Сажалкі рыбгаса “Трэмля” дрэмлюць пад зімовую калыханку, “прыпудраныя” першым лістападаўскім снегам. Дзе-нідзе сустракаюцца яшчэ чароды дзікіх птушак, якія ўвесь цёплы сезон наядаліся ўдосталь карасямі і, магчыма, па гэтай прычыне не адляцелі ў вырай, спадзеючыся, што так званы “шведскі стол” будзе ім тут аж да наступнай вясны.
А вядучы эканаміст прадпрыемства па вырошчванні сажалкавай рыбы Наталля Самбук у цёплым кабінеце робіць чарговыя падлікі пасля адлову таварнай рыбы і яе рэалізацыі.

Пра вынікі працы: "распавядае" рыбгас “Трэмля”

Па яе словах, сёлета гаспадарка спрацавала няблага. За дзесяць месяцаў выручка ад рэалізацыі склала 1,2 мільёна рублёў, 149% да аналагічнага перыяду мінулага года. Атрымана выручкі ў разліку на аднаго працаўніка – 21 тысяча рублёў (162% да мінулагодняга перыяду).
Тое, што запланавалі вырасціць і адлавіць, паспяхова ажыццявілі. Нарыхтавана 486,8 тоны таварнай рыбы. Рэалізавана 243 тоны. Продаж рыбы ў параўнанні з леташнім павялічыўся, а разам з ім вырасла і рэнтабельнасць продажаў – 9,3%.
Як вядома, прадпрыемства некалькі гадоў таму “ўскочыла” у вялікія бюджэтныя крэдыты на набыццё камбікармоў для сваіх гадаванцаў. Як аказалася, выплочваць іх стала немагчыма, а працэнты на доўг перад банкам раслі. Зразумела, за гэтым уся вытворчасць у наступныя гады стала стратнай. Летась, напрыклад, сума страт складала 573 тысячы рублёў. Але за бягучы год, дзякуючы станоўчым лічбам у вытворчасці, страты ўдалося скараціць на 538 тысяч рублёў. Са слоў Наталлі Мікалаеўны, разлічыцца з крэдытамі пры такой дынаміцы ўдасца прадпрыемству толькі праз 5-7 гадоў.
Радуе, што няма запазык па разліках у бюджэт, своечасова аплочваецца электраэнергія і выдаецца заработак. Дарэчы, за 10 месяцаў сярэдні заробак тут склаў 564 рублі. Праўда, крыху скарацілася колькасць працаўнікоў – з 63 да 58. На сезон адлову і сартавання рыбы наймаюць людзей па дагаворах.
Рэалізуе сажалкавую рыбу гаспадарка па тым жа кошце, што і летась. Кілаграм “элітнага” карпа каштуе 5 рублёў 20 капеек, адборнага – 4,80, кілаграм карася – 3,50. Каналы рэалізацыі таксама традыцыйныя: штодзень шэсць аўтамабіляў курсуюць у Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы, Гомель.

Дарэчы, лепшы тавараабарот напрацоўвае на продажы рыбы Наталля Сцяпук, якая была прызнана перадавіком вытворчасці да нядаўняга прафесійнага свята. У жанчыны жорсткі графік: з ранку да позняга яна ў камандзіроўках. Таму з фотаздымкам нам не пашчасціла.
Сёлета рыбгас з пачатку сезона запусціў рыбу ў 10 нагульных і 5 выроставых сажалак. Яшчэ ў дзвюх сажалках былі так званыя “вытворцы”. І ўсё ж малькоў атрымалі толькі 22 тоны. Гэтага пасадачнага матэрыялу будзе недастаткова на будучы год. Ды і сёлета таксама дакуплялі 17 тон двухгодак у “Волме” (Чэрвеньскі раён), па 10 тон – у вопытным рыбгасе “Сялец” і рыбгасе “Днепрабугскі”, што на Брэстчыне.
Прычына недаатрымання малькоў, як аказалася, простая: сажалкі зараслі чаротам. А гэта значыць, што рыбе гуляць няма дзе і як. Па магчымасці ПМК-67 займаецца чысткай меліярацыйных каналаў, на гэта выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. Але сажалкі таксама трэба чысціць, на што сродкаў пакуль у рыбгаса няма.
Станоўчым момантам стала выдаткаванне бюджэтных сродкаў на набыццё камбікармоў. Так, у ліпені было закуплена 420 тон. А на сезон трамлянскай рыбе патрэбна 1000. Каб папоўніць рацыён, за ўласныя сродкі набывалі на пачатку сезона адкорму 120 тон зерня. Да таго, рыба харчавалася рэшткамі зернеперапрацоўкі і зялёнага гарошку з Ельскага кансервавага завода.
Цяпер карпы і карасі знаходзяцца ў так званых зімавалах. Але работнікі, адказныя за зімоўку рыбы, пра свае абавязкі не забываюцца, сочаць, каб гадаванцам было камфортна. Вось і малады спецыяліст Андрэй Снегуроў у дзень нашага наведвання быў заняты аналізам проб вады з сажалак на утрыманне ў ёй кіслароду.
– Зімавальных сажалак пяць, кожная з іх недзе па паўгектара, – пачаў Андрэй Вячаслававіч. – Свой працоўны дзень цяпер я пачынаю з таго, што з кожнай кантрольнай лункі ў сажалцы набіраю ваду. Тут, у лабараторыі, правяраю, ці дастаткова кіслароду ў ёй. Пакуль усё у норме.

Пра вынікі працы: "распавядае" рыбгас “Трэмля”
Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі ў сакавіку 2017 года па накіраванні трапіў у “Трэмлю”. У акадэміі навучаўся на факультэце біятэхналогіі і аквакультуры, дзе набыў спецыяльнасць “прамысловая рыбагадоўля”. У рыбгасе прапанавалі пасаду майстра. Сажалкі, за якія адказваю, выроставыя. А цяпер вось, пакуль чакаем новага маладога спецыяліста, заняты ў лабараторыі.
Родам з Жыткавіцкага раёна. Прадаставілі кватэру ў Мышанцы. Штодзень аўтамабілем падвозяць мяне і іншых рабочых на працу. Акрамя работы часу не застаецца больш ні на што. Павячэраць, адагрэцца, пачытаць кнігу – вось кароткі спіс маіх хатніх заняткаў. Дарэчы, у чытанні аддаю перавагу гістарычнай літаратуры. У прыватнасці, цікавіць гісторыя Беларусі.
Дома бываю рэдка. Маці раней працавала поварам у дзіцячым садку, а калі яго закрылі, то пайшла на ферму, дзе вырошчваюць мясную пароду – лімузінаў. Я ў сям’і малодшы, старэйшыя браты абралі будаўнічыя спецыяльнасці і працуюць адзін у Мінску, другі ў Светлагорску.
Калектыў у рыбгасе неблагі, ды і аднаўляецца. Так, крыху больш за мяне працуе тут Аляксей Фесенка. Цяпер ён – галоўны рыбавод. Спадзяюся, што і я пасля адпрацоўкі вызначуся з далейшым лёсам.
– Што ж, Андрэй, поспехаў!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о