Пра любоў да мовы лічбаў

0
874

Пра любоў да мовы лічбаўБухгалтэрыя – галіна дакладная для тых, хто з ёй не сутыкаецца, загадкавая і незразумелая. Але ёсць людзі, для якіх яна стала часткай жыцця. Адна з іх – Алена Касцюк, галоўны бухгалтар ДУ “Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Петрыкаўскага раёна”.

Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Петрыкаўскага раёна абслугоўвае 62 бю-джэтныя ўстановы раёна, а 63 арганізацыяй з’яўляецца сам цэнтр.

Можна смела сказаць, што арганізацыя мае самы вялікі штат бухгалтараў у раёне. Бухгалтарскім улікам у арганізацыі займаецца ўлікова-эканамічнае ўпраўленне.

Ва ўпраўленні працуе 39 чалавек, з іх: 31 бухгалтар і 8 эканамістаў.

Калектыў і аб’ём працы не малы! Але ў гэтым бухгалтарскім “моры” адчувае сябе, “як рыба ў вадзе” сімпатычная, усмешлівая жанчына, Алена Касцюк, якая лічыць: бухгалтэрыя – гэта дакладнасць у працы, магія лічбаў, іх паслядоўнасць і сістэма.

– Састаў улікова-эканамічнага ўпраўлення ў асноўным жаночы, ёсць толькі адзін мужчына-эканаміст, які толькі нядаўна прыйшоў да нас. Калектыў спрацаваны, зладжаны, многіх я памятаю з тых часоў, калі сама прыйшла ў бухгалтэрыю аддзела адукацыі ў 2008 годзе. Супрацоўнікі вельмі адказныя, гэта я кажу без пафаса, таму што ў такой сферы, якая звязана з лічбамі, па-іншаму нельга. Я вельмі патрабавальная да сябе і мае калегі такія ж, – дзеліцца Алена Касцюк.

“Калі я кладу перад сабой паперы з лічбамі, у мяне пачынае складвацца пэўны малюнак. Я бачу лічбы, іх паслядоўнасць, іх сістэму, і калі адна з іх недакладная, гэта выклікае дысананс. Патрэбна адшукаць гэту памылку. Ты шукаеш, не спыняешся і атрымліваеш асалоду ад таго, што яе знайшла і выправіла.”

Кіраўнік Цэнтра па забяспячэнні, Святлана Шабалтас так ахарактарызавала Алену Касцюк:

– Алена Аляксандраўна ў нас “камсамолка, актывістка і проста прыгажуня”, інакш не скажаш. Заўсёды стаіць гарою за сваіх супрацоўнікаў, нікога ў крыўду не дасць. Я яе магу назваць сваёю праваю рукою, на якую можна пакласціся ва ўсім – і ў рабоце, і ў грамадскай дзейнасці.

– Я сваіх супрацоўніц называю “байцы нябачнага фронту”. І гэта сапраўды так, таму што бухгалтары праводзяць каласальную работу па бухгалтарскім уліку, рухаюць наперад эканоміку, забяспечваюць сацыяльнае развіццё раёна, а іх не бачна, – расказвае гераіня.
Алена Аляксандраўна ніколі не марыла пра лічбы, пра улік, яна захаплялася гісторыяй, гэта было тое, чаму дзяўчына марыла прысвяціць сваё жыццё.

Дарэчы сказаць, што нарадзілася наша гераіня ў горадзе Уфа Башкірскай АССР.

– У мяне была цудоўная настаўніца матэматыкі – Ніна Міхайлаўна Кумій. Мне наогул шанцавала з настаўнікамі. Дзе б я ні вучылася, дзе б я ні працавала, заўсёды побач былі людзі, якія дапамагалі, вучылі, падтрымлівалі.

З пяшчотай успамінаю сваіх настаўнікаў і аднакласнікаў, а вучылася я на Чукотцы ў пасёлку Шахцёрскі Анадырскага краю. Поўнач, яна як ў песні “бясконцая”, і такія ж бясконца добрыя сэрцы ў людзей, якія там жывуць. Менавіта адтуль ідзе мая “ідэйнасць”, – з пяшчотнай канстатуе жанчына.

Пасля заканчання школы Алена прыехала паступаць у Беларусь, але на факультэт гісторыі патрэбна было здаваць экзамены на беларускай мове, якую яна ў школе не вывучыла. Дзяўчына паступіла ў Вышэйшае прафесійна-тэхнічнае вучылішча электронікі, менавіта там яна ўпершыню даведалася, што такое дэбет і крэдыт. Алене яны вельмі цяжка даваліся, былі не зразумелыя. Нягледзячы на гэта, навучальную ўстанову яна скончыла з адзнакай, атрымаўшы прафесію касір-кантралёр ашчаднага банка. Пасля заканчэння навучання працавала ў гандлі Петрыкаўскага раёна на розных пасадах.

Далейшую адукацыю атрымала ў Гомельскім гандлёва-эканамічным каледжы, па спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць. Таваразнаўца”, а затым скончыла УА “Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі” па спецыяльнасці “Эканаміст”.

У 2006 годзе жанчына прыйшла працаваць у аддзел адукацыі на пасаду сакратара, затым бухгалтара, а з 2012 года яна галоўны бухгалтар. З 2023 года працуе на пасадзе галоўнага бухгалтара Цэнтра.

Акрамя таго, што гераіня прафесіянал у сваёй справе, яна яшчэ і актывістка ў грамадскай дзейнасці. У кастрычніку 2025 года Алена Аляксандраўна была абрана сакратаром Камуністычнай партыі Петрыкаўскага раёна. І гэта быў не нейкі прымус, а абгрунтаванае самастойнае рашэнне. Як кажа сама Алена: “Я – ідэйная, так мяне выхавалі”.

У Беларусі Алена Аляксандраўна сустрэла свайго мужа Мікалая, з якім ужо 31 год разам. У сям’і трое дзяцей і двое ўнукаў. Дочкі Анастасія і Наталля не пайшлі па шляху маці, а выбралі педагагічныя прафесіі. Анастасія – харэограф, Наталля – выкладчыца англійскай мовы. Сын Сяргей вучыцца ў 10 класе і захапляецца спортам, футбол – гэта яго любімы занятак.

“Бухгалтэрыя – гэта ўлік і парадак у фінансавай дзейнасці любой арганізацыі. Гэты парадак садзейнічае таму, як функцыянуе арганізацыя на рынку працы. Дзякуючы бухгалтарам, арганізацыі нашай дзяржавы працуюць належным чынам і забяспечываюць стабільнасць у краіне”.

Надзея Сігай,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о