Праца аператарам машыннага даення – адказная і нялёгкая. Ды і вольнага часу на асабістае жыццё амаль не пакідае. Да  ўсяго гэтага даўно ўжо прызвычаілася Таццяна Савош.

Таццяна Леанідаўна каля 30 гадоў працуе на малочнатаварнай ферме “Аголічы” аддзялення “Петрыкаў” УП “Палессе-Аграінвест”.

Савош

– Працоўную дзейнасць я пачынала ў дзіцячым садзе. Аднак сельская гаспадарка мне была неяк бліжэй, таму і вырашыла пайсці ў паляводчую брыгаду тады яшчэ саўгаса “Петрыкаўскі”. Затым перайшла ў даяркі. Цяжка было. Уся праца – уручную. У 90-я гады, каб захаваць пагалоўе, мы, даяркі, самі пасвілі жывёлу. У тыя ж часы давялося папрацаваць і пастухом – па двое сутак разам з дзецьмі знаходзіліся на пашы, жылі ў вагончыках.

Калі саўгас далучыўся да УП “Палессе-Аграінвест”, зноў перайшла на дойны статак і да нядаўняга часу працавала на раздоі. Зараз даецца ў знакі ўзрост, таму пайшла на звычайны дойны статак, – расказала  працаўніца.

Варта адзначыць, што такі ход спраў ніяк не паўплываў на паказчыкі Таццяны Леанідаўны. Па выніках работы за мінулы год яна надаіла ад адной каровы 6342 кілаграмы малака. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. За такі вынік Таццяна Савош на сённяшнім злёце перадавікоў народнай гаспадаркі атрымае заслужаныя ўзнагароды.

Варта адзначыць, што ўся сям’я Таццяны Леанідаўны працавітая. Амаль усё жыццё аддалі працы ў сельскай гаспадарцы яе бацькі. Матуля была цялятніцай, а бацька – механізатарам. І заўсёды іх прозвішчы былі ў ліку  перадавікоў. Бацька, калі працаваў на касьбе мяты, якую некалі вырошчваў саўгас, нават атрымаў срэбны медаль на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі.

З сялом звязалі свае лёсы і трое дзяцей Таццяны Савош. Малодшы сын зараз вучыцца па спецыяльнасці “Агранамія” ў Калінкавіцкім сельгаскаледжы і плануе прыйсці на працу ва УП “Палессе-Аграінвест”, старэйшы сын працуе даглядчыкам жывёлы на МТФ “Аголічы”, старэйшая дачка – у КСУП “Запаветы Ільіча”, а малодшая – яшчэ школьніца.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о