Пра поспехі гавораць узнагароды

Сярод работнікаў культуры на працягу многіх гадоў захоўваецца традыцыя падвядзення вынікаў работы за мінулы год ва ўрачыстай абстаноўцы. Такое мерапрыемства адбылося і на мінулым тыдні ў раённым Доме культуры.

Выканаўца абавязкаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Блінец падзякавала работнікам устаноў культуры за плённую працу на працягу 2019 года. Пазначыла асноўныя паказчыкі, што гавораць пра прафесійны рост кадраў, прымяненне новых форм работы. Назвала найбольш яркія мерапрыемствы, што прайшлі летась у раёне і самыя важкія ўзнагароды.

Ганаровы госць мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Святалана Сенька акрэсліла шэраг задач у сацыяльна-эканамічным развіцці нашага рэгіёну, да якіх работнікі культуры  маюць непасрэднае дачыненне. Рэкамендавала спрабаваць заяўляць сябе ў рамках рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. Адным з пажаданняў намесніка старшыні было заставацца культурнымі цэнтрамі ў населеных пунктах, быць актыўнымі, запатрабаванымі і карыснымі.

Святлана Сенька і Святлана Блінец уручылі ўзнагароды тым работнікам галіны, якія не абмяжоўваюць сваю працу толькі пастаўленымі задачамі. Падзякі і Лісты падзякі Нацыянальнага статыстычнага камітэта атрымалі Галіна Ермалінская, Алеся Вялічка, Волга Жукоўская, Аксана Малак, Аксана Бондар, Крысціна Галонская і Валянціна Здаравенка.

Дыпломам абласнога цэнтра народнай творчасці за ўдзел у абласным конкурсе “Клуб-2019” быў узнагароджаны Галубіцкі сельскі Дом культуры і яго кіраўнік Святлана Жукавец. Узнагароды ад Беларускага саюза майстроў атрымалі супрацоўнікі Петрыкаўскага дома рамёстваў Аляксандр Кудравец, Надзея Жукавец, Дзмітрый Струк і Аляксей Батан. За ўдзел у абласным конкурсе аўтаклубаў “Маршрут – далёкая вёска” граматамі абласнога цэнтра народнай творчасці быў адзначаны аўтаклуб раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам Аляксандра Машчанкі.

Пра поспехі гавораць узнагароды

Яшчэ чатырнаццаць работнікаў культуры ў гэты дзень атрымалі Граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Падрабязней пра работу найбольш масавых структурных падраздзяленняў на мерапрыемстве расказалі дырэктар раённага Дома культуры Антаніна Бруяка і дырэктар раённай сеткі бібліятэк Таццяна Галіцкая. А дапоўнілі святочнасць мерапрыемства канцэртныя нумары ў выкананні работнікаў Петрыкаўскай школы мастацтваў, Мышанскага цэнтра культуры і адпачынку, Чалюшчавіцкага сельскага Дома народнай творчасці і іншых творчых калектываў галіны.

 

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о