IMG_0151_1

Па выніках мінулага навучальнага года Мышанскі яслі-сад прызнаны лепшым сярод сельскіх  устаноў дашкольнай адукацыі раёна. Калектыў быў ганараваны памятным Кубкам, грашовай прэміяй і сертыфікатам пра занясенне на Дошку гонару аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі. Сёння кіраўнік установы Таццяна Фіндзюкевіч прадстаўляе свой калектыў на раённым злёце перадавікоў.

Камфорт і цёплая дамашняя абстаноўка, развіццё здольнасцяў кожнага дзіцяці, іх здароўе і бяспека – галоўныя накірункі, у якіх працуе зладжаны,  ініцыятыўны і вопытны калектыў ясляў-сада. Ва ўтульных і па-сучаснаму аформленых памяшканнях ужо немаладога будынка арганізаваны і вынікова працуюць метадычны цэнтр, музычная і спартыўная залы, пакоі для творчасці, этнаграфіі, экалогіі. Прадметна-развіваючае асяродзе дапаўняюць куткі кніг, бяспекі паводзінаў, музычна-тэатральнай дзейнасці, спорту. У дзетак ёсць магчымасць атрымаць дадатковыя навыкі па харэаграфіі, а бацькам – наведаць школу маці.

Называючы галоўным складальнікам паспяховай працы калектыву значны вопыт сваіх педагогаў – сямёра з дзевяці маюць стаж звыш дваццаці гадоў,  Таццяна Фіндзюкевіч з удзячнасцю гаворыць пра кожнага яго члена – і педагогаў, і тэхнічных работнікаў. Правая рука кіраўніка – намеснік Вікторыя Вяраксіч. Хаця працуе толькі пяць гадоў, але імкнецца да пастаяннага пошуку ідэй, шукае новыя метадычныя рашэнні. Вялікі ўклад у агульную справу робіць і Наталля Торап, непамерна адказны і завадны чалавек, якому падуладныя ўсе напрамкі працы выхавальніка – добрыя зносіны з дзецьмі, узаемадзеянне з бацькамі, соцыумам. Да ліку такіх жа майстроў сваёй справы адносіць загадчыца ясляў-сада таксама выхавальнікаў Алену Краменскую, Ніну Дашкевіч. Мноства творчых ідэй генерыруе Людміла Стальчэня – кіраўнік фізічнага выхавання, якая прыцягвае дзетак да розных формаў актыўнага адпачынку ў любую пару года.

Дзве трэція часткі калектыву ўстановы складаюць тэхнічныя работнікі. Іх уклад у справу вялізны. Кладаўшчык Таццяна Марціновіч – скарбніца ідэй, творчасці ў добраўпарадкаванні. А загадчыца гаспадаркі Людміла Саломенная, чалавек з “залатымі” рукамі, узяла на сябе стварэнне ў яслях-садзе “беларускай хаткі”. На нядаўнім конкурсе лялек Масленіцы была прадстаўлена і перамагла менавіта яе работа. Некалькі такіх жанчын у садзе могуць замяніць увесь творчы калектыў. У многім стала лягчэй працаваць, калі ў калектыве з’явіліся мужчыны – рабочыя Анатоль Дашкевіч і Алег Рогаў. Цяпер на іх ускладзены абавязкі па падрыхтоўцы дваровай тэрыторыі да Дня кіраўніка, які хутка будзе праведзены на базе ўстановы.

Добраўпарадкаванне ўвогуле Таццяна Уладзіміраўна лічыць адным з найважных момантаў. Ганарыцца тым, што ў двары ёсць свой сад, адкуль на стол дзетак трапляюць свае яблыкі, міні-агарод, пляцоўка правілаў дарожнага руху, цяпліца, у якой падрастае расада для кветнікаў. І хаця па фінансавых прычынах магчымасці калектыву абмежаваны, але яслі-сад служыць упрыгожаннем іх вёскі.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о