Поспехі раёна – заслуга нястомных аграрыяў

0
29

На календары – сярэдзіна лістапада. Завершаны асноўны цыкл сельскагаспадарчых работ: убраны і абмалочаны зерневыя, пасеяны азімыя культуры, нарыхтаваны кармы для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы, пастаўлена тэхніка на захоўванне. Цяпер у гаспадарках працягваецца ўздым зябліва і вывазка арганікі пад будучы ўраджай. Каб даведацца, з якімі паказчыкамі завяршаюць год сельгасарганізацыі нашага раёна, мы пагутарылі з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алегам КОЗІНЦАМ.

– Алег Георгіевіч, наколькі ўраджайным выдаўся сёлетні год для Петрыкаўшчыны?
– Поспехі раёна – заслуга нястомных аграрыяў. Менавіта яны забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і даказваюць, што з маленькага хлебнага зярнятка пачынаюцца моц і сіла дзяржавы. Сёлета аграрыі раёна сустракаюць прафесійнае свята з добрымі вынікамі. Ураджай атрымалі нядрэнны. Сабралі 36,974 тысячы тон зерня збожжавых, зернебабовых раслін і зерня кукурузы, або 138,2% да ўзроўню мінулага года. Аб’ёмы намалоту выраслі найперш за кошт павелічэння ўраджайнасці.

– Раскажыце пра стан спраў у галіне жывёлагадоўлі.
– Па выніках 9 месяцаў тэмп росту валавой вытворчасці малака па раёне склаў 116,5%, да ўзроўню мінулага года і 107% да даведзенага гадавога задання. Найлепшых вынікаў па гэтым паказчыку дасягнулі ў ААТ “Чалюшчавічы” – 197,1%, ААТ “Агра-Ляскавічы” – 150,6% і СУП “Палессе-Аграінвест” – 111,4%. Сярэдні ўдой на карову ў параўнанні са студзенем-вераснем мінулага года вырас на 961 кілаграм і склаў 3641 кілаграм пры сярэднеабласным паказчыку 3675 кілаграмаў. Найлепшыя паказчыкі па ўдоі малака ад адной каровы ў СУП “Палессе-Аграінвест” – 5875 на карову, з пачатку года прыбавілі 601 кілаграм. На другім месцы – ААТ “Агра-Ляскавічы” з вынікам 5141 і павелічэннем паказчыка да мінулагодняга на 1727 кілаграмаў. Трэці вынік у ААТ “Чалюшчавічы” – 4683 кілаграмы.
Сярэднесутачныя валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы па раёну дасягнулі адзнакі ў 648 грам, пры сярэднеабласным паказчыку ў 523 грамы, што на 22 грамы больш, чым у папярэднім годзе. Варта адзначыць, што са знакам плюс спрацавалі амаль усе гаспадаркі раёна. Самыя высокія паказчыкі ў СУП “Палессе-Аргаінвест” – 849 грам, ААТ “Чалюшчавічы” – 551 грам, ААТ “Агра-Ляскавічы” – 448 грам.
За 9 месяцаў гаспадаркі Петрыкаўшчыны рэалізавалі дзяржаве 4495,4 тон мясной прадукцыі, што на 107,7% больш, чым у 2024 годзе і 103,1% – да гадавога задання. Самы значны прырост паказчыка дасягнуты жывёлаводамі ААТ “Курыцічы”, “Чалюшчавічы”, “Агра-Пціч””, якімі было прададзена адпаведна на 123,3%, 111,8% і 110,2% больш за мінулагодні паказчык.
Рост пагалоўя забяспечаны гаспадаркамі ААТ “Чалюшчавічы” – 116,3% да мінулагодняга паказчыка і СУП “Палессе-Аграінвест” – 109,4% да мінулагодняга паказчыка.

– Алег Георгіевіч, наколькі забяспечаны гаспадаркі раёна кармамі?
– Сельгаспрадпрыемствы маюць адпаведную кармавую базу. Так, сена нарыхтавана 4,2 тысячы тон, сенажу і зернесенажу – 84,5 тысяч тон, сіласу – 89,8 тысяч тон, зялёнай масы на выпас і падкормку – 43 тысячы тон. Нарыхтаваны аб’ём кармоў дазволіць забяспечыць стабільнае развіццё галіны жывёлагадоўлі. І па якасці кармоў у сельгасарганізацыях спрацавалі нядрэнна.
Агульны аб’ём вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў супастаўных цэнах склаў 33,2 мільёна рублёў ці 102,8% да ўзроўню мінулага года.

– Адпаведна будзе і малако?
– На гэта і працуем. Ужо па выніках 9 месяцаў маем станоўчую дынаміку, далей плануем толькі дадаваць. Так, за студзень-верасень рэалізавана 42,114 тысяч тон малака, што больш мінулагодняга паказчыка на 6,035 тысяч тон.
Магу ўпэўнена сказаць, што на сённяшні дзень у нас ёсць усё, каб гэту планку пераадолець.
Хачу адзначыць, што галоўная мэта ўсёй нашай работы – павышэнне дабрабыту людзей. За студзень-верасень бягучага года сярэдняя заработная плата ў сельскай гаспадарцы раёна склала 1875 рублёў ці 130,8% да мінулагодняга паказчыка пры мярэднеабласным – 1840 і 122,7% адпаведна. Павялічылася і сярэднемесячная выручка на аднаго працуючага. Па выніках 9-ці месяцаў яна склала 6885 рублў ці 128,7% да мінулагодняга паказчыка.
У раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах аграрнага сектара ёсць яшчэ рэзервы: мы іх ведаем і будзем задзейнічаць для павышэння эфектыўнасці работы.

– Вашы пажаданні працаўнікам вёскі напярэдадні іх прафесійнага свята?
– Шчыра дзякую ўсім жыхарам раёна, хто заняты ў галіне сельскай гаспадаркі, за іх нястомную самаадданую працу на карысць роднага краю. Зычу кожнаму моцнага здароўя, дабрабыту, ладу ў сем’ях. Асобныя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам працы, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Упэўнены, што ў будучым разам мы дасягнем высокіх паказчыкаў па вытворчасці сельгаспрадукцыі.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о