sidorenko-veranika-i-kurlovich-natalya

Чарговы працоўны праект для непаўналетніх быў рэалізаваны ў Капцэвіцкай сярэдняй школе. У час летніх канікулаў тут працаваў лагер працы і адпачынку, дзе дзесяць вучняў 8 і 9 класаў не толькі аздаравіліся, але і набылі прафесію.

Пры фінансаванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праект быў распрацаваны школай. Маючы патрэбу ў аднаўленні школьных стэндаў, было вырашана заняцца менавіта такой справай. Кіраўніком праекта была педагог Ганна Аўчыннікава. Разам з ёй у праекце былі заняты настаўнік працоўнага навучання Уладзімір Рог і намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Юрый Панцюк.

— Яшчэ ў мінулым навучальным годзе мы спрабавалі заняцца такім праектам, але ў нас не ўсё атрымалася, — расказвае дырэктар школы Валерый Такун. – Улічыўшы мінулы вопыт, цяпер зараней заказалі матэрыялы, своечасова справіліся з прадастаўленнем справаздач. Цяпер наша школа поўнасцю забяспечана новымі стэндамі. Але гэта не ўсе “плюсы” праекта. Наш лагер быў адзіным у вобласці сярод сельскіх школ, які меў прафарыентацыйную накіраванасць. Пасля працы ў лагеры яго ўдзельнікі атрымалі не толькі зарплату ў памеры больш 400 тысяч недэнамінаваных рублёў за 10 дзён працы, але і свае першыя працоўныя кніжкі, страхавыя пасведчанні і кваліфікацыю слесара ІІ разрада.

Уласна аздараўленчы лагер у школе, які працаваў паралельна, быў разлічаны на 18 дзён. Дзеці працавалі над праектам не больш за 2-3 гадзіны ў дзень. Астатні час быў прысвечаны мерапрыемствам прафілактычнага характару, бо большасць занятых у ім дзяцей знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку.

Раскрываючы планы на будучыню, Валерый Такун расказаў, што ёсць ідэя стварэння школьнай бізнес-кампаніі па вырабе стэндаў. Але пытанне стала за абаротнымі сродкамі і якаснымі матэрыяламі, якія, на жаль, у нашым раёне складана набыць. А тавар на продаж павінен быць, безумоўна, якасным.

Пакуль ёсць магчымасць і час падумаць над іншым праектам. Дырэктар зазначае, што ў школе наспела неабходнасць азелянення тэрыторыі і аздаблення яе малымі архітэктурнымі формамі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе накірунак наступнага праекта.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о