Гомельскія актывісты просяць усіх неабыякавых людзей, якія жадаюць ушанаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў лічбавым фармаце, дапамагчы

Да нас у рэдакцыю звярнулася Кацярына Волчак, дэпутат Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, з просьбай праінфармаваць жыхароў Петрыкава і раёна пра тое, што з лютага 2021 года пачынае працу гістарычная платформа “DOC-цэнтр “Тапаграфія памяці”.

Петрыкаўшчына, патрэбна твая падтрымка!– Пачну з таго, што наша каманда прыняла ўдзел у міжнародным гістарычным хакатоне #Hack4history, які праходзіў у мінулым годзе ў Мінску.
У хакатоне прымалі ўдзел каманды гісторыкаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў музеяў, прадстаўнікоў профільных НКО і IT-сектара з Беларусі, Украіны, Германіі і Расіі.
Тэма міжнароднага гістарычнага хакатона #Hack4history – сучасныя тэхналогіі і IT-рашэнні ў гістарычнай адукацыі, папулярызацыя месцаў памяці і музеяў для моладзі пра Другую сусветную вайну.

Па выніках хакатона журы выбрала 4 праекты-пераможцы, кожны з якіх атрымаў фінансаванне на дапрацоўку ідэй да паўнавартасных прадуктаў. У ліку пераможцаў – наша каманда з ідэяй стварэння анлайн-платформы “DOC-цэнтр “Тапаграфія памяці”.
А цяпер падрабязней пра праект.
– Мы прапанавалі стварыць анлайн-платформу, якая дазволіць увекавечыць памяць пра герояў без зброі – мірных жыхароў, якія пацярпелі ад рук нацысцкіх злачынцаў у гады Другой сусветнай вайны. Гэта гісторыі закатаваных, забітых, сагнаных мірных жыхароў, якія хацелі жыць, будаваць планы, але іх суровым выпрабаваннем сталі гады акупацыі. Мы жадаем расказаць пра чалавека і чалавечнасць у гады нялюдскасці!

Петрыкаўшчына, патрэбна твая падтрымка! Петрыкаўшчына, патрэбна твая падтрымка!Зараз мы працуем над аблічбоўкай матэрыялаў пра раённыя цэнтры былой Палескай вобласці. У ліку першых – пра жыхароў гарадскога пасёлка Капаткевічы: фотаздымкі загінуўшых, сагнаных у лагеры, гісторыі пра людзей, відэа і аўдыё нашчадкаў загінулых, дакументы і лісты. Гэта матэрыялы, якія дапамогуць захаваць памяць, гісторыю звычайнага чалавека.

У цяперашні час платформа знаходзіцца ў стадыі напаўнення і тэставання і ў лютым павінна пачаць сваю паўнавартасную працу.

Платформа “DOC-цэнтр “Тапаграфія памяці” стане своеасаблівай анлайн-кнігай памяці, бо на ёй будуць размешчаны архіўныя дакументы, навучальныя матэрыялы, віртуальныя выставы, якія дазволяць захаваць памяць. Менавіта таму для нас важная сувязь з неабыякавымі педагогамі, работнікамі культуры і музеяў, сведкамі падзей, нашчадкамі. Мы хочам, каб людзі маглі захаваць памяць праз публікацыю сямейных гісторый.

Наша каманда – гэта дырэктар Майстэрні інавацыйных тэхналогій Уладзімір Александронец, IT-эксперт Антон Савянок, дырэктар Музея гісторыі горада Гомеля Юлія Купрэева.

– Я прымаю актыўны ўдзел у стварэнні платформы, таму што Петрыкаўская зямля мне блізкая, – падзялілася Кацярына Волчак. – Па бацьку род з Камаровічаў, мой дзед працаваў у Навасёлках, многія родныя жывуць у Капаткевічах, Камаровічах.
– Калі ў вашых сем’ях захавалася гісторыя і памяць, – паведаміла суразмоўца, – звяжыцеся з намі і пра вашу гісторыю даведаюцца тысячы людзей, бо важна памятаць мінулае і не паўтараць памылак.

Мы чакаем вашых лістоў і паведамленняў. Пошта: katarrinna@mail.ru, studio.inntech@gmail.com. Тэлефон: +375(29)172- 32- 37.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о