Адна з актуальных форм работы з насельніцтвам – сустрэчы прадстаўнікоў улады па месцы жыхарства – актыўна выкарыстоўваецца ў нашым раёне. Мэта такіх сустрэч для вертыкалі ўлады – пачуць заўвагі, просьбы і пажаданні вяскоўцаў, а для жыхароў сельскіх населеных пунктаў – магчымасць даведацца пра сітуацыю ў раёне з першых вуснаў.
Напрыканцы мінулага тыдня з жыхарамі вёскі Чалюшчавічы сустрэлася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько.
Сярод шэрагу пытанняў, якія былі абмеркаваны ў час сустрэчы, галоўным стала летняя занятасць непаўналетніх. Як адзначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, лета – перыяд, калі ў нашых дзяцей з’яўляецца шмат вольнага часу, і бавяць яны яго, часам, без належнага нагляду з боку бацькоў.

Праблему вольнага часу дзяцей  вырашым разам
– Для таго, каб нашыя дзеці добра адпачылі і пры гэтым засталіся жывыя і здаровыя, важна штодня фарміраваць у іх навыкі забеспячэння асабістай бяспекі, прывіваць пачуццё адказнасці за ўласную бяспеку, праводзіць з дзецьмі гутаркі, тлумачыць важныя правілы, выкананне якіх дапаможа захаваць жыццё. А самае галоўнае – заўсёды ведаць дзе і з кім у дадзеную хвіліну знаходзіцца дзіця, – адзначыла ў сваім выступленні прадстаўнік улады. Святлана Уладзіміраўна пазнаёміла прысутных з сумнай статыстыкай няшчасных выпадкаў на вадаёмах і дарогах краіны і прызвала бацькоў асабістым прыкладам дэманстраваць бяспечныя і адказныя паводзіны як каля вадаёмаў, у час дарожнага руху, так і ў побыце.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Ходзька засяродзіла ўвагу удзельнікаў на праблеме дзіцячай наркаманіі, адказнасці за адміністрацыйныя і крымінальныя правапарушэнні і злачынствы непаўналетніх.
З работай дзіцячых працоўных і аздараўленчых лагераў удзельнікаў на сустрэчы пазнаёміла спецыяліст раённага метадычнага кабінета Святлана Пыж. У раёне робіцца нямала для арганізацыі занятасці непаўналетніх, вырашэння праблемы вольнага часу – гэта і работа вячэрніх спартыўных пляцовак, і разнастайныя мерапрыемствы на базе сельскіх устаноў культуры і бібліятэк, што дае магчымасць дзецям бавіць вольны час цікава і з карысцю.
У час сустрэчы былі абмеркаваны пытанні пажарнай бяспекі, падрыхтоўкі печаў да ацяпляльнага сезона, нарыхтоўкі дроў, а таксама асноўныя прынцыпы супрацьдзеяння тэлефонным ашуканцам, якія падманам выманьваюць грошы ў асноўным у пажылых людзей, карыстаючыся іх даверлівасцю.
Адзначым той факт, што на сустрэчу прыйшло няшмат чалавек. А гэта паказчык таго, што і асаблівых праблем, якія патрабуюць увагі і дапамогі раённай улады, у жыхароў Чалюшчавічаў няма.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о