Сёлетняе 1 Мая для прафсаюзаў не толькі “прафесійнае” свята, але і круглая дата – 115-годдзе прафсаюзнага руху. Правераныя часам і падзеямі, прафсаюзы пацвердзілі дадзены ім высокі давер у абароне правоў працаўнікоў, з пакалення ў пакаленне назапашваючы традыцыі і ўдасканальваючы сістэмнасць і зладжанасць функцыянавання.
Раённаму аб’яднанню прафсаюзаў пад кіраўніцтвам старшыні Галіны Шчэрбак, якое аб’ядноўвае ўсе галіновыя структуры, сёння ёсць пра што расказаць. Працягвае расці колькасць першасных арганізацый у раёне, пры сумесных з кіраўнікамі прадпрыемстваў намаганнях паляпшаюцца ўмовы працы работнікаў, рэгулярна вядзецца маніторынг выканання працоўнага заканадаўства, раённае аб’яднанне прафсаюзаў адкрыта для дыялогу ў час правядзення прававых прыёмаў. Пра гэту сур’ёзную і змястоўную працу мы рэгулярна расказваем на старонках нашай газеты. Цяпер прапанавалі Галіне Шчэрбак пазнаёміць чытачоў газеты з дзейнасцю прафсаюзаў у тым ліку і ў агульнарэспубліканскім маштабе.

