Сёлета на чэмпіянаце свету па танкавым біятлоне ў рамках ІV Армейскіх Міжнародных Гульняў “АрМІ-2018” каманда Беларусі ў складзе трох экіпажаў сярод 22 краін-удзельніц заваявала ІІІ месца. У склад экіпажаў у тым ліку ўваходзілі ўраджэнцы Петрыкаўшчыны – старшыя лейтэнанты Павел Маркавец і Максім Лузан.

Хутчэй за ўсё няма цяпер такога юнака ці падлетка, што не спрабаваў сябе ў віртуальнай гульні “World of Tanks”, якая, здараецца, зацягвае і замяняе рэальнае жыццё. А для самых паспяховых становіцца сродкам атрымання дадатковага заробку ці нават прафесіяй. Але гэта, прабачце, дзіцячы лепет у параўнанні з сапраўднай мужчынскай прафесіяй – танкіст.

Павел Маркавец
Павел Маркавец

Паўлу Маркаўцу з Конкавічаў чамусці цяжка было выбраць будучую прафесію. Была думка стаць ваенным, і, каб зацвердзіцца ў ёй ці абвергнуць, юнак паехаў у райваенкамат. Там яго падтрымалі і прапанавалі танкавыя войскі.

З Ваеннай акадэміі Паша выйшаў з дыпломам з адзнакай. Быў накіраваны на службу ў Гродна, атрымаў жыллё. Праз год быў назначаны камандзірам роты: у падначаленні людзі і тэхніка.

Але сёння размова не пра будні афіцэра, а пра тую частку службы, што стала яго захапленнем – танкавы біятлон.

– Падрыхтоўка да біятлону пачалася яшчэ ў акадэміі, сур’ёзней стаў рыхтавацца на службе, – расказвае малады афіцэр. – Яшчэ з лютага ў кожнай танкавай брыгадзе пачынаюцца адборы паміж 30 экіпажамі. Праз месяц лепшыя спаборнічаюць паміж сабой на ўзроўні камандаванняў, а ў красавіку пачынаюцца адборы ва Узброеных Сілах.

Вызначаюцца чатыры экіпажы – тры асноўныя і адзін запасны. Да фіналу ў міжнародных спаборніцтвах даходзілі кожны раз, але заставаліся там апошнімі – чацвёртымі. Летась нават меркавалі, што гэта наша мяжа, вышэй якой не падняцца. Нашымі сапернікамі ў апошні час былі Расія, Кітай і Казахстан. Бачылі, што падрыхтоўка ў іх выдатная, тэхніка – таксама. Але атрыманы на спаборніцтвах вопыт нельга было не выкарыстаць. Толькі дзякуючы гэтаму вопыту сёлета мы змаглі нагнаць час, выправіць памылкі і тым жа складам абысці Казахстан, стаць трэцімі.

У сваім экіпажы Павел – камандзір танка. Гэта не проста пасада, а найперш асаблівая адказнасць. Толькі камандзір, ведаючы танк дасканала, у секунду можа прыняць адзінае правільнае рашэнне. А пазаштатныя сітуацыі ў танкістаў – звычайная справа: гразь, вада, удары выводзяць са строю абсталяванне, праводка кароціць і загараецца, стрэльбавыя ўстаноўкі “клініць”.

– Машыну трэба адчуваць, – з азартам у вачах расказвае камандзір. – Яна як найтонкі музычны інструмент. Нязначнае змяненне гуку – і ты ўжо гатовы рэагаваць. Асабліва ва ўмовах спаборніцтваў. Рашэнне пра замену танка з-за непаладак можа прыняць толькі камандзір. Калі са строю выйдзе і другі танк – дыскваліфікацыя ўсёй каманды.

Праграма біятлону складалася з трох этапаў. На першым усе экіпажы ўдзельнічаюць у індывідуальнай гонцы. Па выніках каманднага заліку адсейваецца палова краін-удзельніц.

Другі этап – эстафета. Кожны з экіпажаў каманды па чарзе, змяняючы адзін аднаго ў танку, выконвае заданні на 20-кіламетровай дыстанцыі. Гэта 50 перашкод і 11 мішэняў – паўгадзіны, нагрузка ў якія на каманду, як гаворыць Павел, роўная 100-кіламетроваму марафону. Да фіналу даходзяць чатыры лепшыя каманды. У фінале тая ж дыстанцыя.

