Цягнецца чарговы аграрны сезон і хоць надвор’е апошняга часу спякотным не назавеш, для працаўнікоў сельскай гаспадаркі зараз сапраўдная гарачая пара. У шпаркім тэмпе жніва, нажаль, бываюць недагляды, але куды горш, калі супрацоўнікамі сяльгаспрадпрыемства парушаецца працоўная дысцыпліна. З мэтай маніторынгу і выкрыцця недахопаў і парушэнняў супрацоўнікі райаддзела МУС накіраваліся па гаспадарках раёна.

Ішоў час ранішняй дойкі, міліцэйскі легкавік пад’ехаў да МТФ “Чалюшчавічы”. Супрацоўнік на праходнай адзначыў, што ўсе работнікі на месцах, нецвярозых няма. Гаспадар прыватнага аўто, што стаяла на ўездзе фермы, да прапановы праверкі ставіўся з разуменнем. Маўляў, няма чаго хаваць. Трэба адзначыць, што і да парадку тут аднесліся адказна – тэрыторыя фермы падкошаная і прыбраная.

Іншая  карціна вымалёўвалася на ферме ў Чырвоная Горцы, дзе дойка ўжо скончылася. Красамоўная шыльда з матывуючым лозунгам над уваходам “Хто жадае зрабіць – шукае метад, хто не жадае зрабіць – шукае прычыну” паказвала, што тут, мабыць, прычыну знайшлі. Уваход, акрамя кветак аздабляла бадылле ў чалавечы рост. Часам дзіўна, як сядзібы адной гаспадаркі могуць адрознівацца сваім падыходам да парадку.

Прафілактыка дзеля бяспекі

Не было выяўлена парушэнняў на ферме ў Лучыцах. Станоўчае ўражанне склалася і пры наведванні МТФ у Кашэвічах. Тут было прыбрана, да і працаўнікі знаходзіліся на рабочых месцах. Загадчыца фермы з задавальненнем дэманстравана новенькую пральную машыну, што атрымала ферма для паляпшэння ўмоў працы.

Сапсавала ўсім настрой спадарыня П., у багажніку веласіпеда якой знайшлося скрадзенае з гаспадаркі малако, пералітае ў дзвухлітровую пляшку з-пад піва і каля двух кілаграмаў камбікорма, што гаспадыня клапатліва абгарнула сваёй курткай. Нажаль, гэта не першае такое правапарушэнне жанчыны. Ці было яно таго вартае? Мяркуйце самі – прычыненая шкода склала 1,86 рублёў, а вось адказнасць за паўторны дробны крадзеж, згодна артыкула 10.5, часткі 2 Адміністрацыйнага кодэкса караецца штрафам ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь ці арыштам.

Прафілактыка дзеля бяспекі

Далей участковы Фёдар Дашкевіч, разам з начальнікам райаддзялення ДАІ Сяргеем Міцурай і старшым інспектарам Аляксандрам Сямікопенка накіраваліся на мехдвор КПУП “Кашэвічы”, дзе правялі з механізатарамі бяседу на тэму прафілактыкі парушэнняў ПДР і дарожнага траўматызму. Адзначым, гутарка не была фармальнай: супрацоўнікі ДАІ акрэслілі сферы адказнасці кіроўцаў і працаўнікоў, што выпускаюць транспарт да руху. Не малая увага была нададзена змяненням у ПДР, што з’явяцца ў новай рэдакцыі дакумента.

Прафілактыка дзеля бяспекі

Наступным пунктам прыпынку быў ДРАЦ “Пціч”, дзе Сяргей Міцура выступіў ужо перад падрастаючым пакаленнем. Тут начальніка ДАІ таксама сустрэлі з ўважлівасцю – падлеткі з цікавасцю слухалі аповед пра змены ў новай рэдакцыі правілаў руху, а дзеці з гонарам хвасталіся сваімі ведамі адказваючы на пытанні інспектара.

Арцём ГУСЕЎ,

фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о