1

Стомленая складанай службай і ў той жа час заўсёды ветлівая і далікатная, простая вясковая жанчына Вольга Палтаран насамрэч сапраўдная легенда для аграгарадка Бабунічы.

Па-першае, гэта жанчына-маці, якая выхавала гонар нашай краіны і раёна, дачку-чэмпіёнку, вяслярку Марыну Літвінчук. Па-другое, Вольга Іванаўна заўсёды працуе на вынік. Менавіта таму ў раённым злёце перадавікоў прымае ўдзел не ўпершыню. Да таго, сёлета паштальён адзначана ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”.

Калі некалькі гадоў таму ў  Бабуніцкім аддзяленні паштовай сувязі скарацілі двух паштальёнаў, Вольга Іванаўна засталася адна. У малыя населеныя пункты дастаўляюць карэспандэнцыю цяпер паштовыя машыны, а вось у Бабунічах “накручвае кіламетры” Вольга Іванаўна сама.

Паштальён дастае свой сшытак, так званы “хадавік”, дзе распісаны прозвішчы ўсіх падпісчыкаў і выданні, якія чытаюць вяскоўцы. У Вольгі Іванаўны 185 двароў. Гэта вялікая нагрузка і немалая вага ў паштовай торбе з газетамі і часопісамі, а таксама са спадарожнымі таварамі.

Яна з гонарам адзначае, што за І квартал выканала план па падпісцы на рэспубліканскія газеты, а па “раёнцы” нават перавыканала. Так, усяго падпісчыкі атрымаюць 314 экземпляраў газет, з якіх 121 – “Петрыкаў-скія навіны”

Спадарожных тавараў толькі за люты паштальён рэалізавала на 528 рублёў. Вяскоўцы рыхтуюцца да веснавых работ і паспяхова набываюць насенне гародніны, кветак.

У паштовай галіне Вольга Іванаўна занята з 2004 года. Да гэтага доўгі час працавала прадаўцом у магазіне вёскі Палессе. Калі захварэў муж, давялося шукаць працу бліжэй да дома. Вось ужо восем  гадоў мінула, як ён пайшоў з жыцця. І гэты боль да сёння сціскае душу і засцілае слязьмі вочы.

Усё ж даюць стымул жыць далей поспехі дачкі і зяця. Іх, дарэчы, Вольга Іванаўна чакае на днях. Весляры вяртаюцца з чарговых вучэбна-трэніровачных збораў, што праходзілі ў Партугаліі.

Яны самыя дарагія госці дома. Менавіта такія цёплыя сустрэчы з дачкой пасля працяглых растанняў даюць зарад эмоцый надоўга. Далей пачнуцца гаспадарчыя клопаты па доглядзе і апрацоўцы прысядзібнага ўчастка. Так што вольнай хвіліны ў Вольгі Іванаўны не выпадае.

Прызнаецца, што сёлета ў лістападзе ёй ужо трэба афармляцца на пенсію. Далей працаваць не будзе, здароўя ўжо няма. Яно і не дзіўна.

Віншуем Вольгу Іванаўну з чарговымі перамогамі і зычым здароўя, шчаслівых хвілін і прыемных навін!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о