– Цяпер мы былі ўпэўнены, што выйдзем у фінал, – расказвае Павел. – Бачылі сапернікаў, іх падрыхтоўку. Разумелі, што маем не меншы патэнцыял. Галоўнае, каб не падвяла тэхніка. Мой экіпаж лічыцца мацнейшым за іншыя. Таму, па маёй жа прапанове, камандаваннем было прынята рашэнне выпускаць на дыстанцыю нас другімі. Мы змаглі выправіць памылку папярэдняга экіпажу і даць магчымасць апошнім не згубіць час. Наша каманда па часе ішла другой, папярэдзіўшы Кітай і Казахстан, але ў нейкі момант трэці экіпаж падвяла паўаўтаматыка пушкі. Тэхніка ў нас выдатная, Т-72БЗ расійскай вытворчасці. Ёсць у ім моманты, якія давялося нам дапрацаваць, каб пазбегнуць нечаканасцяў на дыстанцыі.

Біятлон стаў для Паўла захапленнем, мэтай. Ён падлічыў, што калі скласці час, праведзены ў танку ў апошнія тры гады, назбіраецца не меней года. Каб быць салдатам, лічыць лейтэнант, патрэбнен характар, стойкасць. Каб быць танкістам – удвая, гэта цяжка, складана і адказна. Але хлопцу з вёскі, прывучанаму да працы, да таго, што атрымаць вынік можна толькі прыкладаннем намаганняў, гэта не складана. А адрэналін і адчуванне драйву ні з чым параўнаць не можна.

У планах на наступны год у Паўла Маркаўца падрыхтоўка маладога экіпажу для ўдзелу ў біятлоне. Звычайна маладыя экіпажы бяруць толькі ў запасныя. Але каштоўныя веды, атрыманыя ім самім, час перадаваць іншым. “Старымі” на спаборніцтвах лічацца трыццацігадовыя танкісты. Так што ў лейтэнанта яшчэ ёсць час зацвердзіць высокую пазіцыю Беларусі ў міжнарожным спаборніцтве.

– Ёсць яшчэ нешта, што патрэбна не ўпусціць, – прызнаецца юнак. – Гэта асабістае жыццё. Час ствараць сям’ю. Тыл у танкіста павінен быць такім жа моцным, як і браня яго танка.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Лузан Максим ВалерьевичКаманда Беларусі па выніках спаборніцтваў была ўзнагароджана медалямі. А наводчык аднаго з экіпажаў петрыкаўчанін Максім Лузан быў удастоены спецыяльнага дыплома “За жалезны характар”.

Тыя, хто ведае гэтага юнака з дзяцінства, будуць здзіўлены. Максім заўсёды быў ціхім і сціплым, незаўважным і негаваркім. Але, зрабіўшы правільны крок у выбары прафесіі, паказаў характар сапраўднага мужчыны, моцнага, валявога і мэтанакіраванага.

Сёлета Максім у другі раз удзельнічаў у чэмпіянаце. Прызнаецца, што ў першы год, у 2016, магчыма, вопыту не хапіла ці простага шанцавання. А можа, поспех залежаў і ад складу экіпажу, які штогод мяняўся. І сёлетні стаў самым здольным вырваць перамогу.

– Цяпер дапрацоўвалі хуткасць, мянялі спосаб загрузкі боепрыпасаў, што дало магчымасць скараціць час знаходжання на дыстанцыі. Паўгода праходзяць у напружаных трэніроўках, калі адточваем кожны рух пры выкананні заданняў, удасканальваем тэхніку, выпрабоўваем. Цяпер, пакуль не пачаўся час адбораў на спаборніцтвы наступнага году, менш нагрузкі. Але ўсё роўна думкамі ты там, у танку на дыстанцыі. Раз-пораз пракручваеш сітуацыі, шукаеш новыя рашэнні. Танкавы біятлон зацягнуў і не адпускае, трымае ў пастаянным напружанні, патрабуе выдатнай фізічнай і інтэлектуальнай формы. Мне пашчасціла, што мая сям’я – жонка Настасся  і гадавалы сын Клім – падзяляюць маё захапленне працай, разумеюць і падтрымліваюць. Таму будзем змагацца і пераможам.

Фота з асабістага архіва Максіма ЛУЗАНА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о