Прысадзісты, каларытны, з мазольнымі рукамі і простым душэўным норавам… Менавіта такім я ўбачыла пры сустрэчы на ферме “Заполле” Васіля Мухіна.
Васіль Дзмітрыевіч родам з Камаровіч. Адсюль былі і ягоныя бацькі. Маці Марыя Мікалаеўна працавала жывёлаводам, некаторы час загадвала камаровіцкай фермай. Быцька Дзмітрый Андрэевіч адпрацаваў у саўгасе вадзіцелем. У сям’і Мухіных выхаваліся чацвёра дзяцей. Васіль Дзмітрыевіч – другі. Дарэчы, жывых засталося двое: ён і старэйшая сястра Валянціна, якая пражывае ў Калінінградскай вобласці.Праца –  крыніца дабрачыннасці

Маці пайшла з жыцця трагічна: у 1973 годзе ў час навальніцы збірала шчаўе ў полі. Калі пераходзіла канаву, маланка ўдарыла і забіла жанчыну. Бацька больш не ўладкаваў сваё асабістае жыццё. Здароўе падкасіла, напэўна, трагедыя, ды і лёс лёгкім не быў. Пайшоў з жыцця ў 68-гадовым узросце.
Пасля школы Васіль вырашыў, што застанецца ў роднай вёсцы. Скончыў пры саўгасе “Камаровічы” курсы трактарыстаў і пачаў сваю працоўную дзейнасць з 1970 года. Першы трактар, на якім давялося працаваць два гады, быў гусенічны, Т-74. Затым была двухгадовая служба ў арміі. За час службы ў вайсковай часці ў Барысаве праяўляў сябе станоўча. Там быў механікам-вадзіцелем. Да сёння захоўвае Васіль Дзмітрыевіч армейскія граматы за доблесную службу.
Гэта быў толькі пачатак назапашвання ўзнагарод. За 48 гадоў працоўнага стажу (Васіль Дзмітрыевіч працуе і да сёння) скарбонка з граматамі і медалямі значна пацяжэла. Так, Васіль Мухін на сваім рахунку мае медаль “За працоўную адзнаку”. Узнагароджаны знакамі “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў” у 1976, 1977, 1980 гадах, бронзавым знакам “Малады гвардзеец пяцігодкі”, знакам “Ударнік дзясятай пяцігодкі”. Да таго, мае шматлікую колькасць Ганаровых грамат і ўдзячнасцяў.
Васіль Дзмітрыевіч рыхтаваўся да нашай сустрэчы і прыхапіў з сабой акрамя грамат нумар раённай газеты “За новыя рубяжы”, датаваны 4 красавіка 1972 года. Якасць друкаваных старонак цудоўная, захавалася да сёння, прыемна зірнуць. На першай старонцы рэпартаж фотакарэспандэнта “раёнкі” Івана Друка пра вывазку арганічных угнаенняў на палі гаспадаркі. На здымку маладыя і прыгожыя механізатары былога саўгаса “Камаровічы” – Пётр Ліцвінаў (светлая памяць), Міхаіл Байкоў і ў сярэдзіне наш герой.

Праца –  крыніца дабрачыннасці
– Я заўсёды працаваў на сумленне, – распавядае Васіль Дзмітрыевіч. – Жыццё было зусім іншае: наш саўгас “грымеў” сваімі вытворчымі паказчыкамі.
На пачатку маёй працоўнай дзейнасці камаровіцкім саўгасам загадваў Альберт Карпавіч Белянкоў.
У 1976 годзе мне даручылі новы нямецкі корманарыхтоўчы комплекс “Е-280” са здрабняльнікам. На корманарыхтоўцы я адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве 18 гадоў. За гэты час змяніў чатыры адзінкі тэхнікі. Уявіце сабе: у час нарыхтоўкі кармоў, калі я выходзіў на палі, мне давалі па 15-20 адзінак тэхнікі на адвозку “зялёнкі”. Мехпарк наш быў багаты на тэхніку. Штодзень на палявыя работы выходзіла да 60 (!) адзінак розных сельгасмашын і трактароў.
У цяперашніх умовах таксама можна працаваць, але няма таго, што было ў гады Саюза. Лічыце самі: раней пры паломках тэхнікі мы адразу замянялі цэлыя вузлы. Паламаўся рухавік у трактары – ставілі новы. Тое ж і са скрынкамі перадач, ці іншымі дэталямі і вузламі. Запчастак хапала і сродкаў на іх набыццё таксама. Цяпер перабіраем, рамантуем. Шмат валтузні, а эфекту мала.
Нягледзячы на гэта, працягваю працоўную дзейнасць вось ужо дзесяць гадоў пасля выхаду на пенсію. Пенсія амаль 400 рублёў і заработак такі ж атрымліваю. У сямейны бюджэт ідзе неблагі дадатак. Грошы патрэбныя, бо ў нас трое дзяцей, пяцёра праўнукаў.
З жонкай Святланай Васільеўнай пазнаёміліся звычайна, на танцах у клубе. Яна прыехала па размеркаванні санітарным фельчарам у нашу былую Камаровіцкую бальніцу. Сама з Рэчыцы. Потым перайшла ў дзіцячы садок медыцынскай сястрой, дзе і да сёння занята на палову стаўкі, знаходзячыся на пенсіі.
Дзеці ўсе нашы ў Гомелі. Старэйшая Ірына стала настаўніцай, выкладае нямецкую, англійскую і французскую мовы.
Сын Андрэй працаваў на Гомсельмашы, цяпер заняты ў прыватніка. Малодшая дачка Алена працуе ў магазіне. Старэйшы ўнук ужо самастойны: Андрэю 22 гады, працуе ў чыгуначным ДЭПО.
З жонкай пражываем у шматкватэрным саўгасным доме, разлічаным на 8 сем’яў. На жаль, сем’яў з цягам часу паменшала ў нашым доме напалову: хто з’ехаў, а хто пайшоў з жыцця.
З жонкай трымаем вялікую гаспадарку: свінні, куры, качкі. А як інакш? Трэба нешта дзецям, унукам даць, каб ім у вялікім горадзе было лягчэй жыць. Ды і не адзін я такі пенсіянер, які працуе. Засталіся да сёння ў сельгаспрадпрыемстве і вадзіцель Рыгор Шышлоў, трактарыст Васіль Іваненка. Калі нашы рукі, веды патрэбны яшчэ дзяржаве, то будзем працаваць з задавальненнем. Я вось цяпер заняты на вывазцы арганікі з ферм “Заполле” і “Боркі”.
Прыемна было пазнаёміцца з чалавекам-эпохай. Васіль Мухін уражвае сваёй сціпласцю, самаадданасцю, шчырасцю і дабрынёй. Ён належыць да таго пакалення людзей, хто ў гады існавання БССР будаваў для нас, нашчадкаў, будучыню. Сваімі працоўнымі дасягненнямі, выканаўчасцю і адказнасцю стаў добрым прыкладам для нас і, упэўнена, будучых пакаленняў. Дзякуй Вам вялікі, Васіль Дзмітрыевіч! Здароўя, поспехаў і добрых здабыткаў у новым 2019 годзе!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о