Лічу, што працаваць трэба сумленна.

Працаваць трэба сумленна

Стала ўжо нормай, што калі мы распавядаем пра чарговыя дасягненні ў сферы АПК, звесткі гэтыя часцяком звязаныя з адной з самых паспяховых гаспадарак Петрыкаўшчыны – УП “Палессе-Аграінвест”. Як доказ таму – дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Капінскі, які быў сёлета прызнаны аблвыканкамам чалавекам года ў намінацыі “кіраўнік”. Скажам шчыра пагутарыць з Міхаілам Анатольевічам было няпроста – у гарачую пару жніва час аграрыяў распісаны літаральна па хвілінах. Толькі на ўрачыстым шанаванні тысячнікаў, што праходзіла на палях урочышча Бахмат нам удалося папытаць Міхаіла Капінскага пра працоўны шлях, сакрэты поспеху і метады кіравання на карысць плённай вытворчасці.

– Мой бацька працаваў інжынерам-механікам у гаспадарцы вёскі Віша. Зразумела, у час жніва тата садзіўся на камбайн, і калі я навучаўся ў 8 класе – узяў мяне сваім памочнікам. За гэты сезон ён навучыў мяне ўсяму патрэбнаму. Так і пачаўся мой працоўны шлях. Але трэба зазначыць, што бацька даў мне не толькі першую працоўную навуку. Як чалавек просты і прынцыповы, ён навучыў мяне адказна ставіцца і шчыра выконваць сваю справу. І калі хто і быў для мяне ўзорам у працы, дык гэта ў першую чаргу мой бацька.

На наступны год, калі Міхаіл  навучаўся ў дзевятым класе, яго запрасілі ў якасці самастойнага камбайнера. Аформілі ў штат, ці як кажуць зараз – афіцыйна. Так і прывязаўся юнак да сельскай гаспадаркі і тэхнікі. Асабліва падабаліся розныя электрапрылады, таму выбар Міхаіла быў вызначаны – паступіў пасля школы ў тэхнікум на спецыяльнасць электрамеханіка.

Правучыўшыся год, юнак, якому споўнілася 18 гадоў, быў прызваны ў войска. Армейская служба была нялёгкай і, відаць, багатай на цяжкасці, бо трапіў Міхаіл Капінскі ў Афганістан. Адслужыўшы ў войску, вярнуўся да навучання, скончыў тэхнікум і трапіў па размеркаванні ў саўгас “Беразнянскі”, што ў Калінкавіцкім раёне. Тагачасны кіраўнік, мабыць, заўважыўшы здольнасці Міхаіла, прапанаваў яму больш адказны сектар працы. Маўляў, электрамеханік – справа добрая, але хто вас на ёй заўважыць? А вось начальнік участка… Міхаіл намагаўся патлумачыць, што не мае досведу ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, ён – спецыяліст па электрыфікацыі, але кіраўнік быў больш пераканаўчым.

Пасля першага году працы  ў час дажынак участак Міхаіла Капінскага заняў па паказчыках трэцяе месца. Было сорамна маладому спецыялісту, ён разумеў, што не хапае ў першую чаргу ведаў. Таму зноў накіраваўся у родны тэхнікум, набраў літаратуры, пачаў вывучаць.

Наступныя восем гадоў аддзяленне Міхаіла Анатольевіча безперапынна займала толькі першае месца. Затым кемлівага спецыяліста перавялі на пасаду галоўнага інжынера, а праз год даручылі кіраваць невялікай гаспадаркай “Азарычы”.

Кіраўніцтва раёна бачыла поспехі спецыяліста, таму наступнае прызначэнне не заставіла сябе чакаць і Міхаіл Капінскі стаў дырэктарам КСУП “Каплічы”. Гэта было куды больш магутнае сельгаспрадпрыемства: адной буйной рагатай жывёлы тут было звыш 4 тысяч галоў, а быкоў здавалі да 100 тон на месяц.

І вось праз дзевяць гадоў Міхаіла Анатольевіча запрасілі на Петрыкаўшчыну. Былы генеральны дырэктар Мазырскага НПЗ Анатоль Купрыянаў казаў, што гаспадарку трэба паднімаць, а годная падзяка будзе. Але не да ўзнагарод было кіраўніку “Палесся-Аграінвест”, трэба было вырашаць надзённыя пытанні. Міхаіл Анатольевіч прызнаецца, першыя 3-4 месяцы думаў, што не справіцца. Уставаў а чацвёртай гадзіне раніцы, клаўся адпачываць позна ноччу. Кадравую праблему ўдалося вырашыць з дапамогай былых падначаленых. Ім і самім быў даспадобы былы кіраўнік “Каплічаў”, таму літаральна за паўгады ў раён на працу з Калінкавіцкага раёна пераехала 8 спецыялістаў. Яны і зараз у ліку перадавікаў гаспадаркі.

Былі і натуральныя, аб’ектыўныя нязручнасці – падворкі сельгаспрадпрыемства раскіданыя па раёне. Уявіце, колькі часу ўходзіць на дарогу, каб аб’ехаць аддзяленні, вырашыць тое, ці іншае пытанне, ды трапіць у зарэчнаю зону! Яшчэ адна недарэчнасць, з якой сутыкнуўся кіраўнік, здавалася нават дзіўнай. Працаўнікі гаспадаркі баяліся агучваць праблемы, з-за чаго недагляды і хібы станавіліся яшчэ больш вострыя.

З таго часу прадпрыемству ўдалося вырашыць пытанні і значна нарасціць вытворчасць. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася з 5 да 9 тысяч. Адпаведна выраслі і надоі з 20 да 47 тон на дзень. Пагалоўе свіней таксама вырасла з 6 да 11 тысяч.

На пытанне, ці ёсць сакрэт паспяховага кіравання і плённай працы, Міхаіл Анатольевіч адказвае, што ніякага сакрэту няма. “Лічу, што трэба проста быць сумленным чалавекам. У першую чаргу перад самім сабою. Калі ёсць недапрацоўкі, іх трэба выпраўляць, а не хаваць ці адмаўляцца ад іх. Выправіў праблемы, падлічыў магчымасці, паставіў задачу, высветліў, што для дасягнення мэтаў патрэбна тваім спецыялістам, дапамог, ці папрасіў дапамогі, калі яна патрэбная. Часам заўважаеш, што нібы замінаюць некаторым кіраўнікам іх працаўнікі. А я лічу, што кіраўнік павінен ведаць, што адказны перад падначаленымі. Перад табою народ і мы робім адну справу. Усе мы жадаем каб ў людзей быў хлеб, і каб быў ён смачны і каб было хлеба многа”.

 

Арцём ГУСЕЎ,

фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о