Старшыні савета старша-класнікаў і лідары школьнага самакіравання паспрабавалі сябе ў ролях архітэктараў і дызайнераў у час інавацыйнай пляцоўкі “РrofЛідар”.

Прафесію выбіраюць сённяНагод для сустрэчы было некалькі. Найперш адбылася справаздачна-выбарная частка сустрэчы, дзе савет старшакласнікаў падвёў вынікі працы за мінулы навучальны год, абраў новы састаў.
З улікам таго, што цяперашняе мерапрыемства мела прафарыентацыйны накірунак, з навучэнцамі сустрэлася спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Шпак, каб азнаёміць з магчымасцю атрымання мэтавых накіраванняў па некаторых спецыяльнасцях для паступлення ў навучальныя ўстановы.
Канцэпцыя гульні была распрацавана лідарскім аб’яднаннем “РrofЛідар.соm”, якое працуе пры раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тэма не выпадковая: сёлета на базе цэнтра стартаваў інавацыйны прафарыентацыйны праект. Пачатак яму паклаў летні аздараўленчы лагер, дзе дзеці падарожнічалі па прафесіях, наведваючы прадпрыемствы і арганізацыі горада і раёна.
Удзельнікі гульні былі падзелены на чатыры блокі. У кожным – тры будаўніча-дызайнерскія кампаніі і савет дырэктараў. Будаўнікам і дызайнерам трэба было скласці рэзюмэ, а затым прадставіць праект, які б адпавядаў заказу. Складанасці заданню дадавала тое, што, толькі аналізуючы гэты заказ, можна было вызначыць, якім павінен быць будынак. Саветы дырэктароў спачатку выбіралі лепшае рэзюмэ, затым – лепшы праект. І не заўсёды кампаніі меркаваных падрадчыкаў супадалі.
Вынікам гульні стала прадстаўленне чатырох лепшых праектаў і іх аўтараў.
Удзельнікі мерапрыемства пакінулі свае ўражанні ў допісах і выказаліся, як адчувалі сябе ў прызначаных ім ролях. Затым атрымалі буклеты з пералікам прафесій будаўнічага профілю і навучальных устаноў, дзе іх можна атрымаць.
Арганізатар гульні – савет старшакласнікаў – прыняў рашэнне, што такія гульні будуць праходзіць штомесяц, каб паспець за год ахапіць найбольшую колькасць прафесій. Бо старшакласнікам хутка давядзецца рабіць свой жыццёвы выбар.
Таксама ў апошнюю суботу месяца ўсе школы могуць падключацца да відэаканферэнцыі, дзе падзеляцца напрацоўкамі і ідэямі. На старонцы Інстаграма раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі праводзіць трансляцыі ўсіх мерапрыемстваў, у тым ліку па прафарыентацыйным праекце. Далучайцеся, знаёмцеся.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о