У гэты раз, паважаныя чытачы, я паспрабую разабрацца ў лічбах і распавесці пра сапраўдны дэмаграфічны выбух, які адбыўся каля 100 гадоў таму ў тагачасным мястэчку Петрыкаў.

Калі вы цікавіліся гісторыяй нашага горада, то пэўна чыталі адзін з самых змястоўных і поўных краязнаўчых дакументаў “Санитарный очеркъ м-ка Петрикова, Мозырскаго уезда, Минской губерніи”, скла-дзены доктарам медыцыны Неербургам прыблізна ў пачатку 1913 года. Калі вам не трапляўся на вочы гэты тэкст, прапануем абавязкова яго пачытаць на сайце retropetrikov.by. Пры аналізе інфармацыі варта памятаць яшчэ і тое, што хоць дакумент даволі поўны, але не пазбаўлены аднабаковасці. У нас няма падстаў не давяраць доктару Неербургу, але мужчына звяртаў увагу ў першую чаргу на санітарны стан населенага пункта, які сапраўды мог быць не надта высокі. Разам з тым, апошнія высветленыя факты развіцця мястэчка Петрыкаў дазваляюць меркаваць, што населены пункт быў не такі ўжо і занядбалы для тагачаснага Палесся.

Петрыкаўспектыва. Частка 3
Адзін з самых вядомых здымкаў дарэвалюцыйнага Петрыкава. Аўтар Ісаак Сербаў. Подпіс: “Возле церкви. Слепецъ Степанъ Галецъ с лирой”

Трэба адзначыць, што літаральна за 10-15 гадоў Петрыкаў перажыў сапраўдны дэмаграфічны выбух. Так, згодна з вынікам перапісу 1897 года ў нашым мястэчку налічвалася 5538 жыхароў, у 1909 годзе – ўжо 8882 жыхара. Што тычыцца санітарнага доктара, то ён знаёміць чытача адразу з дзвюма лічбамі. Па прыблізных падліках, на момант напісання нарыса, насельніцтва Петрыкава ацэньвалася прыблізна ў 12 тысяч чалавек, апошняя дакладная лічба па дадзеных Неербурга (год і крыніца, нажаль, не адзначаны, але хутчэй за ўсё прыпадае на 1911 год) адзначаў 8405 жыхароў. Да гэтага і энограф, фатограф Ісаак Сербаў, што трапіў у Петрыкаў 20 ліпеня 1912 года, адзначыў: “Аб велічыні мястэчка можна меркаваць ўжо па тым, што яно налічвае звыш тысячы дамоў і 9 тысяч жыхароў”.

Адкуль тады з’явілася лічба ў 12 тысяч насельніцтва? Верагодна, санітарны ўрач падлічыў нагрузку, што прыпадала на мясцовую сферу аховы здароўя: “Больницы в Петрикове до сего времени нетъ, несмотря на острую нужду въ ней при 12000-мъ населеніи м-ка и громадной окрестности”. Да 9 тысяч насельніцтва Петрыкава Неербург верагодна дадаў людзей, што наведвалі мястэчка сязонна (плытагоны, гандляры, будаўнікі) і жыхароў навакольных вёсак. Узнікае пытанне: дык за які кошт горад буйнеў? Натуральны гэты быў прырост, ці колькасць жыхароў расла дзякуючы прыбываючай працоўнай сіле?

Тут доктар Неербург пазначае: за 1910-1911 год прырост насельніцтва склаў 2,7% у праваслаўных і 4,3% – у іўдзеяў, што ў агульнай лічбе – 298 чалавек. Гэта, зразумела, статыстыка толькі за 2 гады, але пры самых простых падліках, такі прырост за 15 гадоў плюсаваў насельніц-тву каля 2,3 тысячы чалавек. Пэўна яшчэ да тысячы чалавек прыбыло сюды за адзначаны час з іншых населеных пунктаў.

Так ці інакш, за паўтара дзясяткі гадоў Петрыкаў прыбавіў да 3,5 тысячы чалавек і вырас у 1,5 разы. Але якіх памераў павінен быў быць населены пункт, калі забудова ў той час была ў пераважнай большасці драўлянай і аднапавярховай?

З усходу мяжа Петрыкава сканчалася ў раёне сучаснага лясгасу, бо да могілак ад мястэчка трэба было прайсці яшчэ паўвярсты. Яўрэйскія могілкі былі на адлегласці каля дзвюх вёрстаў. Хутчэй за ўсё, мяжа мястэчка тут была плаваючай, але пралягала недзе на ўзроўні вуліцы Бумажкова. А з заходняга боку, па вуліцы Макарыцкай (менавіта так у дакуменце была пазначана сучасная Камунальная), завітаўшых у Петрыкаў сустракаў будынак гарадскога 4-класнага вучылішча, дзе зараз знаходзіцца першая гарадская школа. Здаецца дзіўным, што тагачасныя 8,5-9 тысяч жыхароў пражывалі на тэрыторыі ўтрая меншай за сучасную. Але трэба разумець, што падворкі ды і хаты на той час былі значна меншыя, а шчыльнасць больш высокая – у адной домагаспадарцы месцілася каля 8-10 чалавек. Не было шырокіх вуліц і месцаў грамадскага адпачынку, кшталту дзіцячых пляцовак, сквераў і паркаў. Дык што, трэба меркаваць, што Петрыкаў тады ўяўляў сабою вялікую вёску?

Складана параўноўваць з часам сучасным. Так, не было бальніцы, брукаваных вуліц і ліхтароў, але некаторыя факты падказваюць, што жыццё тут ішло не так ужо і сумна. Шэсць школ рознага кшталту навучалі мясцовых дзетак пісьменнасці, друкарня з яскравай назвай “Культура”, некалькі гасцініц, а якая была фотастудыя! Паміж Петрыкавам і вёскай Макарычы існаваў яшчэ адзін пункт на карце… Пра ўсё гэта я распавяду вам ў наступны раз.

Прагульваўся Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о