Пачалася чарговая прызыўная кампанія, што стане, пэўна, самай заўважальнай за апошнія гады. Справа ў тым, што сёлета ў сілу ўступілі змяненні ў так званы “закон аб адтэрміноўках”, які доўга і горача абмяркоўваўся прызыўнікамі і іх бацькамі. Пра ход прызыву і змяненні ў заканадаўстве мы пацікавіліся ў ваеннага камісара Петрыкаўскага раёна Аляксандра Адамоўскага.

Пра службу, закон і жаданне служыцьЯк паведаміў Аляксандр Рыгоравіч, сёлета на мерапрыемствы прызыву выклікана каля 250 чалавек. Колькасць хлопцаў, якіх прызавуць на службу ва Узброеныя Сілы будзе вызначана пасля праходжання прызыўнікамі медыцынскага агляду, калі канчаткова будуць высветлены спісы годных па здароўю маладых людзей.
Згодна з актам “Аб змяненнях законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы” ў закон “Аб воінскім абавязку і ваеннай службе” былі ўнесены карэктывы. Зараз артыкул 32 прадугледжвае адну адтэрміноўку для навучання. Гэта не распаўсюджваецца на юнакоў, што атрымліваюць сярэднюю адукацыю, а таксама навучаюцца за мяжой на вочнай форме атрымання адукацыі па накіраванні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў рамках рэалізацыі дзяржпраграм. Іншымі словамі, калі дзяржава разумее каштоўнасць свайго спецыяліста і накіроўвае яго для навучання за мяжу – адтэрміноўка будзе.
Яшчэ адно з новаўвядзенняў у заканадаўстве тычыцца людзей, што ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву і ваеннай службы. Такіх грамадзян, па дасягненні 27-гадовага ўзросту, прызыўная ка-місія можа прызнаць асобамі, што не прайшлі ваенную службу па прызыве, не маючы на тое законных падстаў. Што гэта значыць і да якіх наступстваў можа прывесці? Выказваючыся простымі словамі – ніхто нікога прымусова ў ваенкамат цягнуць не будзе. Прызыўнік можа ігнараваць выклікі на мерапрыемствы прызыву, з’ехаць у суседнюю краіну ці ў іншы горад, не паведаміўшы свае кантактныя дадзеныя. Але за такія дзеянні грамадзянін можа быць прызнаны “асобай, што не прайшла ваенную службу па прызыве, не маючы на тое законных падстаў”. Такі статус з’яўляецца сур’ёзнай падставай, каб адмовіць маладому чалавеку ў працаўладкаванні на дзяржаўную службу ці службу ў сілавых структурах краіны. На дадзены момант у спісах прызыўной камісіі налічваецца 8 прызыўнікоў, якія доўгі час знаходзяцца за мяжой і суадносна не выконваюць воінскі абавязак.
Калі грамадзянін прызнаецца годным да службы, але мае намер аспрэчыць такое рашэнне ў судзе, ён павінен ведаць, што змяніўся тэрмін аспрэчвання. Калі раней аспрэчыць рашэнне ў су-дзе можна было на працягу месяца, то зараз гэты тэрмін скараціўся да тыдня. Тэрмін аспрэчвання рашэння ў абласной прызыўной камісіі не змяніўся і таксама складае тыдзень.
Многіх прызыўнікоў хвалююць змены ў заканадаўстве, што тычацца выезда за мяжу. У законе “Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” з’явілася два новаўвя-дзенні. Першае азначае, што выезд за мяжу можа быць абмежаваны для грамадзян, якія належным чынам праінфармаваны пра неабходнасць з’яўлення на мерапрыемствы прызыву, але наўмысна іх ігнаруюць. Другое наваўвядзенне распавядае, што ў выездзе за мяжу можа быць адмоўлена і тым грамадзянам, якія рознымі шляхамі ўхіляюцца ад атрымання позвы.
Трэба адзначыць і бонусы, якімі могуць скарыстацца людзі, што аддалі перавагу ваеннай службе. Можа стацца так, што спецыяліст быў адпраўлены на работу па размеркаванні, ці атрымаў вышэйшую кваліфікацыю за кошт сродкаў дзяржбюджэта, ці атрымаў кваліфікацыю і месца працы згодна з дамовай аб мэтавай падрыхтоўцы, але вырашыў служыць ва Узброеных Сілах па кантракце. У такіх выпадках спецыялісты вызваляюцца ад вяртання ў бюджэт сродкаў, якія былі патрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, калі ваеннаслужачы адслужыў тэрмін не меншы за тэрмін абавязковай работы.
Як адзначыў Аляксандр Адамоўскі, асаблівых хваляванняў наконт новаўвядзенняў у заканадаўчыя акты сярод прызыўнікоў раёна і іх бацькоў не назіраецца. Пытанні, што ўзнікаюць у маладых людзей, тлумачацца пры наведванні ваенкамата.
Мы пагутарылі і з прызыўнікамі, якія неўзабаве могуць адправіцца на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы. З трох суразмоўцаў, адзін ад інтэрв’ю адмовіўся, адзначыўшы, што разумее ролю і неабходнасць арміі для краіны, але лічыць, што быў бы больш карысным для дзяржавы, калі б працаваў па сваёй спецыяльнасці, а службу ў войску выконвалі б прафесіяналы-кантрактнікі. Спяшаемся зазначыць, што маладога чалавека мы сустрэлі ў ваенкамаце ў час чарговага мерапрыемства прызыву. А гэта значыць, што ён выконвае свае абавязкі, як прызыўнік.

