А мы працягваем свой інтэрактыўны шпацыр па вуліцах нашага горада. Вашай ўвазе, паважаныя чытачы, мы прапануем паглядзець, як выглядаў і змяняўся Петрыкаў на працягу больш ста гадоў.
Праглядваючы архівы мясцовых краязнаўцаў нам трапляліся фотакарткі, на якіх сціплым надпісам былі пазначаны даты 1903, 1909, 1910. Мусіць, гэта першыя вядомыя фотаздымкі нашага краю. Але дакладна сказаць, што менавіта было адлюстравана на здымках, ці сапраўды яны належаць да пазначаных гадоў і мясцін складана з-за адсутнасці подпісаў.
Тэарэтычна, адным з першых вандраваць па Петрыкаўшчыне з фотаапаратам паміж 1906-1910 гадамі мог вядомы беларускі фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. Дакладна вядома, што ў гэты час ён падарожнічаў з экспедыцыяй па Мазырскім павеце, але яго здымкі, на жаль, не трапілі пакуль у адкрытае карыстанне і знаходзяцца ў музейных фондах Санкт-Пецярбурга.
Следам за Сержпутоўскім на Палессі з 1912 года пачынае працаваць этнограф Ісаак Сербаў. Менавіта яму належаць першыя дакладна датаваныя і лакалізаваныя фотаздымкі Петрыкава і шэрагу іншых гарадоў, вёсак і мястэчкаў. Нягледзячы на тое, што даследчык выкарыстоўваў для фіксацыі рэчаіснасці новы метад – фатаграфаванне, падыход да арганізацыі здымачнага працэсу ў Ісаака Сербава быў далёка не дылетанцкі.
Ён выдатна разумеў сваю фатаграфічную мэту – паказаць беларусаў у найбольш поўным сусвеце іх рэчаіснасці. Гэта даследчыку, на мой погляд, выдатна ўдалося. Рэалізаваць сваю задуму фатограф здолеў дзякуючы, па-першае, шырокай геаграфіі даследванняў. Сербаў здолеў наведаць і зафіксаваць выявы амаль ста населеных пунктаў Цэнтральнай і Паўднёвай Беларусі, надрукаваўшы ў рэшце як мінімум каля паўтары тысячы картак. Па-другое, фатограф удумліва падыходзіў да працэсу, працуючы не сітуацыйна, а па загадзя прадуманым плане. Менавіта таму здымкі адзначаюцца сваёй разнастайнасцю. Аўтар фатаграфаваў не толькі карэнных жыхароў у нацыянальных строях, а чаргаваў такія здымкі з выявамі прылад працы, традыцыйнай архітэктуры, вуліц населеных пунктаў. У аб’ектыў даследчыка трапілі і традыцыйныя заняткі палешукоў, і адметныя падзеі. Як сапраўдны даследчык, Сербаў суправаджаў кожны фотадакумент змястоўным подпісам, да кожнай серыі здымкаў аўтар дадаваў яшчэ і нататкі пра чарговы населены пункт, яго агульны выгляд, атмасферу месца і ўражанні ад наведвання.
Праглядваючы фотаздымкі з Петрыкава, можа скласціся ўражанне, што фатограф не надаў значнай увагі мясцоваму асяроддзю – маўляў, сфатаграфаваў некалькі гарадскіх сюжэтаў, жывёлу, што прадавалі на кірмашы і на гэтым працу скончыў. Але калі паразважаць, з зафіксаваных рэаліяў гаспадарчага жыцця палешука, гандлю прысвечаны хіба што толькі петрыкаўскі цыкл здымкаў. Але ж пра ўсё па парадку.
Ваяж даследчыка пачаўся 8 чэрвеня з Бабруйскага павету, у ліпені Ісаак Абрамавіч дабраўся да Палесся. Пасля наведвання Турава фалькларыст тэрмінова спяшаўся ў Петрыкаў, і невыпадкова. Справа ў тым, што менавіта тут у той час адбывалася самая чаканая і адметная падзея не толькі для Петрыкаўскай, але і ўсіх суседніх воласцяў.
Вядома, што ў Петрыкаў Сербаў прыбыў не раней за 20 ліпеня, калі ў нашым мястэчку праводзіўся Іллінскі кірмаш. Вось як этнограф узгадвае сваю вандроўку: “Петрыкаў – адно з найлепшых палескіх мястэчак, займае высокую дзюнную насып на левым беразе Прыпяці. Аб велічыні мястэчка можна меркаваць па тым, што яно налічвае звыш тысячы дамоў і дзевяці тысяч жыхароў. Кірмашовы з’езд у ім бывае вельмі вялікі: палешукі прыганяюць на продаж сваіх валоў, цыгане прыводзяць коней, яўрэі прывозяць “красны” тавар. Мне хацелася зняць гэты палескі кірмаш як мага шырэй, але паліцыя перашкодзіла. У самы гарачы момант працы ўраднік арыштаваў мяне з фатаграфічным апаратам і пад канвоем адправіў да прыстава. Давялося з ўсімі прыладамі крочыць па сыпучых пясках вярсты 2,5 за мястэчка. Прыстаў хутка адпусціў мяне і дазволіў працаваць далей. Але ўсё ж удалы час для маментальнага фатаграфавання мінуў, а сам настрой знік. Таму кірмашовыя сцэны атрымаліся не такімі поўнымі і разнастайнымі”.
Сапраўды, здымкі Ісаака Сербава здаюцца нібы перад і пасляпадзейнымі, а ў серыі адсутнічае сюжэтная кульмінацыя. Але і па гэтых выявах можна зрабіць пэўныя высновы.
На былым поплаве, пад мысам, дзе знаходзіцца сучасны парк і Мікалаеўская царква, пачынаўся кірмаш. Гэта пляцоўка была абрана невыпадкова – менавіта на гэтае прасторнае месца, каб не забруджваць горад, зганялі на гандаль жывёлу. Верагодна тут жа і адбываліся буйныя здзелкі – калі людзі заключалі паміж сабой дамовы куплі-продажу статка кароў, вялікай колькасці сена ці гародніны.

