Мама, бабуля, прабабуля, а для суседзяў – таленавітая майстрыха. Зусім нядаўна 90 гадоў споўнілася цудоўнай жанчыне, самай добрай маці, клапатлівай бабулі і ўважлівай прабабулі Валянціне Іванаўне Красоўскай. Усё жыццё яна прысвяціла выхаванню дзяцей і клопату пра блізкіх людзей. Яна прызнаецца, што пражыла шчаслівае жыццё, хоць у ім было нямала сумных і гаротных дзён. Але наш артыкул не пра гэта. Ён пра волю гэтага чалавека да жыцця, пра любоў да ўсяго навакольнага, працы і творчасці.

Калі ўваходзіш у дом захопленага майстэрствам чалавека, адразу адчуваецца асаблівая ўтульнасць, бо рэчы, зробленыя сваімі рукамі, захоўваюць у сабе душэўную цеплыню аўтара. Вось і ў доме Валянціны Іванаўны менавіта такая атмасфера. З юных гадоў яна старалася ствараць рэчы сваімі рукамі. Шыла, ткала, вышывала і, вядома, вязала для ўсіх членаў вялікай вясковай сям’і.
– Вучылася рукадзеллю самастойна, прыдумляла ўзоры і схемы, матуля не вышывала, ёй не было калі. Пасля вайны вельмі цяжка было: і гаспадарка, і дзеткі, мой бацька загінуў у палоне. Я была старэйшая ў сям’і, дапамагала маме ва ўсім, але не магла пражыць і дня без любімага занятка. Магла вышываць і ў чатыры гадзіны раніцы, і ўвечары пасля дойкі, бывала, і засынала ад стомы за любімай справай, – ўспамінае суразмоўца.
Дываны, фіранкі, сурвэткі, чахлы на крэслы і канапы, а таксама вышытыя гладдзю абрусы бабуля змайстравала сама. Таленты рукадзельніцы ацанілі не толькі яе сваякі – яе работы пабывалі на выставе да Дня Незалежнасці ў горадзе Петрыкаве, а таксама творчыя работы захоўваюцца ў музеі горада Урупінска. Сярод яе работ няма ніводнай падобнай – усе з рознымі матывамі. Амаль восемдзесят гадоў Валянціна Іванаўна абшывае і абвязвае сябе і сваякоў. – Я ўсім сваім дзеткам сваімі рукамі рыхтавала пасаг. Кожнаму дасталіся і абрусы, і ручнікі, і пакрывала. Унукам і праўнукам па сённяшні дзень вяжу цёплыя шкарпэткі. Не магу сядзець без справы, – дзеліцца Валянціна Іванаўна.
Ды і кожнаму госцю яна з задавальненнем прэзентуе нешта са сваіх вырабаў. Мне вось таксама падарунак дастаўся – цёплыя вязаныя шкарпэткі, за што вялікі дзякуй.
Цяпер у нашай гераіні 13 унукаў, 20 праўнукаў і 5 прапраўнукаў, якія таксама любяць рукадзелле.
Сакрэт свайго даўгалецця Валянціна Іванаўна не хавае: трэба не толькі працаваць, але і любіць працу. Сваёй энергіяй жанчына дасць фору многім маладым.
– Я заўсёды думала, што буду маладая. Нават не меркавала, што дажыву да такога ўзросту, – усміхаецца суразмоўца.
Падчас гутаркі з Валянцінай Іванаўнай нават і не верыцца, што яна адзначыла не так даўно такі салідны юбілей. Вочы ў яе зусім маладыя, і яна гатовая далей тварыць новыя шэдэўры і радаваць імі сваіх блізкіх . Можна толькі захапляцца і натхняцца шырынёй душы гэтай выдатнай жанчыны.
Нягледзячы на ўзрост, Валянціна Іванаўна, як сапраўдная жанчына, вельмі любіць каралі і прыгожыя хустачкі.
Хочацца пажадаць Валянціне Іванаўне моцнага здароўя на доўгія гады, душэўнага спакою і вялікага натхнення.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о