Дзевятнаццатая справаздачна-выбарчая раённая канферэнцыя работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў сабрала днямі 48 дэлегатаў у малой зале пасяджэнняў райвыканкама. Ганаровым госцем мерапрыемства стала старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Марыя Бондар, якая завітала з падарункамі.

Галоўнай узнагароды – юбілейнага медаля “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” была ўдастоена на канферэнцыі старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Аляксандра Янчанкава. Дарэчы, Аляксандра Міхайлаўна працяглы час займаецца гэтай грамадскай работай і заваявала давер і павагу лідараў прафсаюзных суполак дзяржустаноў. Шмат добрых эпітэтаў на адрас Аляксандры Янчанкавай выказала Марыя Бондар.
Марыя Андрэеўна адзначыла, што кіраўнік дзяржавы ставіць у аснову работу прафсаюзаў. І работа прафсаюзных суполак, зразумела, залежыць ад лідара, яго разумення і ўмення наладзіць работу, пакінуць добры след у сэрцах людзей. Сёння кожнаму лідару прафсаюзнай суполкі можна знайсці цікавы накірунак, каб людзі ішлі на працу з цудоўным настроем. У калектывах павінны захоўвацца сацыяльныя гарантыі. Правільна павінен быць наладжаны і адпачынак. Дарэчы, гэты год быў багаты на шматлікія падзеі, удзел у якіх ахвотна прымалі і члены прафсаюза дзяржустаноў.
Марыя Бондар і Аляксандра Янчанкава ўручылі ў гэты дзень Ганаровыя граматы лепшым прафсаюзным лідарам: Таццяне Талаш, якая ўзначальвае прафсаюзную суполку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльный абароне райвыканкама, Паліне Малчанавай з Капаткевіцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Антаніне Курчыч з Капцэвіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Кацярыне Шышкінай з Петрыкаўскага райвыканкама, Святлане Алёксе з ДУ “Петрыкаўскі ТЦСАН”, Галіне Буракевіч з аддзялення Дэпартамента аховы, Таццяне Цярэні з ДТСААФ, Алене Несцярэнка з РАУС і Сяргею Занкевічу з суда Петрыкаўскага раёна.
Са справаздачай аб рабоце за апошнюю пяцігодку выступіла старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Аляксандра Янчанкава. Аляксандра Міхайлаўна адзначыла, што на Петрыкаўшчыне створаны 14 пярвічак, у якіх заняты 760 членаў прафсаюза. Зарэгістраваны за справаздачны перыяд дзве прафсаюзныя пярвічкі ў РАУС і Петрыкаўскім ваенкамаце.
За апошнія пяць гадоў грамадскай работы было зроблена нямала. Так, праводзіліся маніторынгі захавання заканадаўства аб працы, сацыяльных гарантый і льгот для членаў прафсаюза, узроўня заработнай платы.
Не застаюцца ў баку члены прафсаюзных суполак і ад важных палітычных падзей, арганізацыі і ўдзелу ў спартыўна-масавых, культурных мерапрыемствах
Аказвалася матэрыяльная дапамога на набыццё навагодніх падарункаў для членаў прафсаюза і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, шанаванне ветэранаў працы ўстаноў да Дня пажылога чалавека, Дня маці і іншых святаў. Атрымлівалі матэрыяльную дапамогу і шматдзетныя сем’і да падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года. Дарэчы, пра работу рэвізійнай камісіі паведаміла намеснік старшыні Марына Іскрыцкая. Яна дэталёва расклала кожную лічбу даходаў і расходаў членскіх узносаў.
Мэтай канферэнцыі былі не толькі справаздачы, але і выбары. Так, Аляксандра Янчанкава шляхам адкрытага галасавання зноў была абрана старшынёй Петрыкаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Аляксандра Міхайлаўна ў знак удзячнасці за давер прачытала клятву.
Былі пераабраны і саставы прэзідыума, рэвізійнай камісіі, а таксама выбраны дэлегаты для ўдзелу ў канферэнцыі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускіх прафсаюзаў работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Імі сталі члены прэзідыума – Аляксандра Янчанкава, Кацярына Шышкіна, Таццяна Талаш, Антаніна Курчыч і Паліна Малчанава.

Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о