Петрыкаўспектыва. Частка 2
Трэба меркаваць, што Сербаў прыбыў на кірмаш даволі рана, бо адна з панарамных фотакартак петрыкаўскага кірмашу была зроблена яшчэ пры невялікай колькасці людзей, у той час як наступныя зафіксавалі натоўпы спажыўцоў. Даследчыка можна зразумець, ён дзейнічаў як сапраўдны фотакарэспандэнт – зрабіў агульны фотаздымак месца да пачатку падзеі. У гэтым заўсюды ёсць свой плён: ніхто не перакрывае праекцыю, ніхто не мітусіцца перад дзіваком з камерай і не задае пытанняў. Можна толькі пазайздросціць, як фатограф пабудаваў перспектыву здымка, стварыўшы адразу чатыры планы. На пярэднім – сядзіць цыганка, якая нібы чакае наведвальнікаў кірмаша, трохі далей стаяць пустыя падводы, што ў хуткім часе напоўняцца таварамі, за імі – хаты гараджан а агульны план распавядае нам пра мясцовасць – мыс, што высіцца на далінай Прыпяці, на вяршыні якога размешчана Мікалаеўская царква. Звяртаем вашую ўвагу, паважаныя чытачы, у кнізе “Памяць”, што прысвечана Петрыкаўскаму раёну, пад гэтым дата пазначана памылкова замест 1925 года трэба разумець 1912.
Падымаючыся да цэнтра горада, кірмаш змяняў свой характар. На месцы сучаснай плошчы гандлявалі рознымі таварамі: адзеннем, абуткам, прадуктамі харчавання. Тут адбываліся кірмашовыя забавы. У карчмах за чаркай гарэлкі адзначалі танныя набыткі, а духоўныя людзі спяшаліся да царквы, каб падзякаваць Богу за ўдалы гандаль і папрасіць добрай дарогі дадому.

Петрыкаўспектыва. Частка 2
Апошні сюжэт як раз і быў адлюстраваны Ісаакам Сербавым. Больш за тое, здымак стаў адной з самых вядомых работ аўтара і трапіў у шэраг выданняў. Подпіс аўтара кароткі, але інфармацыйны: “Возле церкви. Слепецъ Степанъ Галецъ с лирой”. Фасад будынку на другім плане дазваляе дакладна вызначыць месца перад капліцай Свята-Уваскрасенскай царквы – менавіта там кладка мае ўпрыгожванні ў выглядзе ромбаў, упісаных у квадраты. Нагадаем, на той час Уваскрасенская царква была самай высокай пабудовай горада, а аздабленне храма дазваляла яму нароўных спрачацца па багацці і прыгажосці, як казаў сучаснік Гогалеў, з саборамі ўезных гарадоў.

Петрыкаўспектыва. Частка 2
На жаль, нядоўга людзі маліліся ў храме. З прыходам савецкай улады службу забаранілі. У 1929 годзе царкоўныя званы былі зняты, а памяшканне царквы ператварылі ў клуб. Але і на гэтым ні маральныя, ні матэрыяльныя страты не скончыліся – камуністам паказалася мала і ўзімку паміж 1956-1957 гадамі храм ўзарвалі. Наша чытачка і аўтарка Ніна Ачапоўская ўзгадвае: “У той зімовы дзень шмат сабралася людзей непадалёку ад сабора. Тэрыторыя на прылеглых вуліцах была пад аховай міліцыі. Жывы ланцуг аховы быў даволі шчыльны. Людзі стаялі моўчкі”. Дарэчы, у архіве рэдакцыі ёсць апошні жудасны здымак царквы, на якім праз імгненне пасля ўзрыву асоўваецца званіца храму. Гэтая картка выклікае шмат пытанняў і думак, якімі мы падзелімся ў наступнай рэтраспектыўнай вандроўцы.

Прагульваўся і рыхтаваў фотакалажы Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о