IMG_0072

Выхавальніку Ніне Дашкевіч у яе яслях-садзе давераны самы адказны ўчастак – першая малодшая група, куды бацькі ўпершыню прыводзяць дзетак. Ёй, педагогу з 23-гадовым стажам і І кваліфікацыйнай катэгорыяй, цяпер пад сілу справіцца з самымі няўрымслівымі і капрызнымі рабятамі. Тым больш, што менавіта да яе яны папярэдне прыходзяць разам з матулямі на заняткі ў адаптацыйную групу.

Яе любоў да прафесіі і кожнага дзіцяці асобна адлюстроўваецца ў тым асяродку, што створаны рукамі педагога ў пакоях групы, у жаданні дзетак кожную раніцу ісці да сваёй Ніны Аркадзьеўны і ў аўтарытэце сярод калег. Менавіта аўтарытэт у калектыве і давер дазволіў ёй ужо другі выбарчы тэрмін узначальваць першасную прафсаюзную арганізацыю Мышанскага ясляў-сада.

– Работа выхавальніка не заканчваецца ніколі, – лічыць педагог. – На працы ўвесь час прысвячаецца дзецям, а дома, пасля хатніх спраў, сядаю за дакументы, матэрыялы для заняткаў. Сям’я – заўсёды побач. І раней муж Анатоль Уладзіміравіч дапамагаў у рамонце на ўчастку нашай групы – то альтанку падладзіць, то малыя архітэктурныя формы змайструе. Залатыя рукі ў яго. Цяпер працуе ў яслях-садзе рабочым, ужо за ўсю тэрыторыю адказны.

Дзеці таксама знаходзяць сабе занятак. Дачка, гледзячы на мяне, асвоіла рукадзелле: шые, вяжа, пляце з бісеру, лепіць з цеста. А апошнім часам зацікавілася мылаварэннем. Сын – тэхнік: можа і гірлянду зрабіць сам, і выключальнік святла з гукавымі дэтэктарамі.

Галоўным накірункам  сваёй працы выхавальнік абрала супрацоўніцтва з бацькамі. Абагульняла вопыт па гэтай тэме. Вынікі гэтай працы добра бачныя: бацькі заўсёды поўным складам наведваюць сходы, дапамагаюць у арганізацыі святаў і забаў, афармленні выстаў і групы ўвогуле.

– У маёй групе заўсёды добрая напаўняльнасць, – пацвярджае сказанае Ніна Аркадзьеўна. – 12-15 дзетак пастаянна. І каб яны хацелі ісці да нас, трэба ўвесь час знаходзіць нешта новае, цікавае. І пошукі гэтыя не абмяжоўваюцца працоўным часам. Выхавальнік – педагог, які працуе круглыя суткі.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о