Петрыкаўшчына  вызначыла “Містара-Х”

Сапраўднае шоу талентаў прайшло ў Петрыкаве ў мінулую суботу. Гледачоў і ўдзельнікаў ва ўрачыстай зале РДК сабраў маладзёжны конкурс “Містэр-Х”, прысвечаны святу Дзень Абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. 7 юнакоў Петрыкаўшчыны, навучэнцаў устаноў адукацыі змагаліся за пераможнае месца, дэманструючы свае акцёрскія, музычныя, танцавальныя здольнасці журы і гледачам.
Згодна з палажэннем конкурсу, хлопцы павінны былі праявіць сябе ў некалькіх этапах: расказаць пра сябе пры дапамозе візітнай карткі “Цік-Ток”, праявіць акцёрства ў “Хвіліне славы”, любоў да Радзімы – у праекце “Каб памяталі…”, прымеркаваным да Года гістарычнай памяці, а ў этапе “Мой кумір” – прадэманстраваць выяву любога героя.
Гучныя апладысменты атрымалі канкурсанты за творчыя нумары: тут юнакі спрабавалі свае таленты ў розных жанрах: гралі на барабанах, вальсіравалі, ставілі сцэнкі, рабілі акцёрскія замалёўкі.
Агучым вынікі конкурсу. Намінацыю “Містар усмешка” атрымаў навучэнец Брынёўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Арсеній Насека, намінацыю “Містар арыгінальнасць” – Васіль Журавель з Камаровіцкай сярэдняй школы, “Містар крэатыў” – вучань з сярэдняй школы № 1 Павел Навічэнка, “Містар артыстычнасць” – Іван Таргонскі са Смятаніцкай сярэдняй школы.
Раман Герасіменка з Мышанскай сярэдняй школы быў узнагароджаны ў намінацыі “Містар сімпатыі журы”. У намінацыі “Віцэ-містар-Х” перамог вучань з гімназіі Уладзіслаў Міцура. Пераможцам конкурсу стаў вучань сярэдняй школы № 2 Яраслаў Іваноў.

Шчыра віншуем удзельнікаў з перамогай, дзякуем за такое цікавае і арыгінальнае мерапрыемства БРСМ і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Спадзяемся, вы атрымалі такое ж задавлальненне ад конкурсу, як і мы. Больш фота глядзіце на нашым сайце і ў сацыяльных сетках.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о