Заходзячы ў двор сядзібы да гэтай сямейнай пары, кідаецца ў вочы, як з любоўю і карысцю адносяцца гаспадары да кожнага кавалачку зямлі на сваім участку: эстэтычна аформленыя клумбы, замысловыя архітэктурныя формы, абсталяванае месца для адпачынку, прыбраная і падрыхтаваная да зімы тэрыторыя, адведзеная для вырошчвання агародніны. Па іншаму быць не можа. Мае  героі Валянціна Мітрафанава і Леанід Ігнашэвіч ведаюць толк у “зямельнай” справе. Усё сваё жыццё муж з жонкай прысвяцілі сельскай гаспадарцы.

Поспех прыходзіць да тых,  хто любіць сваю справуЖыццёвы шлях маіх субяседнікаў не назавеш лёгкім і роўным. Ды і прафесіі выбралі адказныя, якія патрабавалі майстэрства, гнуткасці і пастаяннага самаўдасканалення.
Валянціна Іванаўна – спецыяліст па пчалярстве. Пяцьдзясят гадоў яна аддала гэтай спецыфічнай для жанчыны справе. Пасля заканчэння Кашэвічскай школы, атрымала спецыяльнасць агранома і прыехала на малую радзіму. Амаль адразу дзяўчыну зацвердзілі спецыялістам у насенную інспекцыю і ў пачатку сямідзясятых пачалося яе знаёмства з пчоламі. У той час кожная гаспадарка ў раёне мела свой пчальнік. У раёне іх было дваццаць адзін і пчалаферма ў Колках. Менавіта яе намаганнямі галіна выйшла на годны ўзровень: з’явіліся новыя гатункі пчаласямей, асаблівы падыход да развядзення насякомых і іх догляду. За паўвека жанчына навучылася ладзіць з пчоламі, ведае іх павадкі і звычаі.

– Калі сёння прыязджаю на пчальнік, мяне пчолы не кусаюць – настолькі мы разумеем адзін аднаго. Але за прафесійную дзейнасць было ўсякае, – успамінае жанчына. – Будучы яшчэ маладым спецыялістам, выклікалі мяне на Тураўшчыну. Там за рэчкаю мне прыйшлося “ўціхамірваць” каля сямідзесяці сямей дзікіх пчол. Пасля такой сустрэчы трапіла ў бальніцу, і з таго часу стала асцярожней са сваімі падапечнымі.
Валянціна Іванаўна ў страі і сёння.  Яна – міжраённы спецыяліст па пчалярству. Петрыкаўскі, Акцябрскі, Жыткавіцкі раёны маюць патрэбу  ў яе вопыце і прафесіяналізме.

Леанід Палікарпавіч прыехаў на Петрыкаўшчыну галоўным заатэхнікам у сямідзясятых гадах са Століншчыны: вопытнага спецыяліста накіравалі для вырашэння некаторых пытанняў у нашым раёне. За плячыма сярэдне-спецыяльная і вышэйшая адукацыя па профілі. Граматнага  і адданага сваёй праве аграрыя заўважылі адразу і прапанавалі паспрабаваць сябе на кіруючай пасадзе. Так, больш за трыццаць гадоў і праяўляў сябе на пасадзе старшыні Слабадской, Курыціцкай, Брынёўскай гаспадарак. Працаваў заўсёды на вынік, вёў за сабой калектыў.

– Скажу са сваёй практыкі, галоўнае ў працы – кадры. Кожны павінен ведаць і аддавацца сваёй справе, любіць зямлю на якой жыве і працуе, – лічыць Леанід Палікарпавіч.

Былы кіраўнік на заслужаным адпачынку, але  ў курсе ўсіх пытанняў, звязаных з сельскай гаспадаркай. Цікавіцца палітычнай сітуацыяй як у краіне, так і ў свеце.
Мае героі пазнаёміліся дваццаць пяць гадоў таму. Абодва яны заўдавелі, у кожнага з іх былі дзеці: у Валянціны Іванаўны – двое, у Леаніда Палікарпавіча – пяцера. Мае героі стварылі новую сям’ю, дзе жыццё ціхае, шчаслівае і размеранае. Дзеці, унукі, праўнукі, сябры частыя наведвальнікі ў іх доме. Гасцям яны радыя, з усімі жывуць у згодзе.  Для тых, хто ведае маіх герояў, яны – узор адданасці, шчырасці і чысціні.

  Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о