскім раёне на мяжы з Украінай працаваў начальнікам фітасанітарнага кантролю. Потым запрасілі ў Калінкавічы на камбінат хлебапрадуктаў, пазней на “Белсыр” намеснікам дырэктара па пастаўцы сыравіны. Працаваў і ў Козенках, узначальваў забойны цэх, нават будучы на пенсіі яшчэ быў заняты. Ды і цяпер просяць два разы на ты-дзень кантраляваць забой. Гэты цэх належыць УП “Палессе-Аграінвест”. У гаспадарцы ж на сёння 11 тысяч галоў свіней.

Што да асабістага жыцця, то ўсё ўдалося. Мая Кірылаўна нарадзіла дачку і сына. Вольга ў Маскве пражывае. Яна медык, мае дваіх дзяцей. Сын Ігар тут, працуе ў Чалюшчавічах старшынёй сельсавета. У яго таксама двое дзяцей. Ён з дзяцінства са мной заўсёды па фермах, на нарыхтоўцы кармоў, усюды бываў.

Цяпер вось у вёсцы вяду спакойны лад жыцця: за грыбамі хаджу, па гаспадарцы ўпраўляюся. Жыццё ўдалося, скажу я без перабольшвання!
– Дзякуй, Уладзімір Ільіч, за цікавы аповед! Няхай ён будзе добрай падказкай цяперашнім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, як можна выжываць у складаных умовах, разлічваючы толькі на ўласныя сілы і працаздольнасць калектыва. Здароўя, цёплых сустрэч з унукамі, кахання і згоды Вашай сям’і!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о