У межах правядзення адзінага дня інфармавання  адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама на чале са Святланай Сенька з жыхарамі вёскі Галубіца.

Адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама з жыхарамі вёскі Галубіца

Што тычыцца тэмы сустрэчы, то яна была не толькі надзённая і актуальная, але і інфармацыйна насычаная. Мяркуйце самі: “Перапіс насельніцтва: погляд на сучаснае – крок у будучыню”, “Ад людзей і для людзей. Вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб”, “Трэці ўзрост. Новыя магчымасці”.

Кіраўнік групы Святлана Сенька праінфармавала прысутных па тэме сустрэчы. Намеснік старшыні райвыканкама дадала, што Галубіцкі сельскі Савет зусім не выпадкова быў абраны для візіту інфармацыйна-прапагандысцкай групы: дэмаграфічная сітуацыя выклікае вялікі непакой улады па прычыне самага высокага рэйтынгу смяротнасці на тэрыторыі раёна і ў працаздольным, і ў пажылым узросце.
Да размовы далучылася Людміла Занкевіч, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ. Выступленні мясцовых жыхароў і каментарый спецыяліста, а таксама даручэнне намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Прывалава, дадзенае ім падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ідэалагічнага вектара Петрыкаўшчыны, сталі асновай выпрацаванага рашэння: правесці планавы медагляд з выездам на месца спецыялістаў, бо захаванне жыцця чалавека – галоўная задача сёння і старшынь сельвыканкамаў, і медыцынскіх работнікаў.
Да прадстаўніка цэха газавай гаспадаркі Віталя Макарэвіча таксама было адрасавана некалькі пытанняў вяскоўцаў. Па-першае, пламбіраванне балонаў – новая праблема для карыстальнікаў, у якіх ёсць падсобная гаспадарка: як асмаліць парсючка – вось у чым пытанне. Адказ знайшоўся: на продаж грамадзянам прапануюцца балоны рознай ёмістасці, запраўка якіх ажыццяўляецца ў Петрыкаўскім філіяле вытворчага ўчастка “Жыткавічыміжрайгаз”. Па-другое, больш за 30 чалавек з ліку створанага ў вёсцы кааператыва чакаюць газіфікацыі. Адказ быў абнадзейваючы: усе неабходныя дакументы аформлены, кошт праекта разлічаны, але трэба разумець, што толькі 30% ад заяўленай сумы складаюць асабістыя сродкі членаў кааператыва, а 70% – дзяржаўныя. Пагэтаму па завяршэнні работ у Ляскаві-чах і Петрыкаве наступнымі будуць жыхары вёскі Галубіца.
Жыллёва-камунальная гаспадарка – сектар, да дзейнасці якога звычайна шмат пытанняў. Не стаў выключэннем і Галубіцкі сельскі Савет. Аляксандр Пацкоў у сваім рабочым нататніку зрабіў запіс наконт напору вады, які настолькі слабы, што не трапляе ў кватэры на 2 паверсе, а гэта яшчэ і вялікая перашкода для бесперабойнай работы воданагравальнікаў.
Узнімалася пытанне і вывазу смецця, але факт меў хутчэй за ўсё адзінкавы выпадак, бо жыхары суседніх вуліц адзначылі добрую работу камунальнікаў і выказалі жаданне заключыць дагаворы на вываз смецця.
І пасля завяршэння сустрэчы ў прыватным парадку вяскоўцы падыходзілі да прадстаўнікоў інфармацыйна-прапагандысцкай групы з асабістымі пытаннямі.

Галіна КАЗАК

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о