Вялікі ўклад у Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўнеслі і многія нашы землякі – ураджэнцы Петрыкаўскага раёна. Сярод іх быў і Уладзімір Арцёмавіч Папок. Нарадзіўся ён у вёсцы Хуснае 2 сакавіка 1923 года.

Подзвіг герояў – у памяці назаўсёды
За работу па патрыятычным выхаванні моладзі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў 2015 годзе абвясціў яму Удзячнасць і ўручыў імянны гадзіннік.

Рана давялося яму пасталець. У 15-цігадовым узросце пачаў працоўную дзейнасць у мясцовым калгасе імя Фрунзе. Затым з 1940 года працаваў сакратаром Капаткевіцкага райкама камсамола. З лютага 1941 года па камсамольскай пуцёўцы паехаў на будаўніцтва Мінскага авіяцыйнага завода. Адтуль яго накіравалі на вучобу ў Маскву на авіязавод імя Мянжынскага. З пачаткам вайны разам з заводам, што выпускаў пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі ПЕ-2, Уладзімір Папок быў эвакуіраваны ў Іркуцк.

У студзені 1943 года ён быў прызваны ў Чырвоную Армію. На фронце ваяваў механікам-вадзіцелем самаходнай артылерыйскай устаноўкі СУ-76 у 75-м самаходным артылерыйскім Брэсцкім Чырванасцяжным палку.
Наш герой паказаў смеласць, рашучасць і адвагу ў баях, дайшоў да Берліна. Нягледзячы на слабую браню і абарону экіпажа, ва ўмелых руках СУ-76 была грознай зброяй і часта вырашала зыход бою.

Як ваяваў Уладзімір Папок, камандзір 75-га самаходнага артылерыйскага палка маёр Гвоздзікаў піша ва ўзнагародным лісце ад 5 мая 1945 года: “18 красавіка 1945 года ў раёне мястэчка Шцернябек механік-кіроўца сяржант Папок, пры наступленні ў зоне артылерыйскага агню ворага, знішчыў гусеніцамі 3 кулямётныя пункты і 10 салдат праціўніка. У гэтым жа баі разлік самаходнай устаноўкі, дзе знаходзіўся таварыш Папок, знішчыў: адну супрацьтанкавую і 2 зенітныя гарматы, каля 50 салдат і афіцэраў праціўніка. Гэтым самым даў магчымасць рушыць наперад нашай пяхоце. Хадайнічаю пра ўзнагароджанне таварыша Папка ордэнам Чырвонай Зоркі.
“Але, Загадам па 1-ым механізаваным Чырвонаградскім корпусе сяржант Папок Уладзімір Арцёмавіч, вадзіцель-механік СУ-76, быў узнагароджаны ордэнам Славы 3 ступені, найбольш шанаванай узнагародай у франтавікоў.

Пасля дэмабілізацыі ў 1948 го-дзе вярнуўся дадому. Працаваў у Капаткевіцкім, Буда-Кашалёўскім і Брагінскім раёнах на розных пасадах народнай гаспадаркі. З 1959 года ў Светлагорскім раёне – дырэктар аўтабазы № 14 і з 1961 года Уладзімір Арцёмавіч працаваў у саўгасах аграномам, атрымаўшы гэту спецыяльнасць у Беларускай сельгасакадэміі.

Далей знаходзіўся на партыйнай, прафсаюзнай рабоце. 10 гадоў узначальваў таварыства “Веды”. На пенсію пайшоў у 1983 годзе. На працягу жыцця на ўсіх даручаных участках работы яго адрознівалі высокая адказнасць, веданне справы, прынцыповасць і добрае стаўленне да людзей.

Асаблівыя заслугі ў яго былі ў грамадскай дзейнасці. Ён быў адным з ініцыятараў і складальнікаў Кнігі памяці Светлагорскага раёна.

Многія гады працаваў па захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну, аднаўленні падзей і ўсталяванні імёнаў герояў пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узначальваў Савет ветэранаў вайны. За работу па патрыятычным выхаванні моладзі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў 2015 годзе абвясціў яму Удзячнасць і ўручыў імянны гадзіннік.

Уладзімір Папок быў узнагароджаны двума баявымі ордэнамі, шматлікімі медалямі і граматамі. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам у таварышаў, з’яўляўся Ганаровым грамадзянінам горада Светлагорска. Пайшоў з жыцця 17 кастрычніка 2017 года. Яго подзвігі, добрыя справы і светлае імя заўсёды будуць памятаць людзі.

Мікалай Ходзька

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о