Пра службу, закон і жаданне служыцьДругі малады чалавек адразу адзначыў, што мае жаданне служыць. 19-гадовы Аляксандр Грыб з Петрыкава, атрымаўшы спецыяльнасць, працуе зараз у аварыйнай рамонтнай брыгадзе камунгаса. “У мяне была магчымасць вучыцца далей, але я разумею што такое воінскі абавязак. Я маю намер не проста адслужыць, але і застацца ў войску па кантракце і па магчымасці атрымаць адукацыю ваеннага спецыяліста. Прывабліваюць і льготы, якія прапануе дзяржава ваеннаслужачым”. Ад службы хлопец чакае новага карыснага вопыту і спазнання сапраўднага армейскага сяброўства. Значны ўплыў аказаў на Аляксандра бацька, які з’яўляецца ваенным ў запасе. Сваім аднагодкам ён раіць рацыянальна выкарыстоўваць свой час, вызначыцца ў жыцці і ісці да дасягнення сваёй мэты, не марнуючы свае гады на глупствы.

Пра службу, закон і жаданне служыцьІван Серабракоў з Петрыкава адказаў шчыра, што да службы ў арміі ставіцца добра. Больш за тое, трэнер ДЮСШ станоўча адносіцца да рэжыму і фізічных нагрузак – у службе ў войску і ў спорце, на думку Івана, ёсць нешта падобнае.
На прамое пытанне, ці раілі Івану “адкасіць”, 21-гадовы хлопец толькі ўсміхнуўся. “Вядома, такія прапановы ад знаёмых былі. Але “бегаць” некалькі год ад ваенкамата мне здаецца не вартым для мужчыны ўчынкам. Лепш выканаць свой абавязак і жыць спакойна. Што тычыцца ўласна мяне, адзначу, што магчыма я застануся на кантракт. Але не буду забягаць наперад, бо ў першую чаргу мяне чакае тэрміновая служба”.
Пажадаем хлопцам спакойнай службы і здзяйснення намечаных планаў. Наперадзе ў іх яшчэ мноства жыццёвых выпрабаванняў і, магчыма, служба дапаможа маладым людзям устойліва пераносіць цяжкасці. Няхай рэчаіснасць будзе адпавядаць самым лепшым спадзяванням.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о