1

Днямі наш аддзел унутраных спраў адзначае 55-годдзе з дня стварэння. І хоць гэтая дата не зусім юбілейная, але ж таксама значная.

Адбылася гэтая падзея пасля аб’яднання Петрыкаўскага і Капаткевіцкага раёнаў. Таму наш аддзел унутраных спраў адзін з самых маладых у вобласці. Ён увабраў у сябе гісторыю двух аб’яднаных раёнаў і фактычна мае амаль стогадовую гісторыю.

Да сёлетняй даты мы падышлі з добрымі вынікамі працы. Па асноўных паказчыках дзейнасці сярод іншых раёнаў вобласці мы займаем пазіцыю вышэй сярэдняй. Колькасць злачынстваў у параўнанні з папярэднім годам паменшылася на 11%, раскрывальнасць іх вышэй сярэднеабласнога паказчыка. Важна адзначыць, што з 10 да 7 знізілася колькасць злачынстваў у катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Прычым раскрывальнасць па іх складае 100%.

На сёння застаецца актуальным пытанне барацьбы з самагонаварэннем, бо амаль 80% усіх злачынстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Штотыдзень выяўляецца па некалькі фактаў незаконнага вырабу, захоўвання і рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, вінаватыя абавязкова нясуць пакаранне.

Асабовы састаў аддзела таксама накіраваны на работу з грамадзянамі, недапушчэнне скаргаў ад насельніцтва. Гэта падмацоўвае не толькі наш імідж, але і жаданне людзей супрацоўнічаць з праваахоўнікамі, дапамагаць у раскрыцці злачынстваў. Мы заўсёды дзякуем, у тым ліку і матэрыяльна, тым, хто не праходзіць міма парушальнікаў закона, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Наш рэгіён пачынае развівацца. Сёння ў раёне працуюць прадстаўнікі прадпрыемстваў з усёй рэспублікі. І мы ў тым ліку павінны стварыць станоўчае ўражанне пра Петрыкаўшчыну перад гасцямі, а нашым жыхарам забяспечыць магчымасць адчуваць сябе камфортна, а камфорт – гэта найперш бяспека.

Напярэдадні нашага свята ў чарговы раз жадаю супрацоўнікам РАУС моцнага здароўя, поспехаў на працы і ў асабістым жыцці. Служба ў  праваахоўных органах – выпрабаванне для сем’яў і родных нашых супрацоўнікаў. Дзяжурствы, тэрміновыя выклікі – усё гэта можна пераадолець толькі ў згодзе, цярпенні і ўзаемапаразуменні. Гэтага і жадаю ўсім!

Мікалай СЕМЯНІЦКІ,

начальнік аддзела ўнутраных спраў

 Петрыкаўскага райвыканкама.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о