Толькі ў канцы сакавіка друкавалі артыкул “Армія пачынаецца з прызыву”, дзе ваенны камісар раёна Аляксандр Адамоўскі расказваў пра адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву. Цяпер ілюстрацыя да таго матэрыялу: адкрытае судовае пасяджэнне, дзе на лаве падсудных апынуўся “ўхіліст”.

р 091

Здаецца, што інфармацыю дваццацігадовы Дзмітрый Г. засвойвае выбарачна. Канкрэтна тая, што тычыцца вайсковай службы, не засвойваецца ў яго свядомасці. Інакш як растлумачыць яго паводзіны.

Летась у жніўні юнак прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву. Сам нават на разгляд справы не з’явіўся. Потым у адносінах яго быў сабраны матэрыял для крымінальнай справы, але ва ўзбуджэнні яе было адмоўлена. Здаецца, што яшчэ трэба тлумачыць юнаку, які пад уласны подпіс атрымаў чарговае запрашэнне ў ваенкамат?

Не. Не паехаў у ваенны камісарыят па павестцы, а рушыў зноў на заработкі ў Расію. І хаця вярнуўся адтуль, калі тэрмін восеньскіх прызыўных мерапрыемстваў не скончыўся, выпраўляць нічога не стаў. Ды, здаецца, тыя самыя тэрміны яго не цікавілі. Бо на пытанне суддзі пра іх адказаць не змог.

Дзве свае прызыўныя кампаніі прапусціў.

Некаму, можа, і зразумела тое: адукацыя базавая, працаўладкавацца па месцы жыхарства нідзе не змог, жыве з маці, сродкі для існавання трэба здабываць.

А як быць з абавязкам перад дзяржавай, які іншыя з гонарам выконваюць? Некаторыя потым там знаходзяць сваё прызванне, прафесію. Дарэчы, на той абавязак чхаць – сямейная рыса. Некалі, як высветлілася, і яго старэйшы брат праходзіў па артыкуле 435 Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад мерапрыемстаў прызыву на воінскую службу”.

Па вялікім рахунку, Дзмітрый, можа, і не патрапіў бы цяпер у войска: катэгорыю яго годнасці так і не вызначылі, бо ніводную медкамісію ён так і не прайшоў. Можа, атрымаў бы адтэрміноўку і зноўку паехаў у Расію за “доўгім” рублём.

Цяпер тое немагчыма. Суд прыняў рашэнне пра пазбаўленне волі Дзмітрыя Г. тэрмінам на адзін год, без прывядзення ў выкананне прысуду тэрмінам на адзін год. Праўда, цяпер ён не мае права выязджаць з месца пражывання тэрмінам больш чым на месяц, павінен выканаць 120 гадзін грамадскіх работ і весці абсалютна законапаслухмяны лад жыцця. Інакш – краты.

Алена БРУЦКАЯ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о