Працаўнікі, прафесіяналы,  прафсаюзы

– Галіна Валянцінаўна, раскажыце, чым мінулы год быў адзначаны для прафсаюзнага руху?
– Абарона правоў работнікаў, адстойванне іх інтарэсаў – наш асноўны накірунак працы. Па патрабаванні прававых інспектараў і прадстаўнікоў прафсаюзаў толькі ў мінулым годзе ў рэспубліцы працаўнікам было вернута больш 4 мільёнаў рублёў незаконна ўтрыманых ці нявыплачаных сум. Два такія выпадкі вырашаліся і намі ў адносінах працаўнікоў КСУП “Грабаў”.
Маніторынгам выканання працоўнага заканадаўства былі ахоплены 16,7 тысячы арганізацый і прадпрыемстваў краіны. Па выніках грамадскага кантролю выяўлена звыш 41 тысячы парушэнняў, 342 службовыя асобы прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці. Большасць праблем, выяўленых у час маніторынгаў ці з якімі ў прафсаюзы прыходзяць грамадзяне, атрымоўваецца вырашыць шляхам перамоў з кіраўніцтвам арганізацый. Калі ж не, мы гатовыя адстойваць інтарэсы працаўнікоў у судах. Летась прафсаюзамі рэспублікі было падрыхтавана 662 працэсуальныя і іншыя дакументы, з іх 498 – у судовыя органы, кожны чацвёрты з якіх быў разгледжаны на карысць працаўніка. За першы квартал сёлета раённым аб’яднаннем прафсаюзаў аказана дапамога двум працаўнікам у складанні іскавых заяў у суд нашага раёна. Рашэнні суда прыняты на карысць заяўнікаў. Агульна па краіне 214 спрэчак атрымалася вырашыць без звароту ў суд, у нашым раёне – 4. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў адноўлена на працы 99 чалавек, адзін – у нас. За кожнай гэтай лічбай стаяць рэальныя людзі, якім мы дапамаглі вырашыць пэўную праблему.
– Кожны апошні чацвер месяца Вы праводзіце прававыя прыёмы. З якімі праблемамі і пытаннямі ідуць да Вас працуючыя?
– Мы практыкуем правядзенне сумесных прававых прыёмаў з прававымі інспектарамі абласных галіновых прафсаюзаў і пракурорам раёна. Амаль тры дзясяткі людзей звярнуліся да нас за кансультацыямі ці дапамогай. Але калі ў працаўніка ўзнікаюць пытанні, не абавязкова чакаць да прыёму, можна ў любы час патэлефанаваць ці прыйсці да мяне, звязацца па тэлефоне з юрыстамі абласнога аб’яднання прафсаюзаў, ФПБ, пакінуць пісьмовы ці электронны зварот. На інтэрнэт-партале ФПБ 1prof.by, а таксама абласнога аб’яднання прафсаюзаў працуе сэрвіс, на якім прадстаўлены прафсаюзныя юрысты па ўсіх рэгіёнах і галінах. Для звароту дастаткова пазначыць свой рэгіён і сферу дзейнасці, а праграма прапануе прававых інспектараў, якія змогуць найболей эфектыўна яму дапамагчы. Кожную пятніцу з 9 да 16 гадзін працуе прафсаюзны тэлефон даверу 8-0232-32-90-85, 8-029-612-90-85, па якім членам прафсаюза можна атрымаць бясплатную кансультацыю па пытаннях працоўнага заканадаўства.
– Якімі важнымі для прафсаюзнага руху краіны падзеямі быў адзначаны мінулы год?
Адным з найважных пытанняў для Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі была праца над законапраектам Працоўнага кодэкса, дзе было ўнесена каля 40 прапаноў. Усе яны сфарміраваны на аснове запытаў і праблем, з якімі звяртаюцца члены прафсаюза і працоўныя калектывы.
Яшчэ адна важная падзея канца мінулага года – гэта падпісанне Генеральнай дамовы паміж урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019-2021 гады. Там знайшлі адлюстраванне найболей значныя пытанні: рост зарплат і забеспячэнне занятасці насельніцтва, кошты на найважныя прадукты харчавання і сацыяльныя гарантыі. У выніку перамоў усе бакі змаглі знайсці кампрамісы для спрэчных пытанняў і захаваць гарантыі для працаўнікоў, прапісаныя ў папярэдняй дамове, а па шэрагу пытанняў нават узмацніць іх. Да прыкладу, улічана прапанова пра распрацоўку мер па абароне матэрыяльных правоў працаўнікоў у выпадку банкруцтва арганізацыі, пашыраны пералік гарантый, рэкамендаваных для ўключэння ў калектыўныя дагаворы. Гэта тычыцца нормаў пра стымуляванне павышэння кваліфікацыі і навучання працаўнікоў, развіцця інстытута настаўніцтва, а таксама пра абарону правоў працаўнікоў пры іх звальненні ў выпадках рэарганізацыі прадпрыемстваў. Пашыраны магчымасці для працаўладкавання моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і жанчын, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.
2019 год – асабліва адказны для прафсаюзнага руху ўсёй краіны. Ва ўсіх пярвічках праходзяць справаздачна-выбарчыя сходы. У нашым раёне яны ўжо адбыліся ў 77 з 106 першасных прафсаюзных арганізацый. Падведзены і вынікі штогадовага конкурсу на лепшую першасную арганізацыю. Пра гэта мы ўжо расказвалі раней.
– Пытанні аховы працы – адна з асноў дзейнасці прафсаюзаў. Якія з іх самыя актуальныя?
– Летась прафсаюзамі краіны выяўлена больш 64 тысяч парушэнняў заканадаўства пра ахову працы ў розных сферах. Прыпынена эксплуатацыя больш 2,2 тысячы адзінак няспраўных механізмаў і абсталявання, якія маглі стаць прычынамі траўміравання працаўнікоў. Тэхнічныя інспектары ФПБ прынялі ўдзел у расследаванні 375 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У шасці выпадках са смяротным зыходам і ў адным, які прывёў да цяжкай вытворчай траўмы, прафсаюзныя тэхінспектары працы не пагадзіліся з заключэннямі дзяржінспектараў працы, справы былі накіраваны ў суд. Кантралявалася выплата пацярпелым на вытворчасці працаўнікам і членам іх сем’яў кампенсаванняў, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі.
У мінулым годзе ў арганізацыях рэспублікі ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 144 працаўнікі, што на 29 больш, чым годам раней, і 700 чалавек атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы (у 2017 годзе – 593). На жаль такія выпадкі зарэгістраваны і ў нашым раёне: 6 выпадкаў траўміравання с цяжкім зыходам, 1 – са смяротным.
Штогод прафсаюзамі праводзіцца маніторынг выканання нормаў і правіл аховы працы пры правядзенні пасяўной кампаніі. Раённым аб’яднаннем прафсаюзаў сумесна з раённай арганізацыяй прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу вядзецца пастаянны кантроль за ўхіленнем выяўленых парушэнняў, забеспячэннем працаўнікоў гарачым харчаваннем, спецвопраткай. Існуе праблема допуску працаўнікоў да кіравання транспартнымі сродкамі без праходжання перадрэйсавых аглядаў, а таксама ўжыванне выпадковых прадметаў пры рамонце тэхнікі. Фіксуюцца парушэнняі пры правядзенні навучання, інструктажу і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. Як паказвае практыка, гэтыя факты становяцца прычынамі траўміравання на вытворчасці.
Павінна быць адказнасць усіх – і кіраўніка, і працаўнікоў за тое, што адбываецца на прадпрыемстве: за тэхніку бяспекі, дысцыпліну, якасць працы – гэта патрабаванне прафсаюза.
Павага да чалавека працы ляжыць ў аснове планаў і штодзённых спраў прафсаюзаў. Гэты ж прынцып з’яўляецца лейтматывам Свята працы – увасаблення салідарнасці працуючых, аб’яднаных імкненнем да стварэння і дабрабыту. 1 Мая наш агульны дзень, які у чарговы раз нагадвае, што ў згуртаванасці – наша сіла.
Са святам, паважаныя землякі! Жадаю вам новых здзяйсненняў на любімай працы і павагі калег. Няхай разам з цяплом прыйдуць новыя сілы і ідэі, а ваша праца будзе пасільнай, годнай, сумленнай і прыносіць толькі задавальненне.
Мірнага і чыстага неба над галавою, дабра, дабрабыту і выдатнага вясенняга настрою!

Падрыхтавала
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о